Site icon Слушна

Спачатку людзі! Рэцэнзія на апавяданне Алеся Адамовіча «Апакаліпсіс па графіку»

Рэцэнзія

Алесь Адамовіч адным з першых павёў штурм саркафага лжы, які пачаў узводзіцца над Чарнобылем ці не адразу пасля аварыі. Праз барыкады  інтарэсаў, езуіцкія, навуковыя супакойванні, цэнзурныя лабірынты пісьменнік прарываецца да кіраўнікоў краіны і рэспублікі, да сусветнай грамадскасці, са словамі болю нястомна біў у набат чарнобыльскай трагедыі.

Аварыя — выпадак ці заканамернасць? Хто вінаваты? Што рабіць? Пра гэта — страсны роздум аўтара.

«Апакаліпсіс па графіку»  — незвычайны твор Алеся Адамовіча. Хаця б таму што аўтар яго не пісаў. Беларускі пісьменнік гэту гісторыю пражыў. Выдадзеная ў 1992 годзе, кніга ўяўляе сабой хроніку змагання пісьменніка з маўчаннем. Асаблівую ўвагу трэба надаць таму, што напісана ўсё было на рускай мове. Пераклад зрабіў Міхась Тычына – беларускі літаратуразнаўца і пісьменнік, а яшчэ стрыечны брат Алеся Адамовіча.

Звычайна пісьменніка ўзгадваюць у сувязі з Вялікай Айчынай вайной. Славу яму прынеслі творы «Карнікі», «Вайна пад дахамі», «Хатынская аповесці», «Я з вогненнай вёскі» – кнігі, якія паказваюць вайну вачыма народа, без падробкі і змягчэння. Падзеі вайны хвалявалі аўтара, таму што праз гэта прайшоў і ён сам, у якасці партызана. Закрануў гэты боль і ўсю яго сям’ю.

Толькі клапаціла Алеся Міхайлавіча ўсё, што было звязана з Беларуссю, краінай, што любіў ён больш усяго на свеце. Як казаў пра яго Васіль Быкаў «Ён не быў палітыкам, але ішоў па палітычнай сцежцы, каб дапамагчы краіне».

Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў

У кнізе «Апакаліпсіс па графіку» сабраны запісаныя сведчанні і матэрыялы, якія Алесь Адамовіч стварыў і напісаў у першыя гады пасля Чарнобыльскай катастрофы. Высокая ступень дакументальнасці не дазваляе сумнявацца ў нейкім скажэнні.

Складзенная з гутарак кніга і назву атрымала праз размову. Аўтар дзеліцца ўспамінамі аб сустрэчы з акадэмікам Лягасавым, што ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апошні і падзяліўся складзеным графікам аварый на іншых станцыях Саюза.

Нельга абвінавачваць аўтара і ў брудным выкарыстоўванні тэмы. Яшчэ да аварыі пісьменнік высока ацэньваў небяспеку ядзернай энэргетыкі. Мастака слова шчыра клапаціла гэтае пытанне. Страшныя прагнозы і трывожныя думкі аўтара спраўдзіліся 23 красавіка 1986 года.

Ад таго і неадкладна заняўся Алесь Адамовіч высвятленнем усіх пытанняў: наколькі сур’ёзная праблема? Што чакае людзей. І галоўнае: што чакае Беларусь?

«Няма ў ім ніякай злосці». Рэцэнзія на раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды»

Адказу ў першыя і самыя страшныя дні не было. Нават у самага высокага кіраўніцтва. У ведамствах Мінска тады наадварот не гатовы былі размаўляць. Кіраўнік Компартыі БССР М. Слюнькоў прама заявіў: «Гэты пісьменнік думае, што ў яго аднаго душа баліць за рэспубліку!»

Тады беларускі пісьменнік не пабаяўся і пайшоў вышэй. Напісаў Міхаілу Гарбачову, што знаходзіўся падчас аварыі на пасадзе генеральнага сакратара ЦК КПСС, ліст з тлумачэннем сітуацыі. Поўнасцю яго і можна прачытаць у кнізе.

Такая смеласць сапраўды ўражвае. У часы няхай і галоснасці, але ўсё яшчэ савецкія, Алесь Адамовіч не баяўся казаць тое, што думае.  У нейкай ступені можна параўнаць такую адвагу з адчаем. Што губляць, калі на Радзіме такое?

Таму не дзіўна, што на думку Алеся Міхайлавіча аварыя на ЧАЭС і развал Савецкая Саюза непасрэдна звязаныя. Ён сваімі вачыма бачыў. як імкнуліся прыхаваць масштабы трагедыі.

Пакуль увесь свет быў засяроджаны толькі на хворых лучавой хваробай і 30-кіламетровай зоне, беларускі пісьменнік ужо разумеў наступствы бяздзейнасці для 2.5 мільёнаў беларусаў на забруджаных тэрыторыях.

Немачыгчыма чытаць гісторыі пра дзецей, якія жывуць у брудных рэгіёнах. Вось некалькі радкоў: «…у іх нябачны вораг адабраў радасць дажджу, расы ранішняй, яднання з лесам, рэчкай, шчасце сарваць грыб ці вырваць і з’есці морквіну, гурок. Не прабяжы па вуліцы (пыл асабліва небяспечны), не сядзь на траву. Яны і бегаюць, і садзяцца, і купаюцца ў рацэ – дзеці ж! А потым іх вязуць у Мінск».

Засмучвае размова аб радыяцыйнай сітуацыі на беларускай зямлі Алеся Адамовіча з Андрэем Сахаравым. Безумоўна, расійскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра чалавек дасведчаны ў тэме радыяцыі. Але больш Алесю Міхайлавічу змог бы сказаць беларускі вучоны. Аўтар сам узгадвае пра спецыялістаў, якія ў першыя дні пасля аварыі штурмавалі дзверы вышэйшага кіраўніцтва, каб распавесці аб масштабах. Да іх пісьменнік так і не звернецца.

Заключная частка кнігі – вытрымкі з выступаў Алеся  Адамовіча. Грамадскага дзеяча актыўна запрашалі з дакладамі аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы на беларускіх землях ў Японію. ЗША і інш. Тут пісьменнік адыходзіць ад звыклага стыля, глыбіні і жорсткасці.

Перад ім іншая мэта – распавесці тым, хто не ўяўляе, якая бяда здарылася з яго радзімай, аб рэальным становішчы. Ён не раскідваецца фактамі, ён цалкам засяроджаны на гісторыях людзей. Бо мастак слова Алесь Адамовіч быў упэўнены – спачатку людзі.

Exit mobile version