Вось да каго асабіста я адчуваю глыбокую павагу і пашану, дык гэта да анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Так бы мовіць, завочна, бо пакуль у справе бачыць не даводзілася. Але для мяне яны сапраўды ў пэўным сэнсе – звышчалавекі. Бо пазбаўляюць ад болю падчас хірургічнага ўмяшальніцтва, цалкам кантралюючы пры гэтым усе рэакцыі арганізма, пагружаючы ў сон і адтуль выводзячы…
Для старажытных людзей гэта ўвогуле здалося б фантастычным і нерэальным. І асабліва для тых, хто жыў у сярэднія вякі. Бо ведаеце, якая ў іх была анестэзія?! Ага… Удар па галаве цяжкім прадметам! Ой-ёй! 🙁
Чалавек страчваў прытомнасць, не адчуваў болю. І можна было праводзіць неабходнае хірургічнае ўмяшальніцтва. Але нават сабе не ўяўляю, што рабілі, калі раптам ён падчас аперацыі ў свядомасць усё ж вяртаўся… Білі другі раз?! А калі… няўдала?! І на гэтым – усё?! Так што вельмі радуе, што навука пазбавіла ад вось такіх пакутаў… нецывілізаваных.
Але над вынаходніцтвам нармалёвай анестэзіі даследчыкі працавалі даволі доўга. Дакладна невядома, хто ж першы ўдала і цывілізавана яе прымяніў, але да нашага часу дайшло імя вядомага стаматолага Томаса Мортана. Відаць, таму і дайшло, што быў вядомым…
І таксама прыемна, што пачалі прымяняць анестэзію менавіта ў стаматалогіі. Бо, як вядома, цярпець зубны боль могуць нямногія. І асабліва – калі свідруюць зуб нажывую… А тут…
Відавочна пашанцавала таму пацыенту доктара Мортана (а было гэта ў 1864 годзе), які на гадзіну з невялікім атрымаў першы наркоз у выглядзе (калі верыць крыніцы ў сеціве) інгаляцыйнага эфіру. А сучасным анестэзіёлагам-рэаніматолагам, якія ўмеюць дакладна разлічваць час і дозу, гэта падаецца, відаць, смешным і дзіўным.
Вось і атрымліваецца, што на аперацыйным стале не ўсё залежыць ад хірурга, хірургічнай брыгады. Анестэзіёлаг-рэаніматолаг таксама павінен умець працаваць у стрэсавых сітуацыях і прымаць нестандартныя рашэнні, калі штосьці пайшло не так і стан пацыента рэзка пагаршаецца прама падчас хірургічнага ўмяшальніцтва.
Каб не пачуць (дарэчы, кажуць, што гэта ўсяго толькі выдумкі «кіношнікаў») сумнае: «Мы яго губляем!» Там ужо не да прыгожых слоў, калі лік ідзе на долі секунды.
А мне вось цікава… Часцяком за ўдала праведзеную аперацыю пацыент, які паправіўся, дзякуе хірургам, у тым ліку і на старонках газет, асабліва раённых. Ведаю, бо сама рыхтавала да друку такія падзякі.
Але практычна ні разу не сустракала, каб сярод пералічаных медработнікаў, якім дзякуюць, быў анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Чаму? Не здагадваюцца, якую ролю ён адыгрывае? Не запомнілі яго зусім? Загадка… Бо менавіта гэты спецыяліст не толькі прыводзіць чалавека ў прытомнасць, але і кантралюе яго стан пасля аперацыі.
І – так, стаць такім спецыялістам даволі складана, бо вельмі шмат усяго ён павінен ведаць і ўмець. Плюс мець пэўныя асобасныя якасці. Бо суперажыванне, нават калі тых хворых – «канвеер», яшчэ ніхто не адмяняў…
Вы ўжо губляецеся ў здагадках, чаму сёння ў мяне такія думкі ўслых?! Дылетанцкія, вядома ж… Сапраўды, не проста так, а з нагоды! Бо менавіта 16 кастрычніка ў многіх краінах святкуецца Сусветны дзень анестэзіі! Ён жа – Дзень анестэзіёлага, Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага.
Дружная каманда Слушна шчыра віншуе ўсіх, хто мае дачыненне да гэтага свята! І найперш – нашага кіраўніка аддзела інтэрнэт-праектаў, шаноўную Вольгу Іванаўну Святліцкую!
Бо яна – урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Член Прэзідыума Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, Беларускай асацыяцыі ўрачоў і Еўрапейскай асацыяцыі клінічнага харчавання і метабалізму.
Усім – моцнага здароўя, дабрабыту, удачы і шанцавання, пабольш спакойных дзяжурстваў, сонечных дзён у жыцці і задавальнення ад зробленага!