Чалавек – самы складаны механізм, створаны прыродай. За многія сотні гадоў развіцця навука і медыцына вывучылі ўладкаванне чалавечага арганізма, навучыліся выпраўляць «паломкі» і нават умешвацца ў натуральны ход падзей (напрыклад, перасаджваць органы, праводзіць штучнае апладненне, удасканальваць і мадэляваць знешнасць з дапамогай пластычнай хірургіі і г.д.).
Але гэта ў цэлым. А ў прыватнасці пра ўладкаванне і працу чалавечага мозгу і псіхікі пытанняў усё яшчэ больш, чым адказаў. Сведчаннем таму могуць служыць незвычайныя сіндромы. Некаторыя з іх не ўяўляюць пагрозы і папросту сыдуць за дзівацтвы асобна ўзятага індывіда. Некаторыя – робяць жыццё невыносным. Многія сіндромы сустракаюцца даволі рэдка і служаць прамым доказам таго, як мала яшчэ мы самі пра сябе ведаем.
Сіндром «сцярвознага твару»
Гэта адзін з прыкладаў тых сіндромаў, якія складана ўспрымаць усур'ёз. Бо калі не паглыбляцца, дык да ўладальнікаў гэтага сіндрому можна папросту аднесці добрую палову жыхароў свету – усміхаюцца мала, аддаючы перавагу «звыклай стомленай застылай масцы». Насамрэч многае тлумачыцца хранічным стрэсам, недахопам сонца і вітаміну D. Да сіндрому сцярвознага твару гэта не мае дачынення. Сутнасць яго ў тым, што ў расслабленым стане твар нават самага мегапазітыўнага аптыміста выказвае раздражненне, панурасць, пагарду і нават злосць.
Думаеце, жарт? А вось і не. Людзі з выяўленым сіндромам сцярвознага твару прызнаюцца, што ён моцна ўскладняе ім жыццё. Напрыклад, ім цяжка заводзіць новыя знаёмствы, уладкоўвацца на працу і ўзнімацца ўверх па кар'ернай лесвіцы. Ім ніколі не зрабіцца «душой кампаніі».
Вучоныя-нейрабіёлагі вызначылі, што твар чалавека ніколі не бывае абсалютна нейтральным. Нават калі ён зусім спакойны і расслаблены, не сумуе і не весяліцца, выраз твару мае няўлоўную эмацыянальную афарбоўку. Менавіта таму пры поглядзе на выпадковага прахожага мы можам адзначыць да яго сімпатыю, прыхільнасць альбо антыпатыю, абурэнне. Гэта тое самае першае ўражанне, якое фарміруецца за долю секунды. У чалавека з сіндромам сцярвознага твару няма шанцаў зрабіць добрае першае ўражанне: яго расслаблены твар мае негатыўнае эмацыянальнае адценне, нават калі ў гэты момант у жываце пырхаюць матылькі, а ў душы спяваюць салаўі.
Да сіндрому сцярвознага твару часцей схільныя жанчыны, чым мужчыны. Але гэта не дакладна. Усё таму, што суровы мужчынскі твар хутчэй успрымаецца як прыкмета мужнасці. А вось жанчыны традыцыйна павінны ўвасабляць пяшчоту і мяккасць. Але атрымліваецца не заўсёды.
Сіндром сцярвознага твару не лечыцца ў класічным разуменні гэтага слова. У дапамогу – масаж твару, мімічная гімнастыка і сакрэты ўдалага макіяжу.
Сіндром «выбуховай галавы»
Насуперак уяўленням, стрэс – гэта не заўсёды дрэнна. Ён дапамагае нам заставацца ў тонусе і эфектыўна спраўляцца з нервовымі, эмацыянальнымі і фізічнымі нагрузкамі. Арганізм пачынае «збоіць», і выяўляецца гэта па-рознаму: расстройствамі, хранічнай стомленасцю і развіццём захворванняў альбо абвастрэннем ужо наяўных.
Сіндром «выбуховай галавы» вучоныя звязваюць якраз з наступствамі назапашанага стрэсу, эмацыянальных узрушэнняў і празмернага нервовага напружання.
Сіндром «выбуховай галавы» немагчыма зблытаць ні з чым іншым, надта спецыфічныя ў яго праявы. Перад засынаннем чалавек раптам адчувае ў галаве гучны шум альбо гук, падобны на выбух. Гукавыя эфекты, якія палохаюць, могуць суправаджацца выбліскамі святла. Чалавека ахоплівае паніка з усімі вынікаючымі фізічнымі праявамі: робіцца цяжка дыхаць, сэрца літаральна выскоквае з грудзей, прабівае пот.
Падобныя адчуванні могуць абудзіць чалавека, калі ён ужо заснуў. У гэты момант адчуванні абвастраюцца і могуць напалохаць яшчэ больш.
Каб пазбавіцца ад сіндрому «выбуховай галавы», досыць прывесці ў парадак нервовую сістэму і нармалізаваць сон. Калі методыкі расслаблення не дзейнічаюць, ёсць сэнс звярнуцца па дапамогу да спецыяліста. Заплюшчыць вочы на начны «салют» у галаве наўрад ці атрымаецца. Пры гэтым сітуацыя можа дайсці да таго, што чалавек пачне адчуваць страх перад надыходзячай ноччу, а нервовае напружанне і стан дыстрэсу будуць толькі ўзмацняцца.
Сіндром сарамлівага мачавога пузыра
Інакш яго называюць парурэзам. У адрозненне ад двух папярэдніх сіндромаў, гэты вылучаецца даволі вялікай шырынёй распаўсюджання. Ды такой, што людзі, схільныя да парурэзу, палічылі неабходным аб'яднацца ў Міжнародную асацыяцыю, каб разам вырашаць свае праблемы. Па дадзеных арганізацыі, сіндром сарамлівага мачавога пузыра перашкаджае жыць як мінімум 200 мільёнам людзей ва ўсім свеце.
Што ж крыецца за расстройствам з такой далікатнай назвай? Усё відавочна: чалавек з сіндромам сарамлівага мачавога пузыра фізічна не можа схадзіць у прыбіральню па патрэбе, калі ведае, што побач знаходзяцца іншыя людзі. І гаворка не толькі пра грамадскія месцы: кінатэатры, кавярні, працоўны офіс... Непераадольнай перашкодай справіць натуральную патрэбу могуць стаць нават родныя людзі – сямейнікі.
Ніякай «арганікі» ў праблеме няма – чыстая псіхалогія. Затое наступствы могуць быць самыя розныя: ад сацыяльнай ізаляцыі (ні гасцей запрасіць, ні самому ў людзі выйсці) да фізічных хваробаў, паколькі «цярплівасць» павялічвае рызыку развіцця урагенітальных інфекцый.
Але ёсць добрая навіна: сіндром сарамлівага мачавога пузыра не назаўжды. Праўда, каб ад яго пазбавіцца, спатрэбіцца праца з псіхолагам, магчыма, доўгая.
Сіндром Мюнхгаўзэна
У той час, як ва ўсім свеце выразна прасочваецца трэнд за здаровы лад жыцця, прафілактыку захворванняў, каб як мага даўжэй заставацца здаровым і радзей звяртацца па дапамогу да ўрачоў, ёсць людзі, якіх хлебам не кармі – дай палячыцца. Яны з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю... сімулююць хваробы, прычым чым цяжэйшая хвароба, тым лепей. Дзеля таго, каб пераканаць усіх у сваёй хваробе, яны гатовыя на тое, каб свядома наносіць сабе фізічную шкоду і калецтвы, псаваць аналізы, напрыклад, «разводзячы» мачу гразёю.
У сваім прадстаўленні людзі з сіндромам Мюнхгаўзэна настолькі пераканаўчыя, што часам ім вераць нават урачы. Яны прызначаюць абследаванні, тэрапію. Вядомыя выпадкі, калі справа даходзіла да аперацый!
У сіндрому Мюнхгаўзэна шмат агульнага з іпахондрыяй. Іх падзяляе тонкая мяжа. Прага лячыцца ў іпахондрыкаў выкліканая ўласнай цвёрдай думкаю ў наяўнасці цяжкіх хваробаў. Яны не чакаюць спагады ад навакольных. Галоўная мэта – знайсці і абясшкодзіць заразу. Людзям, схільным да сіндрому Мюнхгаўзэна, наадварот, спачуванне і ўвага навакольных прынцыпова важныя. Гэта і ёсць мэта. Чым «цяжэйшая хвароба», тым больш спагады. Чым «горшыя» пакуты, тым большая эмпатыя.
Сіндром Мюнхгаўзэна можа быць як самастойным расстройствам, выкліканым рознымі псіхалагічнымі прычынамі (напрыклад, недахоп увагі і клопату ў дзяцінстве ці, наадварот, гіперапека з боку бацькоў), так і клінічнай праявай цяжкіх псіхічных расстройстваў.
Дыягнаставаць сіндром Мюнхгаўзэна няпроста, яшчэ больш складана яго лячыць. Парадокс у тым, што, выдумляючы сабе мноства хваробаў, людзі з сіндромам Мюнхгаўзэна наадрэз адмаўляюцца прызнаваць менавіта гэты дыягназ.
Сіндром неспакойных ног
Той самы сіндром, які быццам бы ёсць, але якога быццам бы няма. А ўсё таму, што вельмі можа быць, што сіндром неспакойных ног – гэта менавіта ваша гісторыя, проста вы пра гэта не ведаеце. Кожны 10-ы жыхар Зямлі мае гэтыя непрыемныя адчуванні і часта не разумее: гэта норма ці не?
Сіндром дыскамфортных адчуванняў у нагах, калі вы кладзяцеся спаць. Гэтыя адчуванні людзі апісваюць па-рознаму: адным здаецца, быццам пад скурай кішаць мурашкі, іншым – нібы абпальвае агнём, трэція адчуваюць міжвольныя некантралюемыя паторгванні канечнасцяў, чацвёртыя проста не могуць знайсці зручнае становішча ног, і яго даводзіцца змяняць па некалькі разоў за хвіліну...
Факт у тым, што спаць так немагчыма. Непрыемныя адчуванні (а часам і фізічны дыскамфорт) прымушаюць чалавека ўставаць з ложка і хадзіць, толькі гэта прыносіць палёгку. І так з ночы ў ноч. Прывітанне, бяссонніца!
Сіндром неспакойных ног часцей за ўсё бывае выкліканы дэфіцытам жалеза ў арганізме. Але таксама можа сігналізаваць пра сур'ёзныя неўралагічныя парушэнні. Таму і дыягнаставаць, і лячыць яго трэба правільна. «Неспакойныя ногі» – сіндром, пра які варта распавесці асобна. І мы абавязкова гэта зробім у бліжэйшы час.