Site icon Слушна

Рыбін тлушч: карысць і шкода

«Калісьці быў вельмі папулярным рыбін тлушч. Сёння пра яго чуем зрэдку. Што змянілася ў ацэнцы яго карыснасці?» Такое пытанне даслала на сайт наша чытачка з г.Высокае Камянецкага раёна Марыя Раманюк.

Насамрэч рыбін тлушч ніколі не губляў папулярнасці. Праўда, у часы СССР яна была хутчэй са знакам «мінус». У дзіцячых садках і школах дзецям штодня ў абавязковым парадку «прапісвалі» па лыжцы падобнай да алею, малапрыемнай на смак і пах вадкасці. Пачуццё агіды да яе часам было настолькі моцным, што не апраўдвалася нават безумоўнай карысцю харчовай дабаўкі.

Сёння рыбін тлушч даступны і ў традыцыйнай вадкай форме, і ў капсулах. Прымаць яго ці не – пытанне асабістага выбару. Але, як правіла, сапраўднымі знатакамі карысных уласцівасцяў рыбінага тлушчу былі і застаюцца людзі, якія ўважлівыя да свайго ладу жыцця, харчавання і здароўя ў цэлым.

Дык чым жа карысны рыбін тлушч? Ці ёсць розніца, у якой форме яго прымаць? Ці можа ён прынесці здароўю не карысць, а шкоду? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць дыетолага, кандыдата медыцынскіх навук Надзею Рабаву.

Што ўяўляе з сябе рыбін тлушч?

Рыбін тлушч

Рыбін тлушч – каштоўны прадукт, які атрымліваюць з тлустых гатункаў рыбаў, што жывуць пераважна ў халоднай вадзе сусветнага акіяна (селядзец, скумбрыя, траска і інш.).

Акрамя непасрэдна тлушчу, прадукт змяшчае ў тым ліку «добры» халестэрын, насычаныя, монаненасычаныя тлушчы, амега-3 і -6 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, вітаміны А і D.

 

 
Надзея Рабава
Дыетолаг, к.м.н.
Колькасць біялагічна актыўных рэчываў, злучэнняў ліпіднай прыроды, склад тлустых кіслотаў, што ў сукупнасці вызначае карысныя ўласцівасці рыбінага тлушчу, могуць адрознівацца ў залежнасці ад выгляду і асяроддзя пражывання рыбы, а таксама ад органаў і тканак, у якіх ён утрымліваецца. Асабліва багаты на карысныя рэчывы тлушч, які атрымліваецца з мяса (мышцаў) рыбаў каштоўных гатункаў, напрыклад, ласося. У ім утрымліваецца больш эйказапентаенавай (ЭПК) і доказагексаенавай (ДГК) амега-3 тлустых кіслотаў. А таксама рафінаваны тлушч, г.зн. які атрымаў высокую ступень ачысткі, з-за мінімальнага ўтрымання таксічных рэчываў.

Акрамя таго, рыбін тлушч валодае высокай энергетычнай каштоўнасцю. Каларыйнасць 100 грамаў прадукту складае 902 ккал.

У чым заключаецца карысць рыбінага тлушчу для чалавека?

Перш за ўсё, рыбін тлушч служыць багатай крыніцай амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў: эйказапентаенавай (ЭПК) і доказагексаенавай (ДГК). Яны адносяцца да эсэнцыяльных, г.зн. незаменных, і ў арганізме не сінтэзуюцца. Аптымальны спосаб забяспечыць іх паступленне – уключаць у рацыён харчовыя прадукты, багатыя на амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты.

Даказана, што ў амега-3 тлустых кіслотаў ёсць шэраг перавагаў для здароўя чалавека:

  • яны валодаюць супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі (удзельнічаюць у выпрацоўцы простагландынаў);
  • уплываюць на метабалізм ліпідаў і сасудзісты тонус, адпаведна спрыяюць нармалізацыі артэрыяльнага ціску;
  • зніжаюць згусальнасць крыві;
  • аказваюць спрыяльнае ўздзеянне на развіццё і функцыю нервовай тканкі;
  • падаўляюць вылучэнне гармонаў стрэсу;
  • спрыяюць пахудзенню (дапамагаюць спальваць насычаныя тлушчы ў арганізме).

Карысць рыбінаму тлушчу забяспечвае таксама высокае ўтрыманне вітамінаў А і D.

 
Надзея Рабава
Дыетолаг, к.м.н.
Вітамін А неабходны для захавання добрага зроку, здароўя валасоў, скуры, слізістых абалонак органаў дыхання і стрававання, здароўя касцей і зубной эмалі. Акрамя таго, ён валодае магутнымі антыаксідантнымі ўласцівасцямі. Вітамін D удзельнічае ў падтрыманні мінеральнага гамеастазу ў арганізме: рэгулюе фосфарна-кальцыевы абмен, захоўвае здароўе касцей, зубоў, скуры, нервовай сістэмы, імуннай і сардэчна-сасудзістай сістэмаў.

У цэлым рыбін тлушч:

  • спрыяе фарміраванню і паўнавартаснаму развіццю тканак мозгу і стымулюе разумовае развіццё;
  • закладвае аснову добрага зроку;
  • ліквідуе сімптомы сіндрому дэфіцыту ўвагі (гіперактыўнасць, імпульсіўнасць і немагчымасць засяродзіцца, неспакой і парушэнне сну) ў дзяцей;
  • умацоўвае імунітэт;
  • паляпшае стан костак;
  • спрыяе паляпшэнню стану здароўя пры шматлікіх вострых і хранічных захворваннях (бронхалёгачных, сардэчна-сасудзістых і іншых).

Якая патрэба сучаснага чалавека ў рыбіным тлушчы?

Пры недахопе або адсутнасці ў рацыёне прадуктаў, якія змяшчаюць амега-3 і -6 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, тлушчараспушчальныя вітаміны, ужыванне рыбінага тлушчу ў якасці харчовай дабаўкі застаецца актуальным і апраўданым. Прычым гэта справядліва ў дачыненні да дзяцей і дарослых, вяскоўцаў і гараджан, мужчын і жанчын.

 
Надзея Рабава
Дыетолаг, к.м.н.
А вось якую колькасць рыбінага тлушчу ўжываць – гэтае пытанне лепей вырашыць з урачом. Індывідуальная патрэба залежыць ад шматлікіх фактараў: у першую чаргу, ад стану здароўя, мэты прыёму, зместу харчовых рэчываў (вітамінаў А, D, поліненасычаных тлустых кіслотаў і інш.) у сутачным рацыёне чалавека і г.д.

Ці ўплывае форма, у якой выпускаецца рыбін тлушч, на яго засваяльнасць?

 
Надзея Рабава
Дыетолаг, к.м.н.
Выбірайце тую форму, якая вам зручная. Галоўнае, каб рыбін тлушч быў якасным і свежым. Ужыванне рыбінага тлушчу ў капсулах прадухіляе акісленне амега-3 тлустых кіслотаў і падаўжае тэрмін яго захоўвання. Калі вы вырашылі набыць вадкі варыянт, выбірайце ў ёмістасцях з цёмнага шкла, невялікага аб'ёму і выкарыстоўвайце на працягу 1-2 месяцаў. Захоўвайце ў прахалодным і цёмным месцы. Працэс акіслення амега-3 тлустых кіслотаў паскараецца пры доступе сонечнага святла і цяпла.

Ці можа рыбін тлушч нашкодзіць?

Калі прымаць рыбін тлушч па рэкамендацыі ўрача і строга прытрымліваючыся прызначанай дазіроўкі (або хаця б той, якая прадстаўленая ў інструкцыі да харчовага дадатку), шкоды не будзе.

 

 
Надзея Рабава
Дыетолаг, к.м.н.
Але рыбін тлушч не той прадукт, пра які можна сказаць: чым большая доза, тым больш карысці. Перадазіроўка можа прывесці да адваротнага эфекту і непажаданых наступстваў: зніжэння імунітэту, гіпервітамінозу тлушчараспушчальных вітамінаў, ваганню артэрыяльнага ціску ў людзей, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў і інш.

З асцярогай яго варта прымаць пры арганічных паражэннях сэрца, сардэчнай недастатковасці II-III стадыі, язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, атэрасклерозе, гіпатэрыёзе, а таксама людзям сталага веку.

Акрамя таго, існуюць і супрацьпаказанні да прыёму рыбінага тлушчу. Да іх адносяцца:

  • павышаная адчувальнасць да кампанентаў прэпарата;
  • ідыяпатычная гіперкальцэмія;
  • гіперкальцыурыя;
  • вострыя і хранічныя захворванні печані і нырак;
  • хранічны панкрэатыт;
  • мочакаменная хвароба;
  • гіпервітаміноз А і D;
  • сухоты лёгкіх (актыўная форма);
  • жоўцевакаменная хвароба;
  • тырэятаксікоз;
  • вострыя запаленчыя захворванні скуры;
  • гранулематоз і інш.

Нягледзячы на тое, што рыбін тлушч валодае шэрагам перавагаў для здароўя і служыць каштоўнай крыніцай незаменных тлустых кіслотаў, параіцца з урачом пра мэтазгоднасць яго прыёму, дозу і працягласць курсу будзе самым правільным рашэннем.

Exit mobile version