Site icon Слушна

Са святам, калегі! Пан Станіслаў, з 200-годдзем!

Адмысловы сёння дзень. Для многіх. Першы выхадны, які распачынае чараду майскіх святкаванняў. Маё любімае прафесійнае свята – Дзень друку (проста асабіста ў мяне прафесійнае, па сутнасці, не адно). А для аматараў класічнай музыкі, а таксама жыхароў Чэрвеньшчыны (старажытнай Ігуменшчыны) – значны юбілей знакамітага земляка, ураджэнца нашых мясцінаў, беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі. Ажно 200 год яму сёння, 5 мая!

...Штораз прычакаўшы чарговы Дзень друку, разважаю пра тое, што не дужа-то ўдала яго назвалі. Насамрэч мала хто атаясамлівае гэты самы друк з прафесійным святам журналістаў.

Але мы сёння сапраўды святкуем! І шчыра віншуем найперш вас, шаноўныя калегі-журналісты! А таксама ўсіх-усіх-усіх, хто мае да Дня друку самае непасрэднае дачыненне! Няхай не ведаюць стомы вашы рукі на клавіятуры, часцей наведвае капрызлівая спадарыня Муза, сустракаюцца на шляху цікавыя субяседнікі, дастойныя героі аповедаў, а праца годна ацэньваецца і заахвочваецца!

...Напачатку ён быў толькі ў дрэве. Выраблены мясцовым скульптарам-мастаком Генадзем Матусевічам. Затым яго ўвасобілі ў помніку-бюсце – па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Чэрвеньскага райвыканкама. І зараз у горадзе Чэрвені іх – два.

Магчыма, так магло б пачынацца пытанне ў папулярнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. А далей – заданне для знатакоў: назавіце імя таго, пра каго ідзе размова. Хто ён, гэты таямнічы незнаёмец, уганараваны ажно двойчы?!

Зрэшты, для чэрвеньцаў пытанне складанасцяў не ўяўляе. Канешне, размова ідзе пра знакамітага земляка, ураджэнца колішняга фальварка Убель, кампазітара, заснавальніка нацыянальнай опернай школы Станіслава Манюшку, чыё 200-годдзе ўся культурная грамадскасць Беларусі святкуе сёння.

І не толькі беларуская! Сваім, і небеспадстаўна, яго лічаць таксама палякі. Але ў гэтыя святочныя дні мы не будзем яго дзяліць, а лепей аб’яднаемся ў агульным захапленні талентам Творцы і скажам яму «дзякуй»!

Вядома, не ўсе мы – музыказнаўцы, не ўсе – шчырыя прыхільнікі класічнай музыкі. Для кагосьці Станіслаў Манюшка атаясамліваецца толькі з партрэтам, барэльефам, помнікам…  Зрэшты, ведаць гэтае імя ў нашым вірлівым хуткаплынным свеце – ужо нямала.

Я не буду пералічваць вядомыя факты з біяграфіі славутага земляка, яго творы… Бо зараз з дапамогай інтэрнэту можна знайсці абсалютна ўсё – было б жаданне. А нагода – вось яна: прыгожая дата. Я проста прапаную вам, шаноўныя сябры, заплюшчыць вочы і перанесціся ў думках… на 200 гадоў таму. І няхай паспрыяе сіле нашага ўяўлення сярод іншага малюнак сядзібы Манюшкаў, які выйшаў з-пад таленавітых рук мастака Напалеона Орды.

…Кажуць, цёпла і прыемна было тады 5 мая. Зірнеш на выяву – і, здаецца, насамрэч адчуваеш тую сельскую ідылію. І ў чарговы раз пашкадуеш, што няма ў нас машыны часу. А так хацелася б пабачыць усё на свае вочы! Зрэшты, мець такія выявы – таксама шчасце.

Станіслава Манюшку часта называюць кампазітарам-рамантыкам 19 стагоддзя. А што можа быць рамантычней за прыгожую легенду?! Згодна яе, калі матуля тыдні праз два пасля нараджэння Стасіка вынесла малога ў калысцы на веранду, туды прыляцелі… ластаўкі і пачалі віць гняздо!

Пазней у хлопчыка выявіліся музычныя здольнасці. І дзякуй яго маці – пані Альжбеце, адоранай піяністцы, якая вырашыла займацца з сынам. Бо ў іншым выпадку – хто ведае?! – ці прыгадвалі б мы яго з такім захапленнем ажно праз 200 гадоў пасля нараджэння… І невыпадкова фестываль-конкурс маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі назвалі так трапна, так прыгожа – «Убельская ластаўка».

І вось хочаце – верце, хочаце – не, але аднойчы на нашай дачнай сядзібе замітусіліся ластаўкі, рупліва будуючы пад страхой… адразу два гняздзечкі – з абодвух бакоў. І раптоўна думка наведала: сёння ж 5 мая, дзень народзінаў Станіслава Манюшкі! Не ведаю, што гэта быў за знак, але з таго часу гэтая дата заўсёды ўсплывае ў памяці ў патрэбны момант. Так знакаміты зямляк асабіста для мяне стаў больш блізкім.

І верш у яго гонар тады неяк склаўся сам па сабе. Імя ж чамусьці для мяне прыгожа гучыць на польскі манер – СтанІслаў. Так і пакінула...

 беларускі і польскі кампазітар Станіслаў МанюшкаСТАНІСЛАВУ МАНЮШКУ

Вясною шчодрай, напачатку мая,

Мы ўрачыста-ўзнёсла вымаўляем

Імя таго, хто зразумелы ўсім і блізкі,

Імя знаёмцы добрага – «СтанІслаў».

Яму Ігуменшчына наша роднай стала,

На свет з’явіцца тут было наканавана,

Дзе голас маці – светлы, звонкі, чысты –

Пяшчотна клікаў летуценніка: «СтанІслаў!»

Прырода вабіла Манюшку, чаравала,

Суладдзе гукаў усіх падаравала.

Ля хаты ластаўкі кружылі нізка-нізка,

А ў шчабятанні чулася: «СтанІслаў»...

І з гукаў тых, квітнелі што ў родным краі,

Пасля ён дзіўныя мелодыі складае.

І педагог, і дырыжор, і кампазітар –

Ўсё гэта ён, Манюшка наш СтанІслаў.

Ў чарговы раз мы сёння Творцу прыгадаем,

Яго ўшануем, песняй прывітаем.

Няхай гучыць і ўдалечы, і блізка

Імя Музыкі слаўнага – СтанІслаў!

 

Exit mobile version