У Беларусі на стацыянарным лячэнні, па дадзеных на 10-га красавіка, знаходзяцца 1793 чалавекі з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. У асноўным, захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасля праходжання лячэння паправіліся 169 чалавек. Міністэрства аховы здароўя звяртае ўвагу, што павелічэнне колькасці хворых на COVID-19 паступальнае і кантраляванае. Большасць выпадкаў – гэта выяўленыя кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў.
Пра новыя рашэнні Міністэрства аховы здароўя і цяперашнюю сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй у краіне праінфармавала на брыфінгу ў пятніцу, 10-га красавіка, намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан.
Прыняты шэраг новых арганізацыйных дакументаў
У прыватнасці, па словах Алены Богдан, Саветам Міністраў была прынятая пастанова, у якой рэгламентаваныя і ўдакладненыя крытэрыі, правілы паводзінаў чалавека на самаізаляцыі.
Нарматыўныя дакументы Міністэрства аховы здароўя таксама атрымалі некаторыя змены і дапаўненні. Перш за ўсё, падрыхтаваны нарматыўны дакумент па аказанні медыцынскай дапамогі цяжарным, парадзіхам. У дакуменце, як распавяла намеснік міністра, прапісаныя і ўлічаныя ўсе пытанні, якія тычацца не толькі вядзення і лячэння такіх жанчын, але і ўтрымліваецца шэраг тлумачэнняў, якія датычацца многіх бытавых пытанняў, што хвалююць будучых мамаў у сітуацыі, якая склалася.
Акрамя гэтага, у асобны клінічны пратакол выдзеленыя меры аказання медыцынскай дапамогі дзецям ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў з каранавіруснай інфекцыяй.
Спецыфічных мераў прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі ў цяжарных няма, яны нічым не адрозніваюцца ад тых, якія рэкамендаваныя звычайным грамадзянам.
Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца шпіталізацыі кантактаў 1-га ўзроўню. Калі ў іх ёсць усе неабходныя ўмовы для самаізаляцыі, такі чалавек можа знаходзіцца ў хатніх умовах пад наглядам урачоў участковай службы. Тэсты на каранавірусную інфекцыю ў іх будуць праводзіцца на 1-ы, 7-ы і 12-13-ы дзень. На ўвесь перыяд самаізаляцыі ім дадуць лісток непрацаздольнасці.
Змены закранулі і выдачы на рукі некаторых безрэцэптурных лекавых сродкаў. Як патлумачыла Алена Богдан, гэтая мера прадыктаваная тым, што ў выніку ажыятажу за паўтара тыдня быў раскуплены 14-месячны запас парацэтамолу.
У рэспубліцы створаны таксама кругласутачныя цэнтры тэлемедыцынскага кансультавання. Звязацца па праблемных пытаннях са спецыялістамі гэтых цэнтраў, а гэта супрацоўнікі кафедраў медыцынскіх ВНУ і БелМАПА, зможа любы ўрач з любой бальніцы, адзначыла намеснік міністра.
Больш выкананых тэстаў – больш выпадкаў
І да гэтага трэба быць гатовымі, упэўненая Алена Богдан. Сёння на каранавірусную інфекцыю тэсціруюцца пацыенты з пнеўманіямі сярэдняй і цяжкай ступені цяжкасці, кантакты 1-га ўзроўню, а таксама кантакты 2-га ўзроўню з прыкметамі вострых рэспіраторных інфекцый, асобы, якія прыбылі з-за мяжы. Запас тэстаў ёсць. Калі з'явіцца неабходнасць павялічыць колькасць даследаванняў да 6 тысяч у суткі, будуць прыцягнутыя дадатковыя лабараторыі. Пакуль такія аналізы робяць у 13 лабараторыях.
У Беларусі выкарыстоўваюцца тэсты, якія заснаваныя на ПЦР-дыягностыцы. Прапрацоўваецца таксама пытанне пра ўвядзенне яшчэ аднаго даследавання на аснове выдзялення M і G імунаглабулінаў. Гэтыя два імунаглабуліны сведчаць, на якой стадыі знаходзіцца захворванне: вострае цячэнне альбо ідзе працэс аднаўлення.
Якія ўстановы прымаюць хворых з каранавіруснай інфекцыяй
Рэспубліканскі шпіталь інвалідаў ВАВ па-ранейшаму прымае кантакты першага ўзроўню, якія не могуць знаходзіцца на самаізаляцыі. Калі ў такіх пацыентаў будзе пацверджаны каранавірус, іх перавядуць у спецыяльнае аддзяленне. Працягвае працаваць Гарадскі клінічны скурна-венералагічны дыспансер, Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне. Асноўнымі бальніцамі Мінска, у якія накіроўваюць пацыентаў з каранавірусам, застаюцца 6-я ГКБ, 10-я ГКБ, цяжарныя размяшчаюцца ў 3-й ГКБ. Арыентаваная на аказанне дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй таксама 4-я ГКБ.
Намеснік міністра дадала, што ў кожнай медустанове выдзеленыя месцы ў выпадку выяўлення ў пацыента каранавіруснай інфекцыі. Часам чалавек паступае з апендыцытам, а у яго пасля выяўляюць каранавірус.
Ахвяраванні на дабрачынным рахунку
На дабрачынныя рахункі Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на барацьбу з распаўсюджваннем COVID-19 паступіла 3 937 777 рублёў і 78 461 еўра. Сярод найбуйнейшых дарыльшчыкаў – Беларускі саюз жанчын, Беларускі прафсаюз работнікаў аховы здароўя, прыватныя кампаніі і прадпрыемствы. Усяго на сёння пералічылі фундатарскую дапамогу 1 310 фізічных асобаў і 210 юрыдычных асобаў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!