Калі я кажу, што ў мяне розніца паміж дзецьмі 16 гадоў, многія пытаюцца: гэта другі шлюб? Не, шлюб усё той жа. Проста вырашалі жыллёвае пытанне, стараліся наладзіць побыт... А калі «саспелі», аказалася, што біялагічны гадзіннік ідзе хутчэй, чым хацелася б, і нарадзіць пасля 40 не так проста, як у 25.
Анёлы ў белых халатах
Доўгачаканая цяжарнасць перапынілася на раннім тэрміне. Гэтую страту я цяжка перажывала, два гады аплаквала ненароджанае малое і сваё мацярынства, якое не адбылося. Але паступова прывыкла да адчування цяжкай пустаты ўнутры і нават змірылася, вырашыўшы, што ў 40+ трэба ўжо, мабыць, настройвацца на ўнукаў...
Спрацавала формула: «Адпусці жаданне – і яно спраўдзіцца». Дзве палоскі сталіся нечаканасцю. Тэлефаную мужу на рыбалку: «Віншую, ты зноўку станеш татам». Той ажно вуды выпусціў! Потым закрычаў ад эмоцый, якія нахлынулі (балазе, людзей побач не было). І да заканчэння дня так ніводнай рыбы і не злавіў... Кажа – не мог засяродзіцца...
Праз пару дзён я зразумела, што адбываецца штосьці дзіўнае. Запісалася на УГД у бліжэйшы медцэнтр, дзе мне паведамілі, што так, я не памылілася: цяжарнасць ёсць, але яна пад сур'ёзнай пагрозай. І адразу прапанавалі вакуум-аспірацыю. Я нават не памятаю, ці адказала ім што-небудзь дакладнае. Зразумелым сталася адно: тут мне не дапамогуць.
Сабраўшы эмоцыі ў кулак, паехала ў сваю паліклініку. Не ведаючы графіка ўрачоў, без талона, без неабходных для гінекалагічнага агляду прыналежнасцяў... Місія практычна невыканальная, але тады мне было ўсё роўна.
А далей пачаліся цуды. Сказала рэгістратару, што ў мяне пагроза выкідышу і тэрмінова патрэбная дапамога. Тая накіравала да загадчыцы жаночай кансультацыі, якраз было яе дзяжурства. Пад кабінетам, вядома, чарга. Я паўтарыла тыя ж словы, і мяне моўчкі (!) прапусцілі.
Загадчыца без лішніх размоў паклала на крэсла, агледзела і мякка, але дакладна сказала: «Усё. Будзе. Добра». Дюфастон тэрмінова ў вялікіх дозах. Вітаміны вось такія. Цяжару не падымаць, хадзіць акуратна, стрэсаў пазбягаць. Праз два тыдні з'явіцца да доктара, стаць на ўлік па цяжарнасці (збегала і сама запісала мяне!), а перад гэтым яшчэ раз зрабіць УГД.
З кожным яе словам страх саступаў месца надзеі. Вось жа чалавек, які верыць, што мой малыш будзе жыць, што ў яго будуць гэтыя каштоўныя два тыдні. Я адчула сябе абароненай, убачыла, што гэтым людзям не ўсё роўна, у адрозненне ад супрацоўнікаў таго медыцынскага цэнтра...
З маніякальнай дакладнасцю прымала таблеткі, выстаўляючы час па гадзінах, нават ноччу. Прыслухоўвалася да самых маленькіх зменаў у самаадчуванні і штовечар дзякавала Богу за яшчэ адзін дзень жыцця майго малыша.
Урача УГ-дыягностыкі выбірала старанна, па водгуках. Хвалявалася, як пройдзе прыём. Толькі б не пачуць зноў, што цяжарнасць не развіваецца, што надзеі больш няма. А доктар узяла і адразу ўключыла гук: тук-тук, тук-тук, тук-тук...
Сярод шуму апарат выдаваў дакладнае сэрцабіцце маленькага васьмітыднёвага сэрцайка. Тук-тук, тук-тук. Я заплакала. У гэты момант усё жыццё, увесь Сусвет для мяне былі ў гэтых гуках!
Выйшла, села ў машыну і расплакалася, не ў сілах стрымліваць эмоцыі. Муж спалохаўся, падумаў пра горшае. А я толькі і магла выціснуць: «Яно стукае, разумееш? Сэрцайка СТУКАЕ!» Муж выдыхнуў з палёгкай і загадаў больш так не палохаць.
Як мне дзякаваць вам, анёлы ў белых халатах? Пагроза выкідышу прайшла праз месяц – правільнае лячэнне і граматнае медыцынскае суправаджэнне адыгралі важную ролю.
У паліклініцы цяжарным – зялёнае святло. Доктар на прыёме прызначае дату наступнага візіту, не трэба па раніцах штурмаваць рэгістратуру. Аналізы? Калі ласка, асобная электронная чарга, выклікаюць амаль адразу. Вузкія спецыялісты прымаюць па запісе, таксама доўга чакаць не даводзіцца. Нават тэрапеўт у цяжарных свой.
Самаадчуванне, у адрозненне ад першага разу, было выдатным – ні вымотвальнай месяцамі млоснасці, ні ацёкаў, усе аналізы ў норме. Нават не верылася, што так бывае. Толькі стамляцца пачала хутка.
Яшчэ скажу пра транспарт. Нягледзячы на спецыяльна пазначаныя месцы для людзей з асаблівымі патрэбамі, сесці ў аўтобусе і метро атрымлівалася далёка не заўсёды. За ўсю цяжарнасць месца мне саступілі толькі двойчы, а адзін раз нават сагналі, нягледзячы на вялікі жывот! Жанчына гадоў 50-ці з дачнай торбай-каляскай неслася на мяне напралом праз палову салона з крыкам: «Я інвалід 2-й групы, саступіце месца!» Я не перабольшваю, калі што. Ці то людзі зрабіліся больш чэрствымі, ці то падалося...
Рызыкі для тых, хто вырашыў нарадзіць пасля 40
На 12-тыднёвым тэрміне накіравалі на планавае УГД у РНПЦ «Маці і дзіця». Масціты доктар агляд правёў за лічаныя хвіліны, але ўпэўнена сказаў, што ўсё добра і што з верагоднасцю 95% будзе хлопчык (і меў рацыю!).
А пазней прапанавалі амніяцэнтэз – забор каляплодных водаў на даследаванне для выяўлення магчымых генэтычных адхіленняў плода. Пажылая ўрач была відавочна прастуджаная і выглядала стомленай.
Тым не менш, цярпліва тлумачыла, навошта патрэбная гэтая працэдура ў маім узросце (нават пры добрых аналізах), як яна праходзіць і чаму не трэба верыць страшылкам з інтэрнэту. Я падумала – і ўсё роўна адмовілася. Што б там ні было, а перапыніць стук маленькага сэрцайка ўнутры мяне не змагу.
У 28 тыдняў накіравалі ў Гарадскі афтальмалагічны кансультатыўна-дыягнастычны цэнтр 3-й ГКБ, каб пераканацца, што з маёй блізарукасцю ўсё ў парадку.
Урач, які аглядаў мае вочы, насупіўся і сказаў рыхтавацца: зараз будзем рабіць лазерную каагуляцыю (прыпальваць). У вас, маўляў, у абодвух вачах множныя парывы сятчаткі. І наогул, як вы хадзілі да гэтага часу?! Адслаенне магло адбыцца ў любы момант.
У мяне потым пыталіся сябры, ці адчувала я боль. Не, але гэта быў такі нясцерпны дыскамфорт, што лепей бы было балюча. Ад частых выбліскаў лазера слёзы ліліся градам, і здавалася, што вось-вось выбухне мозг. Працэдура заняла, напэўна, не больш за паўгадзіны, а для мяне яна доўжылася вечнасць.
Муж пад рукі адвёў мяне ў машыну, бо вочы расплюшчваць было балюча – дзённае святло абпальвала і сляпіла. Наступныя паўдня я правяла практычна навобмацак. Рэкамендавана было 10 дзён максімальнага спакою, пазбягаць трасяніны і падзенняў, не нахіляцца і не напружваць зрок. Па магчымасці не працаваць за камп'ютарам.
Візіт у 3-ю ГКБ быў своечасовым і, як мінімум, выратаваў ад сур'ёзных праблемаў, а то і ад страты зроку. Але пра натуральныя роды давялося забыцца, толькі кесарава сячэнне.
Страхі ў чаканні кесарава сячэння
Пры слове «кесарава» адразу ўспаміналася, як сваячка праз двое сутак пасля аперацыі стагнала ад болю ў душнай палаце і пастаянна прасіла ўкалоць абязбольвальнае. А ёй казалі, што больш нельга, ужо ўсё, што можна, укалолі...
І як сяброўка, выслухаўшы мой аповед пра родавыя пакуты і швы, заўважыла: «Ты як з радзільні вярнулася? Прама ішла, на сваіх нагах? А я вось так, скурчыўшыся, ледзьве ногі перасоўвала...»
Але больш за ўсё палохала, што давядзецца мінімум суткі правесці ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі без ежы (гэта яшчэ паўбяды) і сувязі з навакольным светам – гаджэты перад радзільнай залай адбіраюць і разам з рэчамі зачыняюць у шафе.
Ці дадуць мне магчымасць патэлефанаваць родным пасля аперацыі, ці зможа сям'я датэлефанавацца ў бальніцу і атрымаць інфармацыю пра стан мой і дзіцяці? А ў мамы слабое сэрца, невядомасць для яе згубная...
Накіроўваць мяне ў радзільню гінеколаг не хацела да апошняга – мабыць, неабгрунтаваны накірунак пагражаў ёй непрыемнасцямі. «Табе, – кажа, – галоўнае – не дапусціць патугаў, каб не нашкодзіць вачам. Вось як пачнецца родавая дзейнасць, так і паедзеш».
Але я настойвала на сваім: трэба загадзя, каб спакойна аформіць дакументы, прайсці агляд, падрыхтавацца да аперацыі. А не рабіць усё спехам, пакутуючы ад схватак. А калі шчыра, дык хацелася б і зусім іх пазбегнуць, калі ўжо мяне ўсё роўна чакала аперацыя.
(Заканчэнне будзе)