У Беларусі, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2018 год, зарэгістравана 4 тысячы 342 пацыенты, у якіх дыягнаставаны рассеяны склероз (распаўсюджанасць 56,7 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва). Па паказчыку распаўсюджанасці Беларусь адносіцца да зоны высокай рызыкі.
Рассеяны склероз з'яўляецца хранічным аўтаімунным захворваннем. Пры яго прагрэсаванні агрэсіўныя імунныя клеткі не толькі пашкоджваюць міелінавую абалонку адросткаў нейронаў (нервовых клетак), але і прыводзяць да гібелі саміх клетак. У выніку гэтага парушаецца сіла ў руках і/або нагах, церпіць каардынацыя рухаў, адчувальнасць, функцыя тазавых органаў, пагаршаецца зрок. Паступова чалавек губляе здольнасць кіраваць сваім целам.
У групе рызыкі развіцця захворвання – маладое насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, прычым жанчын сярод іх у два разы больш. Разам з тым, у мужчын рэгіструецца больш выпадкаў першасна-прагрэсуючага РС (адзін з тыпаў цячэння рассеянага склерозу, які можа хутка прывесці да інваліднасці).
Пра сімптомы і дыягностыку рассеянага склерозу Слушна распавяла старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Ганна Буняк.
Сімптомы рассеянага склерозу
РС – захворванне-«хамелеон». Яно мае шмат клінічных праяў. Часам пры першых сімптомах хваробы практычна немагчыма западозрыць пачатак захворвання.
З чаго можа пачынацца рассеяны склероз:
- раптоўна знік зрок на адно вока ці з'явілася «расплывістая пляма» перад вачыма, асабліва ў асобаў маладога ўзросту. Афтальмолагі ў такіх выпадках часцей ставяць дыягназ «рэтрабульбарны неўрыт», але гэта можа быць таксама першы эпізод РС;
- хісткасць і няўпэўненасць пры хадзе, дрыгаценне рук, галавы;
- няёмкасць ці слабасць адной або абедзвюх рук, ног ці асобна кісці, ступні. Пры гэтым можа быць цяжкасць пры пісьме, наборы тэксту на камп'ютары і выкананні дробнай маторыкі;
- парушэнне адчувальнасці ў выглядзе зніжэння ці, наадварот, узмацнення да хваравітых адчуванняў у руках, нагах, тулаве, якія захоўваюцца не менш за 24 гадзіны. Гэтыя парушэнні па першым часе могуць праходзіць самастойна. Калі ж падобныя сімптомы з'явіліся і паступова распаўсюджваюцца ўверх, дык варта абавязкова звярнуцца да неўролага;
- хвароба можа пачынацца з уралагічных праблемаў (частыя пазывы да мочаспускання або неўтрыманне мачы, затрымка мачы і стулу). Пацыент звяртаецца да ўролагаў, праходзіць курс лячэння. Разам з тым, з такіх праблемаў можа пачынацца РС;
- парушэнне памяці ў выглядзе цяжкасцяў запамінання і ўзнаўлення інфармацыі, складанасці пры канцэнтрацыі ўвагі; трывожна-дэпрэсіўныя парушэнні;
- яшчэ адзін сімптом, які можа сведчыць пра пачатак хваробы, – павышаная стамляльнасць. Часта пацыент не можа дакладна апісаць свае адчуванні, скардзіцца на заняпад сіл, слабасць, зніжэнне працаздольнасці. Нярэдка ад пацыентаў можна пачуць, што нават пасля паўнавартаснага начнога сну яны адчуваюць сябе стомленымі. Падобны стан вельмі моцна зніжае якасць жыцця. Дарэчы, 80-90% пацыентаў з рассеяным склерозам маюць у анамнэзе гэты сімптом;
- да сімптомаў рассеянага склерозу, якія сустракаюцца рэдка, адносяцца параксізмальныя станы ў выглядзе адключэння свядомасці з сутаргамі або без іх. У падобнай сітуацыі верагодны іншы дыягназ, а на этапе дыферэнцыяльнай дыягностыкі (спосаб дыягностыкі, які выключае не падыходзячыя па сімптомах захворванні) дапамагае метад МРТ галаўнога мозгу.
Пацыентам з пералічанымі станамі рэкамендуецца звярнуцца па кансультацыю да ўрача агульнай практыкі па месцы жыхарства, які накіруе да неўролага. Урач гэтай спецыялізацыі з улікам клінічных праяў захворвання прымае рашэнне аб прызначэнні далейшых даследаванняў, у тым ліку МРТ спіннога і галаўнога мозгу.
Дыягностыка рассеянага склерозу
Зараз дыягнастычныя мерапрыемствы выконваюцца згодна з крытэрыямі Макдональда 2017 года перагляду, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце. Іх мэта – спрасціць і паскорыць пастаноўку дыягназу.
Чым хутчэй дыягнаставанае захворванне, тым раней будзе прызначаная тэрапія лекавымі сродкамі мадыфікаванага рада, да якіх адносяцца прэпараты, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу. Іх выкарыстанне запавольвае прагрэсаванне хваробы, скарачае колькасць абвастрэнняў, памяншае актыўнасць аўтаімуннага запаленчага працэсу ў галаўным і спінным мозгу, а таксама зніжае інвалідызацыю пацыентаў.
МРТ
Дыягностыка рассеянага склерозу грунтуецца на наяўнасці клінічных праяў захворвання, перыядычнасці іх развіцця (гэта важна і пры далейшым вызначэнні тыпу цячэння РС), а таксама выніках МРТ галаўнога і спіннога мозгу.
На этапе пастаноўкі дыягназу МРТ галаўнога і спіннога мозгу (шыйнага і верхне-груднога аддзела) з кантраставаннем трэба рабіць некалькі разоў з прамежкам паміж абследаваннямі каля 3 месяцаў. Гэта неабходна для таго, каб спецыялісты маглі ў дынаміцы вызначыць, ці ёсць павелічэнне колькасці ачагоў дэміелінізацыі, ці змяніліся іх памеры, ці назапашваюць ачагі кантраснае рэчыва.
Як патлумачыла суразмоўца, ачагі дэміелінізацыі ў галаўным і спінным мозгу могуць выяўляцца пры розных захворваннях. Пры рассеяным склерозе яны маюць пэўныя памеры, размяшчэнне, асаблівасць назапашвання кантраснага рэчыва, якое ўводзіцца ўнутрывенна. Пры рассеяным склерозе кантраснае рэчыва назапашваецца па контуры ачага ў выглядзе разарванага кольца.
МРТ важна выконваць на апараце магутнасцю не менш за 1,5 ТЭСЛА. Пры наступных даследаваннях апарат пажадана выбіраць з аднолькавымі тэхнічнымі характарыстыкамі.
На прыёме ў неўролага
Магчымыя пытанні, якія можа задаваць неўролаг на прыёме пры зборы анамнэзу захворвання і падазрэнні на рассеяны склероз:
- ці былі ў вас эпізоды змены стану здароўя, якія ўзнікаюць востра, асабліва пасля перанесенай віруснай інфекцыі, стрэсавай сітуацыі? Напрыклад, знізіўся зрок на адно вока да слепаты, рэзка з'явілася дваенне, галавакружэнне, хісткасць пры хадзе, якія захоўваліся не менш за 24 гадзіны. Часам пры гутарцы з пацыентам высвятляецца, што падобныя парушэнні былі шмат гадоў таму, шчасна прайшлі на фоне лячэння і чалавек пра іх проста забыўся.
- ці ёсць парушэнні пры хадзе і якія? Напрыклад, пацыент адзначае, што раней ён мог без праблем прайсці 4-5 км, а цяпер ужо праз 500 метраў хочацца спыніцца, адпачыць, з'яўляецца цяжар і пачуццё «сцягвання» ў нагах.
Тыпы цячэння РС
У залежнасці ад таго, як працякае захворванне, вылучаюць некалькі тыпаў цячэння РС:
Рэцыдыўны рэмітуючы РС. Абвастрэнні ў выглядзе з'яўлення новай клінічнай сімптаматыкі чаргуюцца з рэмісіямі. Перыяд паляпшэння стану можа доўжыцца месяцы і нават гады. Такое цячэнне РС найбольш спрыяльнае. Разам з тым, пры адсутнасці мадыфікаванага лячэння ён можа пераходзіць у другасна-прагрэсавальны тып цячэння РС.
Другасна-прагрэсавальны тып цячэння РС. Спачатку ідзе перыяд чаргавання абвастрэнняў і рэмісій, а затым наступае прагрэсаванне хваробы. Пры гэтым магчымыя эпізоды рэзкага пагаршэння стану. У іншых выпадках ідзе павольнае развіццё хваробы без перыядаў паляпшэння і абвастрэнняў з паступовым нарастаннем неўралагічных сімптомаў.
Першасна-прагрэсавальны тып цячэння РС. З першага эпізоду захворвання ідзе паступовае нарастанне неўралагічнай сімптаматыкі, без дакладных перыядаў абвастрэння і рэмісіі. Пры першасна-прагрэсавальным тыпе цячэння РС заўсёды пакутуе спінны мозг. Хвароба паступова прагрэсуе. Такі тып цячэння РС найбольш цяжка паддаецца тэрапіі.
Вылучаюць яшчэ клінічны ізаляваны сіндром (першы клінічны эпізод захворвання) і радыелагічны ізаляваны сіндром (ёсць змены на МРТ галаўнога або спіннога мозгу, характэрныя для РС, але няма клінічных праяў). Як правіла, такія пацыенты назіраюцца неўролагамі. Як правіла, ім прызначаюць МРТ галаўнога мозгу праз 3-6 месяцаў. Пры наяўнасці адмоўнай дынамікі ёсць падстава для дыягназу «рассеяны склероз».
Лячэнне рассеянага склерозу
Тэрапія рассеянага склерозу падзяляецца на лячэнне абвастрэнняў, сімптаматычную тэрапію і лячэнне, якое змяняе цячэнне захворвання. Цяжэй за ўсё паддаецца тэрапіі першасна-прагрэсавальны РС.
Лячэнне абвастрэнняў мае на ўвазе прымяненне глюкакартыкастэроідных гармонаў, абменнага плазмафарэзу.
Пасля стабілізацыі стану пацыента ў перыяд рэмісіі абмяркоўваецца пытанне аб прызначэнні лекавых сродкаў. Як правіла, яны прызначаюцца не раней, чым праз 1 месяц пасля заканчэння курсу гармонаў.
Пры лячэнні рассеянага склерозу існуе паняцце «time is brain» («час-мозг»). Гэта значыць, што чым раней пачатае лячэнне прэпаратамі, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу, тым пазней надыходзіць атрафія мозгу, захоўваюцца нейроны.
Ацэнка эфектыўнасці гэтых прэпаратаў залежыць ад шкалы EDSS (метад ацэнкі неўралагічных паражэнняў пры РС). Найбольш дзейсны адказ на прэпараты пры шкале EDSS да 3 балаў.
Прэпараты, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу, даюць магчымасць кантраляваць цячэнне РС, але не вылечваюць яго.
Пра эфектыўнасць такой тэрапіі сведчаць запавольванне прагрэсавання захворвання, памяншэнне частоты абвастрэнняў, зніжэнне актыўнасці працэсаў па МРТ галаўнога і спіннога мозгу (памяншэнне колькасці актыўных ачагоў). Гэта дазваляе спыніць прагрэсаванне захворвання, знізіць інвалідызацыю пацыентаў, а значыць, захаваць іх якасць жыцця і сацыяльную ўцягнутасць.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць на сайце roche.by.
Інфармацыя па рассеяным склерозе даступная таксама на сайце пацыенцкай арганізацыі дапамогі людзям з РС (тэлефон +375 17 396 75 58).
https://bel.24health.by/yak-zhyc-z-rasseyanym-sklerozam-chalaveku-patrebnaya-nadzeya/