А ці чулі вы пра яе шкоднасць? А пра карысць? Спажываеце пастаянна? Не п’яце ніколі, нават калі натуральнай ніхто не прапануе, а кавы хочацца так, што вушы ў трубачку скручваюцца?! 🙂 Спакойна вып’еце і тое, і другое, і «тры ў адным»?!
Я да апошніх адношуся. Бо, да ўсяго, падтрымліваю вядомае: «І які ж журналіст без кавы?!» 🙂 Эх, колькі ж яе выпіта, рознай, за амаль 20 гадоў працы па спецыяльнасці – не злічыць! Залежнасць?! Відаць, ёсць. Хаця…
Памятаю (і распавядала ўжо тут неяк, здаецца), як у 2010-м збіралася адпачываць у Паланзе. Набрала з сабою кавы «тры ў адным» і… За тры тыдні не скарысталася ніводным пакецікам! І ніхто ж не замінаў, не стрымліваў, не казаў, што шкодна. Проста не хацелася…
Дарэчы, толькі зараз, распрацоўваючы, так бы мовіць, тэму, даведалася пра цікавы факт. Калі ў распушчальную каву дадаць пару-тройку кропель лімоннага соку альбо мёду, дык смак напою наблізіцца да натуральнай кавы элітных гатункаў. Трэба будзе абавязкова праверыць!
Зрэшты, памятаю, адзін час проста піла распушчальную каву з мёдам. Свежым. Праўда, не дадавала ў напой, а ўпрыкуску. І вельмі смачна было… Незвычайна…
Паколькі ў нашай распушчальнай кавы сёння дзень народзінаў, значыць, будзем казаць пра імянінніцу толькі добрае. Ну, ці пераважна – добрае… Згодныя?! 🙂
І найперш прыгадаем пра хуткасць прыгатавання, з якой можа справіцца нават дзіця. Насыпаў, заліў – пі! 🙂 Асабіста я ў апошнія гады стараюся спажываць не парашок (ім у свой час «абпілася» ў рэдакцыі раённай газеты, дзе працавала 13 гадоў! 🙂 ), а грануляваную альбо субліміраваную распушчальную каву з даданнем натуральнай. З радасцю ўбачыла на адным сайце, што той гатунак і марка, якія прыйшліся даспадобы, лічацца аднымі з лепшых. Хаця не выключаю, што на іншым сайце на іх будуць найбольш наракаць. 🙂 Тут ужо давяраю не даследаванням, а ўласным адчуванням.
А ці ведаеце вы, што ў якаснай распушчальнай каве ўтрымліваецца меней кафеіну, чым у натуральнай? А калі яшчэ дадаць малака… Хаця такая «страва», як кава з малаком, таксама выклікае шмат пытанняў і спрэчак… Але такі напой, сцвярджаюць даследчыкі, могуць піць нават тыя, хто церпіць ад павышэння артэрыяльнага ціску і пры гэтым не мае сіл зусім адмовіцца ад кавы.
Зрэшты, усё вельмі індывідуальна. Бо калі я, напрыклад, адчуваючы павышэнне ціску, усё ж вып’ю распушчальнай кавы з малаком… Услед абавязкова давядзецца прымаць таблеткі.
Але ж мы пра добрае, так?! 🙂 Дык вось нават калі з распушчальнай кавы пры яе вытворчасці прыбіраюць шмат чаго карыснага, штосьці застаецца. І нам хапае. Напрыклад, каб пасля кубачка гэтага напою палепшылася канцэнтрацыя ўвагі. І не развівалася клінічная дэпрэсія. Нармалізавалася перыстальтыка кішэчніка. Палепшыліся кагнітыўныя здольнасці. Ну ёсць жа, ёсць жа плюсы! 🙂
Ужо не першы раз сустракаю згадкі пра карысць менавіта распушчальнай кавы для жанчын: яна зніжае рызыку анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Галоўнае – не «перабраць дозу»: да трох кубкаў кавы ў дзень. І менавіта распушчальная кава вымывае меней кальцыю з жаночага арганізму – у адрозненне ад натуральнай.
І для мужчын ёсць таксама індывідуальныя плюсы: такая кава дапамагае вызваляць аксітацын – гармон шчасця. А значыць, мінус дэпрэсія! І сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія выклікаюцца негатыўнымі перажываннямі. Норма тая ж – да трох кубкаў у дзень.
Не трэба забывацца таксама пра мачагонны эфект распушчальнай кавы. Атрымліваецца, што яна выводзіць лішнюю вадкасць з арганізма і здымае ацёкі. Плюс, як і натуральная, утрымлівае антыаксіданты, якія паляпшаюць стан сасудаў і станоўча ўплываюць на падтрыманне маладосці арганізма.
Мінусы распушчальная кава таксама мае. Але пра іх – наступным разам. А сёння проста… Смачна піць! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!