Арцём вучыцца ў 4 класе. Актыўны хлопчык заўсёды ў руху. Займаецца вакалам, ушу, скалалазаннем, марыць стаць відэаблогерам. Першыя відэа пра закінутыя будынкі зняў з сябрамі. А яшчэ – пра тое, як правільна ўводзіць інсулін. Аднойчы без прычыны Арцёма стала моцна ванітаваць у школе, на «хуткай» хлопчыка даставілі ў бальніцу і адразу паклалі ў рэанімацыю. Такім чынам бацькі даведаліся, што ў дзіцяці цукровы дыябет.
На жаль, дзяцей з такой праблемай становіцца ўсё больш. І гэта сусветная тэндэнцыя. У Беларусі больш за 2 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пакутуюць ад дыябета 1 тыпу (інсуліназалежны). 500 з іх жывуць у Мінску.
Гісторыі гэтых сем'яў розныя. Але аб'ядноўвае іх агульная бяда: у нейкі момант кожны з бацькоў сутыкнуўся з дыягназам і жыццё перавярнулася.
Дзіцячы дыябет
Узаемадапамога – не пусты гук
Жыць з дыябетам можна доўга і паўнавартасна. Але для гэтага важна валодаць інфармацыяй і адчуваць падтрымку, не заставацца ў адзіноце.
Вось ужо 6-ы год у Мінску працуе спецыяльная праграма для дзяцей з цукровым дыябетам 1 тыпу. Разам з тым, хто суправаджае, (мамай, татам, бабуляй, дзядулем і г.д.) яны могуць прыехаць у аздараўленчы цэнтр «Спадарожнік» на 18 дзён. У гэтым годзе заезд быў падвойным. Замест 30 чалавек аздаравіліся 70.
Чаму бацька сыходзіць?
Кожны перажывае бяду па-свойму. Часта жанчыны ў стане стрэсу ўсю агрэсію пераносяць на мужоў, бывае, што муж і жонка ўзаемна абвінавачваюць адзін аднаго. Па сумнай статыстыцы, праз год пасля дыягназу ў дзіцяці, палова мужчын пакідае сем'і. Ставіцца да гэтага можна па-рознаму. Хтосьці асуджае, а хтосьці кажа пра тое, што праблему магла б вырашыць прафесійная псіхалагічная дапамога.
Калі бацькі даведваюцца пра такую цяжкую хваробу ў свайго дзіцяці, першая рэакцыя – шок. Кожны спрабуе ўспомніць, што зрабіў не так, у чым памыліўся: «Мы не закармлівалі дзяцей прысмакамі. Чаму гэта адбылося менавіта з намі?» Праўда ў тым, што захворванне – аўтаімуннае. І з ім трэба навучыцца жыць. У рэжыме падліку хлебных адзінак і дозы інсуліну. Такія дзеці разумныя не па гадах. Многія з іх ужо з 6 гадоў самі колюць сабе ўколы.
Як распазнаць у дзіцяці дыябет?
- Смага. Дзіця пачынае піць і хадзіць у прыбіральню часцей, чым звычайна (у тым ліку ўначы), можа з'явіцца нетрыманне мачы.
- Слабасць, стамляльнасць, – невытлумачальная, нематываваная.
- Зніжэнне масы цела.
Калі вы заўважаеце такія прыкметы ў свайго дзіцяці, абавязкова здайце аналіз крыві на цукар.
Што такое гіпаглікемічны стан і як з ім зладзіць?
Адно з самых распаўсюджаных ускладненняў – гіпаглікемічны стан (калі цукар у крыві вельмі нізкі, што пагражае комай). Прычыны самыя розныя: магчыма, ад таго, што ўвялі больш інсуліну, чым трэба. Або паелі мала. Ці наадварот і паелі добра, і інсуліну ўвялі дастаткова, але больш рухаліся (фізічная нагрузка зніжае ўзровень цукру).
Нашы дзеці – такія ж, як і ўсе астатнія
Пік захворвання на цукровы дыябет 1 тыпу ў дзяцей прыпадае на 5-9 гадоў. І тут бацькі сутыкаюцца з яшчэ адным пытаннем: стаўленне ў садзе і школе.