Аматарам прыроды абавязкова варта наведаць пойму Бярэзіны — Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Выдрыца», размешчаны на мяжы Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў. Ён уяўляе сабой складаны комплекс, у якім прадстаўлены балоты, змешаныя лясы і поймавыя лугі. Такое спалучэнне ландшафтаў стварае выдатныя ўмовы для пасялення многіх рэдкіх відаў, уключаючы дупеля, вялікага падворліка, зялёнага дзятла. Тут таксама можна сустрэць балотную чарапаху.
Заказнік быў утвораны ў 1999 годзе. Гэта ўнікальны прыродны комплекс. Амаль 80% тэрыторыі заказніка складаюць лясы: хвойнікі і дубровы з прымешкай граба, ясені, елкі і асіны. Прыгажосць тут проста казачная. Варта толькі паглядзець на зялёныя поймавыя лугі са смарагдавай травой, азёры, якіх у Выдрыцы 26, выспы, дзе звонкая цішыня перарываецца толькі спевам птушак і плёскатам рыбы.
Тэрыторыя заказніка мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Ён уяўляе сабой буйны кампактны масіў пераважна сярэднеўзроставых і маладых іглічна-дробналістых лясоў у поймах рэк Бярэзіны, Выдрыцы, Олы.
Прыродныя ўмовы на тэрыторыі заказніка разнастайныя. Шырока распаўсюджаныя месцы марэннай і водна-ледавіковай раўніны.
У шырокіх далінах Олы і Выдрыцы сустракаюцца месцы плоскіх азёрна-ледавіковых нізін з нізіннымі балотамі; надпоймавыя і поймавыя тэрасы. Паверхня ўяўляе сабой спадзістыя падвышэнні ў выглядзе выспаў. Тут выразна выяўлены старажытныя лагчыны сцёку і асобныя шырокія паніжэнні, у якіх грунтавыя воды падыходзяць блізка да дзённай паверхні. У пойме сустракаюцца прырусловыя валы і грывы.
У флоры заказніка 670 відаў судзінкавых раслін, сярод іх 5 відаў дзеразы, 6 відаў хвашчоў, 11 відаў папарацепадобных. На тэрыторыі заказніка расце 12 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны, дрок германскі, змеегалоўнік Руйша, зубянка клубняносная, касатык сібірскі, мытнік скіпетрападобны, асака карэнішчавая.
Фауна заказніка налічвае каля 200 відаў наземных пазваночных жывёл, у тым ліку 10 відаў амфібій, 6 – рэптылій, 146 – птушак, 41 – млекакормячых.
Раней на тэрыторыі заказніка налічвалася больш за 20 глухарыных і цецеруковых токаў, аднак цяпер іх колькасць зменшылася. У межах заказніка жыве 17 відаў рэдкіх і змешчаных пад пагрозай знікнення дзікіх жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: балотная чарапаха, вялікі бугай, малы бугай, чорны бусел, вялікі падворлік, малы падворлікі, палявы лунь, змеяяд, скопа, пустэльга , шэры журавель, зімародак, зялёны дзяцел, садовая аўсянка, барсук, арэшнікавая соня.
На тэрыторыі заказніка размешчана экатурыстычная база «Урэчча», аказваюцца паслугі рыбалкі, пракат турыстычнага інвентара, арганізаваны экалагічны турыстычны маршрут. Прайшоўшы па сцежцы здароўя вы зможаце ўбачыць векавыя дубы-ведзьмакі, бабровую хатку і казачнае возера Белагорскае, у якім жыве белая чапля і балотная чарапаха.