Пра сімптомы, дыягностыку і лячэнне захворвання, а таксама што можа паслужыць прычынай таго, што на скуры «заквітнеюць» ружовыя плямы, якуя лушчацца, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.
Што можа справакаваць развіццё ружовага лішая
Ружовы лішай Жыбера – гэта інфекцыйна-алергічная экзантэма, паходжанне якой застаецца да канца нявысветленым, як і няма адзінага меркавання пра верагодныя спосабы заражэння. Ёсць здагадка, што вінаватым у захворванні з’яўляецца вірус герпесу 6 і 7 тыпаў, які ў латэнтнай форме прысутнічае ў чалавека. Па дадзеных некаторых даследаванняў, прызначэнне высокіх дозаў ацыклавіру паскарае лячэнне захворвання. Спецыялісты кажуць пра тое, што да рызыкі захварэць схільныя перш за ўсё тыя, у каго паніжаны імунітэт. Напрыклад, хто нядаўна перанёс вірусныя інфекцыі або прастуды.
Зніжэнне ахоўных сіл арганізма можа быць таксама выкліканае:
- у выпадку пераахаладжэння;
- пасля траўмаў, аперацый або інфекцый;
- у выніку ператамлення або стрэсу;
- з-за злоўжывання алкагольнымі напоямі;
- у выніку хранічных захворванняў (цукровага дыябету, сардэчнай недастатковасці);
- у выніку гарманальных змяненняў, напрыклад, падчас цяжарнасці;
- рэзкай зменай клімату;
- курэннем;
- няправільным харчаваннем.
Ружовы лішай Жыбера – не заразнае захворванне. Як правіла, працякае яно на працягу ад 4 тыдняў да 2-3-х месяцаў.
Як вызначыць. Сімптомы
На скуры тулава ўтвараецца пляма дыяметрам больш за 2 см (часам да 5 см), так званая «матчына бляшка». Яна лушчыцца па перыферыі і афарбаваная ў бледна-ружовы колер. У цэнтры бляшкі пры лушчэнні фарміруецца пляма з ярка-чырвонай аблямоўкай (медальён).
Праз тры дні-тыдзень пасля з’яўлення першага ачага на целе з’яўляецца россып вялікай колькасці такіх жа элементаў сыпу, але меншых памераў (да 1 см у дыяметры). Часцей за ўсё яны размешчаныя на жываце, плячах і сцёгнах. На твары і шыі такія высыпанні сустракаюцца даволі рэдка.
Дэрматолагі выдзяляюць некалькі відаў атыповай праявы хваробы Жыбера:
- уртыкарная – на скуры з’яўляюцца пухіры;
- везікулёзная – невялікія пузыркі, унутры напоўненыя празрыстай або каламутнай вадкасцю;
- папулёзная – бесполасцевыя ўтварэнні, якія выступаюць над скурай.
Тым не менш, нягледзячы на наяўнасць атыповых элементаў, на целе часцяком прысутнічаюць класічныя бляшкі.
Чаму трэба звяртацца да ўрача?
Па-першае, патлумачыла Юлія Баранава, неабходна пераканацца, што гэта менавіта ружовы лішай, а не іншае, падобнае па клінічнай карціне, захворванне. Напрыклад, гэта можа быць псарыяз, грыбковае паражэнне скуры, пранцы альбо мікоз гладкай скуры, краснуха. Калі ва ўрача з’явяцца сумневы, ён можа прызначыць дадатковыя даследаванні: аналіз крыві і мачы, саскрэб, сералагічнае даследаванне.
Па-другое, рэдка, але ўскладненні магчымыя. Яны выяўляюцца ў выглядзе актыўнага распаўсюджвання высыпанняў, доўгага, парой нясцерпнага свербу, інфікавання бляшак. Пасля выздараўлення магчымае змяненне пігментацыі скуры ў месцах, дзе былі размешчаныя плямы.
Як лячыць лішай Жыбера
У большасці выпадкаў, лячэнне ружовага лішая не патрабуецца, але неабходна прытрымлівацца пэўнага рэжыму. У прыватнасці, нельга мыць і церці скуру мачалкай, неабходна абмежаваць фізічныя нагрузкі, не варта насіць вопратку з шарсцяных і сінтэтычных тканінаў.
Без лячэння сімптомы знікаюць праз 2-6 тыдняў. У рэдкіх выпадках – праз 4-6 месяцаў. Рэцыдывы для лішая Жыбера не характэрныя.
У выпадку, калі працэс выздараўлення зацягваецца альбо з’яўляюцца ўскладненні, урач-дэрматолаг можа прызначыць дадатковае лячэнне: прэпараты для ўмацавання імунітэту, антыгістамінныя лекавыя сродкі, картыкастэроідныя мазі.
Акрамя медыкаментознага лячэння ружовага лішая, прызначаюць гіпаалергенную дыету. Давядзецца выключыць прадукты, якія могуць выклікаць алергічную рэакцыю: цытрусавыя, яйкі, садавіну чырвонага колеру, шакалад, каву, алкагольныя напоі, мёд, арэхі.
Як пазбегнуць захворвання
Рэцэпт тут толькі адзін. З-за таго, што прырода з’яўлення ружовага лішая невядомая, асноўная рэкамендацыя – сачыць за станам імуннай сістэмы. Моцны імунітэт і адсутнасць стрэсаў дапамогуць пазбегнуць узнікнення захворвання.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by