Рэабілітацыя – важны этап аднаўлення пасля хваробы і актыўнага лячэння. Але ў адрозненне ад выразных схемаў і стандартаў тэрапіі, тут не ўсё так проста і зразумела. Асабліва, калі справа тычыцца анкалагічных захворванняў. Шмат у чым «размытасць» алгарытму рэабілітацыі абумоўленая індывідуальнымі асаблівасцямі пацыента. З-за іх нельга пэўна прадказаць, што стане штуршком да развіцця злаякаснай пухліны, як адрэагуе арганізм у адказ на лячэнне, на колькі зацягнецца працэс аднаўлення і якія меры будуць спрыяць яго паскарэнню.
Адно зразумела дакладна: без жадання і намаганняў самога пацыента акрыяць пасля агрэсіўнай хваробы і не менш агрэсіўнага лячэння вельмі складана. Менавіта таму ў аднаўленчым перыядзе асноўны ўпор ідзе на актыўную рэабілітацыю, г.зн. комплекс мераў, дзе пацыенту адведзеная галоўная роля. Тут таксама не без асаблівасцяў, якія залежаць ад лакалізацыі новаўтварэння, метадаў лячэння, якія прымяняюцца, і фізічных параметраў самога чалавека. Тым не менш, існуе шэраг універсальных метадаў, эфектыўных для большасці анкапацыентаў. Умоўна іх можна назваць правіламі жыцця на кожны дзень. Менавіта так. Бо рэабілітацыя пасля анказахворванняў – гэта хутчэй лад жыцця, чым сістэма кароткатэрміновых мераў.
Аб правілах жыцця на кожны дзень журналіст Слушна даведалася ад Таццяны Заўялавай, тэрапеўта кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава.
Жыццё не будзе ранейшым. Яно… палепшыцца
Такім чынам, на чым зрабіць акцэнт у жыцці «пасля» і што пры неабходнасці мяняць у першую чаргу.
- Псіхаэмацыянальны стан. Стрэс – гэта тое, што нас акружае паўсюль і да чаго ў той ці іншай ступені схільны кожны. Але стрэс бывае розным. Стан вострага стрэсу (напрыклад, страта працы або паломка аўтамабіля ў самы непадыходзячы момант) доўжыцца максімум тыдзень. Пры гэтым перажытае ўзрушэнне ў цэлым не дэстабілізуе, а наадварот, мабілізуе ахоўныя і рэзервовыя сілы, натхняе чалавека на актыўнае дзеянне – пошук выйсця з сітуацыі, якая склалася.
А вось хранічны стрэс або дыстрэс... Гэта разбуральны працэс, чалавек пастаянна знаходзіцца ў адчуванні безвыходнасці, трывогі, бездапаможнасці (мне ніхто не дапаможа, і сам я нічога не магу, гэта канец). Чалавек можа нават прывыкнуць да такога стану і не заўважаць яго, але ў канчатковым выніку гэта моцна спусташае і фізічныя, і псіхічныя рэзервы. Чалавек часцей хварэе і горш аднаўляецца.
2. Харчаванне – другі важнейшы кампанент актыўнай рэабілітацыі.
Па дадзеных аднаго з даследаванняў, праведзеных у краінах Еўропы, ЗША і Індыі, найменшую колькасць анкалагічных захворванняў розных лакалізацый было зафіксавана ў... Індыі. Па зразумелых прычынах, ні ўзровень эканомікі і аховы здароўя, ні санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя не маглі быць вызначальнымі для такіх аптымістычных вынікаў.
Метадам выключэння даследчыкі прыйшлі да высновы, што самым галоўным фактарам з'яўляецца харчаванне, г.зн. тыя прадукты, якія прысутнічаюць у рацыёне індусаў штодня: спецыі (у прыватнасці, куркума, імбір), соя, зялёны чай. Пазней было даказана, што гэтыя прадукты сапраўды валодаюць супрацьракавай актыўнасцю і пры рэгулярным іх ужыванні ў ежу могуць прафілактычна ўздзейнічаць на ўзнікненне злаякасных новаўтварэнняў.
Да прадуктаў з супрацьракавым эфектам таксама можна аднесці:
- расліны сямейства крыжакветных (розныя віды капусты);
- таматы. Дарэчы, яшчэ больш карыснай гародніна робіцца пасля тэрмічнай апрацоўкі, напрыклад, тушэння на аліўкавым алеі;
- бабовыя, асабліва соя;
- Амега-3 тлустыя кіслоты. Каштоўны кампанент змяшчаецца ў насенні лёну, рыбе (скумбрыя, ласось, сардзіны і інш.);
- цыбуля, часнок;
- ягады (маліна, трускалкі, журавіны, чарніцы);
- азіяцкія грыбы (шытакі, вешанкі);
- рэзкія травы (базілік, размарын, шалфей і г.д.);
- у невялікай колькасці (да 20 г у суткі) горкі шакалад без дадаткаў, пры гэтым утрыманне какавы ў прадукце павінна быць не менш за 70%.
Нельга не сказаць таксама аб прадуктах з праканцэрагеннымі ўласцівасцямі, якія стымулююць рост ракавых клетак. Да іх адносяцца прадукты, у склад якіх у вялікай колькасці ўваходзяць рафінаваны алей, рафінаваная мука, цукар. А таксама тлустае чырвонае мяса стойлавых жывёлаў. Асобным пунктам, безумоўна, ідуць перапрацаваныя прадукты: каўбасы, сасіскі, вяндліна і г.д. Іх асноўным інгрэдыентам першапачаткова з'яўляецца «нядобрае» мяса, і, акрамя таго, яно шчодра запраўленае рознымі харчовымі дадаткамі.
3. Фізічная актыўнасць. Несумненна, яна адыгрывае важную ролю на ўсіх этапах як лячэння, так і аднаўлення. Рызыка застойных пнеўманій, якія могуць узнікнуць у пасляаперацыйным перыядзе, у фізічна актыўнага чалавека значна ніжэйшая. Акрамя таго, пры захаванні адэкватных фізічных нагрузак падчас курсаў хіміятэрапіі хіміяпрэпараты хутчэй выводзяцца з арганізма, зніжаюцца іх пабочныя эфекты.
4. Клопат пра сябе. Гэтае правіла прымяняльнае да любога чалавека і павінна працаваць заўсёды. Але ў перыяд пасля лячэння ад цяжкай хваробы трэба праявіць асаблівую ўвагу да стану свайго арганізма па ўсіх спадарожных паталогіях. Як мінімум:
- рэгулярна кантраляваць артэрыяльны ціск;
- сачыць за ўзроўнем цукру ў крыві;
- перыядычна здаваць аналізы на гармоны шчытападобнай залозы, нават калі анкапаталогія не была звязаная з ёй.
Хранічныя працэсы нярэдка абвастраюцца на фоне анкалагічнага. Можа далучыцца і новая паталогія. Таму трэба чуйна прыслухоўвацца да любых сігналаў свайго арганізма.
Крытычнымі для з'яўлення лімфастазу лічацца першыя 3 гады пасля аперацыі. Але ўзнікнуць ацёк можа і праз шмат гадоў пасля, калі злоўжываць рэзервамі арганізма і выпрабоўваць яго на трываласць інтэнсіўнымі фізічнымі нагрузкамі ў любым выглядзе.
На працягу дня канечнасцям з таго боку, які быў прааперыраваны, абавязкова надаваць на некалькі хвілін гарызантальнае становішча (напрыклад, выцягнуць перад сабой або пакласці на гарызантальную паверхню ў выцягнутым стане). Гэта прадухіліць вянозны і лімфатычны застой.
- Важна сачыць і за станам скуры, падкрэслівае эксперт.
- Трэшчыны, ранкі, драпіны, мікратраўмы варта абавязкова апрацоўваць антысептыкам. Бо мясцовы імунітэт на фоне пасляаперацыйных змяненняў вельмі нізкі. Адпаведна, можа лёгка ўзнікнуць інфіцыраванне.Абавязкова насіць якасную, добра падабраную па памеры вопратку, абутак, бялізну. Ні ў якім разе яны не павінны пераціскаць цела і тым больш – пакідаць на ім сляды. Гэта важна, каб забяспечыць бесперашкодны лімфатычны ток і прадухіліць застой.
- Жанчынам з перанесеным ракам малочнай залозы трэба выкарыстоўваць толькі мяккую зубную шчотку і сачыць за станам ротавай поласці.
Фота эксперта – Віталь Гіль.