Стаць бацькам ці маці, будучы прыкаваным да інваліднай каляскі, – такія гісторыі падобныя да подзвігу. Іх галоўныя дзеючыя асобы нязменна становяцца героямі газетных публікацый і тэлевізійных сюжэтаў. Але для Яўгена Шаўко, старшыні Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, і яго жонкі – гэта звычайнае жыццё. У ім ёсць месца натуральным бацькоўскім клопатам, перажыванням і радасцям, крыніца якіх 2-гадовая ружовашчокая рагатушка Насця. І зусім няма месца нудоце.
На ўласным прыкладзе Яўген даказвае, што калі ёсць мара, усе бар'еры можна пераадолець. І вельмі хоча, каб шчаслівае бацькоўства людзей з абмежаванымі магчымасцямі перастала ўспрымацца грамадствам, як падзея экстраардынарная.
Услых аб асабістым
Днямі ў Мінску прайшоў унікальны семінар па пытаннях сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя людзей з інваліднасцю. У асаблівым фокусе ўвагі – людзі з траўмамі спіннога мозгу. Арганізатарамі семінара выступілі Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў (РАІК) пры падтрымцы і з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя РБ.
Нягледзячы на тое, што ў 2016 годзе Беларусь ратыфікавала міжнародную Канвенцыю аб правах інвалідаў, а рэпрадуктыўнаму здароўю людзей з абмежаваннямі нададзена асаблівая ўвага ў Дзяржаўнай праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016 - 2020 гады, аб праблемах сэксуальнага здароўя, зачацця, цяжарнасці і нараджэння дзяцей у людзей, прыкаваных да інвалідных калясак, голасна загаварылі, мабыць, упершыню. Асаблівую статуснасць мерапрыемству надаў удзел у семінары шведскіх экспертаў з Каралінскага ўніверсітэта (Стакгольм) і фонду «Спіналіс» («Spinalis»), якія прыехалі падзяліцца досведам з беларускімі калегамі.
Шанц ёсць заўсёды
Па дадзеных СААЗ, штогод у свеце траўмы спіннога мозгу атрымліваюць ад 250 да 300 тысяч чалавек, не лічачы тых, хто мае прыроджаную паталогію. Пераважная большасць з іх – людзі рэпрадуктыўнага ўзросту. Пашкоджанне спіннога мозгу любой ступені цяжкасці ў жанчын у прынцыпе не аказвае ўплыву на здольнасць зачацця і нараджэння здаровага дзіцяці, хаця і спалучана з пэўнымі цяжкасцямі. Затое што тычыцца мужчын, падобная траўма яшчэ 30 гадоў таму ставіла крыж на магчымасці будучага бацькоўства, паколькі цягнула за сабой парушэнне эрэктыльнай функцыі і эякуляцыі.
На шчасце, сучасная медыцына дасягнула таго ўзроўню, калі шанц на поспех з'яўляецца нават у самых, здавалася б, безнадзейных выпадках.
Стэфан Арвер, дацэнт аддзела метабалізму з Каралінскага ўніверсітэта, распавёў, якія сродкі і методыкі выкарыстоўваюцца ў Швецыі для лячэння эрэктыльнай дысфункцыі і парушэнняў працэсу эякуляцыі. Дарэчы, такія ж метады – выкарыстанне лекавай тэрапіі, інтракавярнозныя ін'екцыі вазаактыўных прэпаратаў, пратэзаванне – прымяняюцца і на тэрыторыі Беларусі. Па словах Стэфана Арвера, своечасовы зварот па кансультацыю або спецыялізаваную медыцынскую дапамогу да ўролагаў-андролагаў у 80% выпадкаў гарантуе паспяховае бацькоўства для мужчын з траўмамі спіннога мозгу.
Яшчэ больш шведскіх жанчын на інвалідных калясках адчуваюць радасць мацярынства. Пачынаючы з 1997 года, у Швецыі 89 жанчын-калясачніц нарадзілі 109 малышоў. Прычым большасць родаў адбылося за апошнія 2 гады (у сярэднім 10 выпадкаў у год). У гэтым немалая заслуга грамадскага фонду «Спіналіс». Яго актывістка Нора Сандхольдт прайшла ўвесь шлях ад няшчаснага выпадку ў 11-гадовым узросце, які прыкаваў яе да інваліднай каляскі, да шчаслівага мацярынства. Яна вядзе актыўнае грамадскае жыццё, і шмат у чым дзякуючы яе дзейнасці многія яе суайчынніцы з падобнымі праблемамі цалкам рэалізавалі сваю жаночую функцыю.
У Беларусі на сёння роды ў жанчын з траўмамі спіннога мозгу зводзяцца пакуль да адзінкавых выпадкаў. Па словах намесніка дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі РНПЦ «Маці і дзіця» Святланы Нагібовіч, ад 2 да 4 родаў на год. Пры гэтым радуе, што «геаграфія» парадзіх не абмяжоўваецца Мінскам: на адказны крок ідуць жанчыны з самых аддаленых куткоў Беларусі. Усе ўнікальныя цяжарнасці вядуць спецыялісты самай высокай кваліфікацыі з РНПЦ «Маці і дзіця».