Ці ведаеце вы, што прымяненне гіялуронавай кіслаты значнае не толькі ў касметалогіі? Напрыклад, з яе дапамогай можна пазбавіцца ад болю ў суставах і нават пачаць працэс іх аднаўлення пры артрозе. Праблема актуальная, бо каля 10% дарослага насельніцтва Беларусі пакутуе ад сустаўных хваробаў. Якія ўмовы для выздараўлення або спынення працэсу запалення патрабуецца выканаць? Ці можа прымяненне гіялуронавай кіслаты дапамагчы пазбегнуць аперацыі? Чаму гіялуронавая кіслата ў таблетках – марнаванне нашых грошай?
На актуальную тэму журналіст «Слушна» пагутарыла з траўматолагам-артапедам, дырэктарам кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы», якая спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску прэпаратаў гіялуронавай кіслаты, Андрэем Людчыкам.
Для чаго суставам патрэбная гіялуронавая кіслата?
Гіялуронавая кіслата натуральным чынам выпрацоўваецца клеткамі чалавека і ўсіх жывых арганізмаў. Але ў стане хваробы гэты працэс парушаецца. Якую ж функцыю можа выконваць гіялуронавая кіслата для суставаў?
- Змазванне (у якасці лубрыканта – памяншае сілу трэння ў суставах).
- Амартызацыя. Змякчае сілу ціску пры хадзе.
Чаму «гіялуронкі» становіцца меней?
Лічыцца, што з узростам арганізм пачынае выпрацоўваць меней гіялуронавай кіслаты. І з-за гэтага могуць абвастрацца праблемы з суставамі. Ці так гэта насамрэч?
Чаму працэсы аднаўлення запавольваюцца?
- Узрост. З гадамі працэсы рэгенерацыі запавольваюцца натуральным чынам.
- Лад жыцця. Калі чалавек не сочыць за харчаваннем, мала рухаецца, рухаецца няправільна, гэтыя фактары ў рэшце рэшт прыводзяць да парушэння функцыі сустава.
У якім узросце можа развіцца артроз?
Артроз можа развіцца ў любым узросце. Але ў маладых людзей працэсы аднаўлення адбываюцца хутчэй: арганізм валодае яшчэ дастатковай сілай імунітэту. У сталым узросце працэсы аднаўлення значна больш расцягнутыя ў часе.
Якім чынам можа дапамагчы ўвядзенне гіялуронавай кіслаты?
Прафілактыка хваробаў суставаў можа быць толькі комплекснай. Сюды ўваходзіць некалькі кампанентаў:
- Індывідуальна падабранае харчаванне. Важную ролю тут таксама адыгрывае ўжыванне дастатковай колькасці вадкасці на працягу дня.
- Умераная фізічная актыўнасць. Кроў павінна актыўна рухацца па сасудзістым рэчышчы, інакш могуць узнікнуць месцы застою. Лячэбная фізкультура, прагулкі павінны быць рэгулярнымі. Трэба рацыянальна размяркоўваць нагрузкі ў трэнажорнай зале.
Увядзенне гіялуронавай кіслаты здымае боль за кошт эфекту лубрыкацыі. Аднак калі лад жыцця чалавека застанецца ранейшым, праз даволі кароткі час сімптомы вернуцца. Асноўнае ўздзеянне гіялуронавай кіслаты пачынаецца пазней, праз некалькі дзён (у некаторых людзей – на працягу месяца).
Чаму менавіта ін'екцыі?
Па некаторых дадзеных, біяэфектыўнасць прэпаратаў, якія праходзяць праз страўнікава-кішэчны тракт, не перавышае 5-8%. А значыць, прыём гіялуронавай кіслаты ў выглядзе таблетак будзе пустым марнаваннем часу і грошай. Эфекту такі метад не прынясе. Крэмы таксама не спрацуюць. Тыя віды гіялуронавай кіслаты, якія выкарыстоўваюцца ў іх, застаюцца на паверхні скуры. Для суставаў гэта ніякага эфекту не прыносіць. Пры ін'екцыйным увядзенні эфект дасягае 100%, бо прэпарат трапляе менавіта ў тое месца, якое мае патрэбу ў «падтрымцы», і адразу засвойваецца тканкамі.
Ці можна пазбегнуць аперацыі?
Існуе меркаванне: маўляў, навошта так моцна хвалявацца?! Калі здарыцца штосьці з суставам, заўсёды ёсць магчымасць трапіць на аперацыю і яго замяніць.
Добрая навіна: пры адказным падыходзе да свайго ладу жыцця нават такое грознае захворванне, як артроз, можа здацца. Падтрымкай на шляху выздараўлення стане «звычайная» малекула гіялуронавай кіслаты. Дрэнная навіна: «чароўнай таблеткі» не існуе. Для дасягнення эфекту патрэбныя не толькі ін'екцыі, але і асабісты актыўны ўдзел. Але ж актыўнае жыццё з рухам без болю таго вартае!