Site icon Слушна

Расшыфроўка аналізаў анлайн: як працуе гэтая бізнэс-ідэя

Больш за год таму ў Беларусі з'явіўся анлайн-сэрвіс па захаванні і расшыфроўцы лабараторных аналізаў – labmap.me. Пацыенты рэгіструюцца на сайце, высылаюць вынікі аналізаў, пасля чаго яны апрацоўваюцца ў паўаўтаматычным рэжыме і на канчатковым этапе правяраюцца ўрачамі-кансультантамі. Праз некалькі гадзін пацыент атрымлівае вынікі расшыфроўкі ў свой асабісты кабінет. Кліенты таксама выкарыстоўваюць сэрвіс для захоўвання медыцынскіх аналізаў. На дадзены момант апрацавана больш за 10 000 аналізаў. У снежні мінулага года стартап стаў рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, што кажа пра яго актуальнасць і перспектыўнасць.

Што трэба для старту, развіцця і ўстойлівасці такога бізнэсу? Заснавальнік праекта, прадпрымальнік з Гродна Максім Кажына назваў галоўныя складнікі.

Аналізы. Максім Кажына.

Каманда

Гэты бізнэс можна пачынаць і без фінансавых выдаткаў, упэўнены прадпрымальнік:

– Я пачынаў як ІП з нуля. У камандзе быў адзін праграміст і ўрач-кансультант. На пачатку быў створаны просты чат-бот у Telegram, аплата ішла праз аплатную сістэму, падключаную да месэнджараў. Калі аб'ёмы заказаў пачалі расці і спатрэбілася прыцягненне большай колькасці кансультантаў, мы зарэгістравалі ТАА, нанялі праграмістаў, знялі офіс. На гэтыя выдаткі ў нас ужо былі назапашванні.

Зараз у штаце працуе 10 чалавек, з іх 7 урачоў-кансультантаў (сваю працу ў нас яны сумяшчаюць з асноўнай урачэбнай дзейнасцю). Зараз да нас паступае каля 500 запытаў у месяц. Нашы кансультанты цалкам спраўляюцца з гэтым аб'ёмам, паколькі працэс максімальна аўтаматызаваны.

Галоўны кансультант праекта – Ірына Курстак, урач лабараторнай дыягностыкі, кандыдат медыцынскіх навук, старшы выкладчык кафедры клінічнай лабараторнай дыягностыкі і імуналогіі, намеснік дэкана лячэбнага факультэта ГрДМУ.

– Ірына Андрэеўна адказвае за якасць працы сэрвісу, і гэтым мы адрозніваемся ад цалкам аўтаматызаваных праектаў рунэту, якія выдаюць вельмі агульную, павярхоўную інфармацыю, – тлумачыць Максім Кажына. – Канцэпцыя нашага стартапу ў тым, каб простай мовай растлумачыць людзям вынікі іх аналізаў. Попыт на гэта вялізны, бо патэрналісцкая медыцына, калі ўсё залежыць толькі ад урача, сыходзіць у мінулае, пацыенты ўжо гатовыя несці адказнасць за сваё здароўе. А для гэтага патрэбна поўная і аператыўная інфармацыя.

Урачу часам складана арыентавацца ва ўсіх нюансах і сачыць за навінкамі лабараторнай дыягностыкі, у яго няма часу падрабязна распавядаць пра вынікі аналізаў пацыенту. Наш сэрвіс запаўняе гэты прабел.

Мы даем людзям расшыфроўку на 3-5 лiстах, даступна расказваем, пра што кажа той ці іншы паказчык. Пры расшыфроўцы сістэма ўлічвае такія фактары, як прыём лекавых прэпаратаў, спадчынныя і хранічныя захворванні, індывідуальныя асаблівасці арганізма, паказчыкі ў дынаміцы і г.д. Усё гэта мае вялікае значэнне пры выяўленні сапраўдных прычынаў тых ці іншых змяненняў у аналізах.

Кліент атрымлівае не шаблоннную расшыфроўку, а індывідуальны разбор аналізаў і інфармацыю, на што звярнуць увагу, да якога спецыяліста звярнуцца ў яго канкрэтнай сітуацыі. У кожнай расшыфроўцы мы пішам, што дадзеная інфармацыя не адмяняе вочнай кансультацыі ўрача і нават часам настойліва гэта рэкамендуем.

Аўтарскі прадукт

Саму платформу па апрацоўцы дадзеных стварыць нескладана. Але каб яна зрабілася папулярным сэрвісам, неабходныя аўтарскія напрацоўкі. У дадзеным праекце гэта – уласныя шаблоны анкетаў і адказаў, індывідуальны падыход да запыту. Таму сэрвіс пазіцыянуе сябе як «персанальны асістэнт па аналізах».

– Я сам – выхадзец з медыцынскай сям'і і выдатна ўсведамляю ўсю адказнасць перад людзьмі. Таму ў нас быў сур'ёзны адбор кансультантаў. Без прафесіяналаў такія сэрвісы могуць увесці кліента ў зман ці нават нашкодзіць яму, – падкрэслівае Максім Кажына.

Праект развіваецца, да расшыфроўкі дадалася таксама паслуга па складанні чэкапа – персанальнага спісу аналізаў. Аўтары праекта паспрабавалі зрабіць гэты працэс максімальна зразумелым і простым:

– Возьмем прыклад: чалавек вырашыў праверыць сваё здароўе. На практыцы яму трэба запісацца да тэрапеўта, той прызначыць аналізы і накіруе пацыента да вузкіх урачоў, кожны з якіх прызначыць свае «профільныя» аналізы. Калі чалавек іх здасць, яму зноў трэба ісці да кожнага спецыяліста і даведвацца пра вынікі. Гэта даволі доўгі, затратны, часам стрэсавы шлях.

Мы паспрабавалі яго спрасціць і зрабіць таннейшым. У нашым сэрвісе чалавек запаўняе падрабязную анкету: што баліць, чым харчуецца і іншае. На аснове гэтых дадзеных кансультанты складаюць для яго спіс аналізаў, якія трэба здаць для выяўлення праблемаў або ацэнкі стану здароўя, з тлумачэннямі, для чаго неабходны кожны аналіз, каб чалавек падыходзіў да справы свядома.

Калі мы тэсціравалі гэты сэрвіс, наш праграміст проста для праверкі запоўніў анкету і атрымаў адказ, што ў яго абязводжванне і трэба прайсці аналіз для пацверджання. Ён яго здаў – і аказалася, што ў яго сапраўды ёсць недахоп вадкасці ў арганізме.

Нядаўна мы сталі партнёрамі буйной сеткі дыягнастычных лабараторый, што дазваляе нашым кліентам здаць аналізы са зніжкай, аплаціўшы паслугі лабараторыі на нашым сэрвісе. Далей, калі чалавек хоча расшыфраваць вынікі пройдзеных аналізаў, ён можа тут жа, на сайце, замовіць гэтую опцыю.

Чэкап каштуе 20 рублёў, расшыфроўка – ад 15 рублёў. Максім Кажына тлумачыць, што пры фарміраванні цаны яны арыентаваліся на расійскі рынак:

– Асноўны паток кліентаў у нас з Расіі, дзе праблема хуткай і якаснай расшыфроўкі аналізаў больш вострая: у нас шмат заказаў з аддаленых гарадоў Расіі, дзе людзям з вынікамі лабараторных даследаванняў проста няма да каго схадзіць пракансультавацца.

Ёсць кліенты з Еўропы і ЗША. Па сутнасці, мы арыентуемся на экспарт паслуг (беларусаў у нас меней за 15%). На мой погляд, для Беларусі гэта не так актуальна: нягледзячы на арганізацыйныя праблемы, узровень нашай медыцынскай дапамогі і адукацыі застаецца даволі добрым, што не можа не радаваць.

Партнёрства з лабараторыямі

Для ўстойлівасці анлайн-сэрвісу неабходная кліенцкая база. Тут праекту пашанцавала з партнёрам і галоўным кансультантам. Ірына Курстак – адзін з топавых медыцынскіх Інстаграм-блогераў (@doctor_kurstak): у яе больш за 144 тысячы падпісчыкаў. Першапачаткова рэклама ішла праз гэты блог. Цяпер праект плануе прыцягваць іншых блогераў, практыкаваць кантэкстную рэкламу.

– Адзін з перспектыўных шляхоў – заключаць партнёрства з буйнымі дыягнастычнымі лабараторыямі, якія могуць забяспечыць вялікі паток заказаў, – лічыць Максім Кажына.

Па словах прадпрымальніка, зараз праект працуе ў плюс. Асноўныя выдаткі – 6-7 тысяч рублёў у месяц – ідуць на аплату працы праграмістаў (яны абслугоўваюць, дапрацоўваюць прадукт, падключаюць новыя плацежныя сістэмы) і віртуальнага абсталявання: хостынг, серверы. Бухгалтэрыя– на аўтсорсінгу. ПВТ дае падатковыя льготы.

Маржынальнасць (выручка мінус пастаянныя выдаткі) складае 60%, што для IT-праекта вельмі нядрэнна.У планах аўтараў – стварэнне адукацыйнага праекта LabMapSchool для кансультантаў і ўрачоў лабараторнай дыягностыкі, а таксама ўкараненне машыннага навучання.

Дасканаласць заканадаўства

Праект LabMap прадастаўляе інфармацыйныя паслугі. Ён не з'яўляецца медыцынскім сэрвісам, хаця яго стваральнікі і хацелі б бачыць яго такім. Але пакуль гэта цяжка з-за заканадаўчых прабелаў, удакладняе Максім Кажына:

– Лічбавая медыцына актыўна развіваецца і ўжо даўно выйшла за рамкі нашых заканадаўчых азначэнняў. Для падобных анлайн-сэрвісаў, новых фарматаў лічбавай аховы здароўя неабходна ствараць прававое поле, улічваючы меркаванне тых, хто іх ужо актыўна развівае на практыцы. Неабходны дыялог паміж прадпрымальнікамі і дзяржапаратам. Спадзяемся, што факт уступлення ў ПВТ дапаможа нам гэта рэалізаваць.

Чэк-ліст

Форма Таварыства з абмежаванай адказнасцю
Від эканамічнай дзейнасці Інфармацыйныя паслугі
Першапачатковыя інвестыцыі $ 100
Штомесячныя выдаткі на арэнду памяшкання, віртуальнае абсталяванне, аплата працы праграмістаў 6-7 тысяч рублёў
Маржынальнасць (выручка мінус пастаянныя выдаткі) 60%
Кошт паслуг Чэкап – 20 р.

Расшыфроўка аналізаў – ад 15 р.

Штат 10 чалавек, з іх 7 – урачы-кансультанты
Адносіны з кліентамі афармляюцца дагаворам аферты.

Водгукі кліентаў з сайта

«Расшыфроўка напісана мовай, зразумелай для чалавека, які не мае дачынення да медыцыны. Такога вельмі не хапае ў нашых паліклініках».

«Адсылала аналізы дзяцей, мужа. Вельмі задаволеныя. На жаль, не сустракала яшчэ ні аднаго ўрача, які мог бы даць такую падрабязную кансультацыю па аналізах».

Фота героя публікацыі – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version