Site icon Слушна

Рэдагаванне ўспамінаў: гэта магчыма?

Навука пра рэдагаванне памяці актыўна развіваецца. Навошта вучоныя хочуць карэктаваць успаміны людзей і як? Мы сабралі і адаптавалі цікавыя факты на дадзеную тэму.

Рэдагаванне ўспамінаў.

Для чаго гэта патрэбна?

Не ўсе людзі, сутыкнуўшыся з моцнай траўмай, лёгка спраўляюцца і хутка забываюцца на тое, што здарылася. Акрамя таго, на некаторыя сітуацыі проста немагчыма забыцца, напрыклад, сэксуальны гвалт у дзяцінстве, аўтакатастрофу, удзел у ваенных аперацыях. У выніку моцных узрушэнняў у людзей развіваецца посттраўматычнае стрэсавае расстройства (ПТСР), якое значна зніжае якасць жыцця і дэзадаптуе. Рэдагаванне памяці магло б паменшыць эмацыянальныя наступствы ў такіх сітуацыях, лічаць вучоныя. Другая сфера для прымянення новых распрацовак – памяншэнне ў залежных асобаў цягі, выкліканай сігналамі ад наркотыкаў.

Як можна рэдагаваць памяць?

Для разумення пытання трэба ведаць, што ёсць дэкларатыўная і недэкларатыўная памяць.

Успаміны пра факты і падзеі, якія мы можам апісаць словамі, адносяцца да дэкларатыўнай памяці, а тыя, да якіх няма ўсвядомленага доступу і якія складана перадаць словамі, – да недэкларатыўнай. Да яе ж адносіцца і эмацыянальная памяць. Вучоныя прапаноўваюць працаваць менавіта з эмацыянальным следам траўмы, змяншаць яго ўплыў, а не сціраць успаміны цалкам. Гэта магчыма пры дапамозе медыкаментаў і пэўных тэхнік.

У якасці медыкаментознага сродку даследуецца ўздзеянне прэпарата, які часта прызначаецца для кантролю артэрыяльнага ціску, – бэта-блакатара прапраналолу. Неўролаг Эмі Мілтан, выкладчык факультэта псіхалогіі Кэмбрыджскага ўніверсітэта, даследчык успамінаў у лабараторыі нервова-псіхічных расстройстваў, сцвярджае, што прапраналол можа ліквідоўваць успаміны страху ў момант, калі памяць знаходзіцца ў рэжыме рэдагавання.

Прэпарат уплывае на недэкларатыўную эмацыянальную памяць, пры гэтым не закранаючы дэкларатыўную. Па сутнасці, лячэнне накіраванае на аслабленне эмацыянальнай памяці, а не поўнага пазбаўлення ад траўматычнага ўспаміну. То бок, гэта не «ачыстка» свядомасці і не кіношная ідэя пра пэўны «чысты розум».

Лекі трэба прымаць у пэўны момант – калі памяць знаходзіцца ў рэжыме рэдагавання (вучоныя ўжо ведаюць, як увайсці ў гэты рэжым). Гэтыя досведы праводзяцца ў асноўным на пацуках. Шырокага даследавання на людзях яшчэ не было.

Але прапраналол можа падысці не кожнаму. Таму вучоныя прапануюць выкарыстоўваць яшчэ адзін метад. Вось як яго апісвае неўролаг з Кэмбрыджа:

«Вядома, што практычна немагчыма выконваць дзве задачы адначасова, калі яны апрацоўваюцца адной і той жа вобласцю мозгу. Напрыклад, складана падпяваць песні па радыё і адначасова пісаць. Тое ж самае адбываецца пры выманні ўспаміну. Калі ў пэўны момант узнаўлення ўспаміну даць пацыенту выканаць займальную візуальную задачу, напрыклад, пагуляць у тэтрыс, можна ўвесці так шмат інфармацыі ў гэты ўспамін, што ён зробіцца бессэнсоўным».

Гэтая тэорыя была пацверджаная эксперыментам на здаровых валанцёрах. Валанцёры глядзелі вельмі непрыемныя ролікі і фільмы, напрыклад, пра аперацыю на вачах ці жорсткасці, якія выклікалі ў іх рэперажыванні на працягу тыдня пасля прагляду. Вучоныя выявілі: калі яны прасілі ўдзельнікаў прыгадаць горшыя сцэны з тых непрыемных фільмаў і адначасова гуляць у тэтрыс, гэта значна зніжала частату рэперажыванняў, тлумачыць механізм Эмі Мілтан.

Ці выкарыстоўваюць гэта ў клінічнай практыцы?

Эксперыменты па рэдагаванні памяці пакуль, у асноўным, праводзяць на жывёлах і вельмі невялікіх групах людзей. У клінічнай практыцы гэта не выкарыстоўваецца, бо адносна мала вядома, як найбольш эфектыўна прымяняць такія методыкі, ды і памяць чалавека ўладкаваная складаней, чым у пацукоў. Аднак вучоныя ўпэўненыя, што надзейныя метады для рэдагавання ўнікальных чалавечых успамінаў у клініцы неўзабаве будуць распрацаваныя. Праўда, яны папярэджваюць, што гэта «можа прывесці да нечаканых наступстваў для нашага ўяўлення пра памяць і яе ролю ў вызначэнні таго, хто мы ёсць».

Exit mobile version