Сярод незлічонага мноства хвароб, на якія пакутуе чалавецтва, ёсць адна, якая стала ў пэўным сэнсе эталонам жаху: любую смяротную інфекцыю параўноўваюць менавіта з ёй. Ніякая іншая хвароба не змагла зрабіць на людзей такое глыбокае ўражанне, як чума. Што такое бубонная чума? Як яна распаўсюдзілася? Як і калі ўдалося з ёй справіцца?

Мор у Eўропе.
Адкуль яна ўзялася?
Чума, або Чорная немач ці Чорная смерць, — самы масавы забойца ў гісторыі чалавецтва. Ні адна інфекцыйная хвароба не пакінула столькі жахлівых успамінаў і дэталёвых апісанняў. Праз гады чума то з’яўлялася, то знікала, то зноў вярталася. Пошасці папярэднічалі адна за адной незвычайныя прыродныя з’явы: землятрусы, паводкі, засухі, неўраджаі, жудасны зімовы холад, нашэсці саранчы ды інш.
Па латыні чума — Pestis, а бактэрыя, якая выклікае захворванне, — Yersinia pestis. На працягу тысячагоддзяў гэтая бактэрыя знаходзілася ў адносна спячым стане, толькі зрэдку праяўлялася. Так было ажно да 6 стагоддзя нашай эры. Менавіта ў гэты момант у Егіпце раптоўна спалыхнула эпідэмія бубоннай чумы. Да гэтага часу незразумела, як яна патрапіла туды з Цэнтральнай Азіі. Але так пачалася глабальная пандэмія ў гісторыі чалавецтва.
З часам стала вядома, што бубонная чума распаўсюджваецца заражанымі блыхамі, якія жывуць на спінах пацукоў. Пацукі хаваюцца на караблях і жывуць побач з людзьмі. Таму, калі караблі перавозяць пацукоў у новыя гарады, хвароба непазбежна ідзе следам за імі. У канчатковым выніку пацукі паміраюць, а блыхі, якія насамрэч пераносяць хваробу, шукаюць новых гаспадароў і скачуць на людзей. Калі блыха кусае чалавека, бактэрыя трапляе ў арганізм і хутка распаўсюджваецца па яго лімфатычнай сістэме.
Сімптомы хваробы
У інфікаванага чалавека можа не быць ніякіх сімптомаў на працягу ад аднаго да сямі дзён пасля ўкусу. Але ў канчатковым выніку ў яго выявяцца ліхаманка, дрыжыкі, ваніты і так званыя бубоны — павялічаныя лімфавузлы. Вонкава яны падобныя на велізарныя мазалі, якія з'яўляюцца ў падпахавых западзінах, у пахвіннай вобласці і на шыі. Чалавек адчувае наймацнейшыя болі, выкліканыя раскладаннем скуры. Без належнага лячэння смяротнасць складае ад 30 да 90 адсоткаў. (І нават пры сучасным лячэнні ўзровень смяротнасці застаецца на ўзроўні каля 10 %.)
Бубонная чума распаўсюдзілася, калі караблі са збожжам і заражанымі пацукамі адправіліся з Егіпта ў Канстанцінопаль — самы вялікі на той час горад. Калі хвароба туды патрапіла, яна знішчыла 40 % яго насельніцтва, заразіўшы нават імператара. Апынуўшыся ў самым цэнтры Візантыйскай імперыі, чума з хуткасцю ляснога пажару распаўсюдзілася далей на караблях, якія адпраўляліся ў парты па ўсім Міжземнамор’і. Чацвёртая частка ўсіх людзей, якія жылі ва ўсходнім міжземнаморскім рэгіёне памерлі ўсяго за колькі гадоў. А дзясяткі мільёнаў загінулі па ўсёй Еўразіі.
У выніку першая глабальная пандэмія прывяла да гібелі 13 % усіх людзей свету, якія жылі на той час. Пасля сярэдзіны 8 стагоддзя чума нарэшце аціхла і заставалася адносна бяздзейнай некалькі соцень гадоў.
Пахаванне ахвяр чёрнай смерці ў Турне. Мініяцюра Пера дэ Цітла (1353г.)
Другая эпідэмія
Але сама страшная пандэмія бубоннай чумы ўспыхнула ў 1346–1353 гадах і распаўсюдзілася ў Еўропе, Азіі і частцы Афрыкі. Асабліва яна лютавала ў Заходняй Еўропе. У Італіі, Францыі і Іспаніі вымерла да 75 % жыхароў. У Англіі загінула 70 % насельніцтва, у Нарвегіі 60 %, а ў Нямеччыне 20 %. Колькасць насельніцтва ў Парыжы і Лондане скарацілася ўдвая. Кажуць, у Парыжы пасля пандэміі з 300 тысяч чалавек засталося менш за 3 тысячы. Паміралі гараджане і сяляне, бедныя і багатыя, рабы і каралі. Паміралі ўсе. Па розных ацэнках, ад хваробы тады загінула больш за 25 млн чалавек — каля траціны тагачаснага насельніцтва.
Трупы памерлых ад бубоны чумы амаль адразу чарнелі, чым выклікалі жах яшчэ жывых супляменнікаў. Менавіта з-за гэтай асаблівасці мёртвых цел хвароба і атрымала сваю назву. Чорная смерць не шкадавала нікога. Вуліцы і плошчы гарадоў былі завалены напаўраскладзенымі трупамі, якія не было каму хаваць. Мільёны гараджан у паніцы збеглі з гарадоў, але гэта мала дапамагала: сярод бежанцаў звычайна знаходзіўся хоць адзін хворы на чуму, чаго было дастаткова для заражэння ўсіх навакольных.
Чума на нашых землях
У сярэдзіне 14 cтагоддзя эпідэмія чумы ахапіла амаль усю Еўропу. У 1348 годзе яна прыйшла ў Полацк. Лічыцца, што гэтая хваля пошасці ўзнікла на Цібецкім узвышшы, па “шаўковым шляху” прыйшла ў Прычарнамор’е, а пасля па Дняпры — на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У Пскоў жа ў 1351 годзе пошасць патрапіла з Лівоніі. У гэтыя ж часы летапісы гавораць пра эпідэміі чумы ад Кіева і Чарнігава да Смаленска і Белавозера. Паводле летапісаў, вялікі голад і мор, а большасць навукоўцаў лічаць, што гэта была чума, прыйшлі ў ВКЛ у 1365 годзе.
У 1389 годзе пасля велізарнага мору ў Смаленску засталося толькі 10 жыхароў.
У 1424 годзе ў ВКЛ і Маскоўскім княстве пачаўся чарговы мор. Ды такі сур’ёзны, што вялікі князь літоўскі Вітаўт і кароль польскі Ягайла на пэўны час пакінулі свае рэзідэнцыі і жылі ў лясах.
Наступная пошасць чумы на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага надарылася ў 1464–1465 гадах, і прыйшла яна з Прусіі. Як пазней пісаў пра той час Мацей Стрыйкоўскі, “людзі, ходзячы, падчас ежы, седзячы, падчас сну або паездкі раптам падалі заражанымі”.
Але, у параўнанні з іншымі краінамі Еўропы, на тэрыторыі сённяшняй Беларусі тады было менш ахвяраў, дзякуючы прыродным межам — Белавежскай Пушчы і Палескім балотам.
У 16 стагоддзі чума прыходзіла ў Полацк, Смаленск, Цвер і Пскоў. Моцна спустошыла яна Полацк ў 1566 годзе. У цэлым па Еўропе вялікая чума была яшчэ ў 1660-х гадах. З 18 стагоддзя эпідэміі чумы абмяжоўваліся асобнымі краінамі.
Па рэкамендацыі нямецкіх лекараў сталі шырока выкарыстоўваць аліўкавы алей — як унутр, так і для націранняў. Засноўваліся медыцынскія супрацьчумныя арганізацыі. Але пошасці яшчэ працягваліся. Так, з кастрычніка 1710 па сярэдзіну студзеня 1711 гадоў чорная смерць лютавала ў Мінску. Улады нават забаранілі службы ў храмах. У 1820-я гады ўспышка чумной хваробы здарылася ў рускай арміі падчас турэцкага паходу. У медыцынскай літаратуры згадваецца чума ў Адэсе яшчэ ў 1910 годзе.
Чумная смерць выклікала ўспышку масавага рэлігійнага фанатызму і адчаю. Пачыналася калектыўнае вар’яцтва, адчуванне вінаватасці і грэшнасці. Некаторыя самі капалі сабе магілы і збівалі труны. Грэшнікі каяліся і ў тастаментах адпісвалі сваю маёмасць храмам і манастырам, якія хутка багацелі. На тэрыторыі Беларусі акрамя маленняў і хрэсных працэсій практыкавалі пабудову капліц і храмаў па аброку. Сведчаннем чумных эпідэмій на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца народныя назвы сярэднявечных пахавальных помнікаў, напрыклад, Чумныя курганы, Чумныя могілкі, Чумное кладбішча і да таго падобныя.
Чума ў Полацку. Радзівілаўская летапісь канец 15 ст.
Чумныя дактары
У тыя часы ўжо практыкавалі каранцінныя меры: на вуліцах пастаянна палілі вогнішчы, людзі стараліся перасяляцца ў лясныя вёскі. Маёмасць і дамы памерлых спальвалі, хворых акурвалі смалістымі лучынамі, дыхалі парамі салетры. Для пахавання памерлых стваралі спецыяльныя каманды з асуджаных на смерць.
У такіх умовах гараджане плацілі за паслугі спецыяльным «чумным лекарам», у абавязкі якіх уваходзіла знаходжанне ў горадзе да канца эпідэміі і лячэнне пацярпелых. Як правіла, гэтай няўдзячнай і вельмі небяспечнай працай займаліся пасрэдныя лекары, якія не здолелі знайсці лепшую працу, або маладыя выпускнікі медыцынскіх факультэтаў.
Для абароны ад хваробы чумныя лекары насілі знакамітую маску з дзюбай — адсюль іх мянушка падчас эпідэміі — «дзюбатыя лекары». Маска, якая першапачаткова закрывала толькі твар, але пасля вяртання чумы ў 1360 годзе стала закрываць усю галаву, выраблялася з тоўстай скуры з акулярамі для вачэй, а ў дзюбу змяшчалі кветкі і зёлкі — пялёсткі ружаў, размарын, лаўр, ладан і г. д., якія, як лічылася, абаранялі ад чумы.
Шчыльны чорны строй гэтак жа вырабляўся са скуры або ваксаванай тканіны і складаўся з доўгай кашулі, якая даходзіла да пят, штаноў і высокіх ботаў, а таксама пары пальчатак. Чумны лекар насіў у руцэ доўгую палку — яе выкарыстоўвалі, каб не дакранацца да хворага рукамі і, акрамя таго, каб разганяць разявак на вуліцы. Аднак, нягледзячы на гэта, шматлікія лекары гінулі, спрабуючы дапамагчы сваім пацыентам.
У беларускіх гарадах такія касцюмы насілі каталіцкія манахі, якія бралі на сябе абавязак прыбіраць трупы і клапаціцца пра хворых.
У 1846 г. у Парыжы адбыўся Урачэбны кангрэс, прысвечаны пытанням барацьбы з чумой. З цягам часу сталі рабіць і прышчэпкі. З вынаходніцтвам антыбіётыкаў чума пачала сыходзіць у мінулае, але бывае зрэдку і прарываецца. З 2010 па 2015 гады ў свеце было зарэгістравана 3248 выпадкаў бубоннай чумы, з іх 584 скончыліся смяротным зыходам. Апошняя буйная ўспышка чумы адбылася ў 2017 годзе на Мадагаскары: зафіксавана 2348 хворых, з іх 202 памерлі (смяротнасць склала 8,6 %).
У нашай краіне выпадкі заражэння чумой не рэгістраваліся з 1977 года.
«Пацалуй свінню ў лыч…» ды іншыя сродкі змагання з хваробамі ў старадаўняй Беларусі

