Да Вялікадня ў гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскай вобласці пачынаюць рыхтавацца загадзя — за паўтара месяца да свята змешваюць здробненыя кавалачкі кары дуба і алешыны, запраўляюць іржавымі цвікамі, сокам квашанай капусты або воцатам, даліваюць вадой і ставяць у цёмнае халоднае месца.
Гучыць дзіўна? Не тое слова. Тым не менш менавіта такім чынам вось ужо гадоў сто ці нават больш мясцовыя майстры замешваюць фарбу для велікодных яек, якая надае ім зусім непаўторны фірмовы колер — ад вельмі густога цёмна-карычневага да чорнага.
З мэтай папулярызацыі «сапоцкінскай пісанкі» як аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны, у Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры адкрыты Музей пісанкі. У ім сабрана больш за 1500 яек, сярод якіх не толькі работы мясцовых майстроў, але і «нетрадыцыйныя» пісанкі, выкананыя з керамікі, крышталю, саломы. У экспазіцыі прадстаўлены страусіныя яйкі, на якіх намаляваны лікі святых і храмы Гродзенскага раёна.
Самаму старому размаляванаму яйку, якое тут захоўвацца – каля 20-ці гадоў. Яно не пустое, усярэдзіне ёсць і бялок і жаўток. Сакрэт у тым, што яйка пасля размалёўкі нельга рухаць з месца на працягу года. Кранеш раней - выбухне (і абдасць малапрыемным змесцівам тых, хто апынецца побач).
У музеі можна не толькі ўбачыць, але і самому паспрабаваць распісаць «сапоцкінскую пісанку» і пазнаёміцца з тэхнікай вырабу велікодных вербачак, убачыць калекцыю рарытэтных паштовак да галоўнага хрысціянскага свята.
Галоўны стэнд музея прадстаўляе 95 яек з традыцыйнымі сапоцкінскімі пісанкамі 16-ці розных майстроў з Сапоцкіна і бліжэйшых населеных пунктаў.
Яйкі ёсць зусім чорныя і святлейшыя — гэта залежыць ад таго, колькі настойвалася фарба і колькі яйка ў ёй ляжала. Чым даўжэй настойваецца фарба і чым даўжэй ляжыць у ёй яйка, тым чарнейшы і насычанейшы колер атрымаецца. Таксама малюнак можа быць белым або жоўтым — гэта залежыць ад таго, якога колеру яйка — белае ці жоўтае.
Акрамя курыных вы таксама можаце бачыць гусіныя яйкі, яйкі качак і нават страусіныя яйкі. Ёсць іншы варыянт, калі з маляванак не здымаецца воск. Выглядаюць яны не менш прыгожа, малюнак на іх жоўты.
У асноўным майстры малююць на пісанках рамонкі, лісточкі і іншыя вясновыя сімвалы, традыцыйнаму малюнку ўжо больш за сто гадоў – ён перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Гісторыя і традыцыі тыдня перад Вялікаднём. Што трэба ведаць?
Каб зрабіць традыцыйную сапоцкінскую пісанку, патрэбна кара дуба і алешыны, іржавае жалеза. Жалеза і кара заліваюцца кіпенем, настой ставіцца ў халоднае месца, напрыклад, у склеп. Фарба гатова да выкарыстання праз месяц ці нават два. Чым даўжэй настойваецца, тым больш інтэнсіўная па колеры і трывалая па якасці атрымліваецца фарба. Чорна-карычневая, амаль чорная, уражвае незвычайнай глыбінёй вельмі прыгожага складанага колеру. Малюнак наносіцца воскам. Воск выкарыстоўваецца натуральны пчаліны, яго падпальваюць і падтрымліваюць тэмпературу ўвесь час, пакуль займаюцца дэкарыраваннем. У хатніх умовах карыстаюцца газавай ці электрычнай плітой, ці падсвечнікам для арома-свечак. Перад нанясеннем малюнка яйка трэба крыху пагрэць у руцэ. Наносяць воск інструментам, які называецца пісак — гэта палачка з убітым у яе цвікам. Цвік макаюць у распалены воск і наносяць на паверхню яйка кропку або выцягнутую кропельку. Наносіць трэба вельмі хутка, бо воск імгненна застывае.
Можна ўключаць фантазію і маляваць, што душы заўгодна. Такі, здавалася б, нешырокі дыяпазон выяўленчых матываў моцна абмяжоўвае магчымасці майстрыц, але насамрэч рознае камбінаванне кропак і кропелек дае мноства варыянтаў дэкору.
Спачатку на яйка наносіцца воскам малюнак. Пасля гэтага яйкі апускаюць у фарбавальнік. Каб воск слез, раней яйка апускалі ў гарачы настой цыбульнай шалупіны.
Распаўсюджаны і ў афарбоўцы чырвоны колер — ад залаціста-аранжавага да цёмна-чырвонага — атрымліваецца вытрымкай або праварваннем у адвары цыбульнай шалупіны. Насычанасць афарбоўкі залежыць як ад часу вытрымкі, так і ад канцэнтрацыі чырвонасці адвара.
У экспазіцыі прадстаўлены страусіныя яйкі. Яны былі распісаны майстрам Ларысай Касіцкай з благаслаўлення сввятара.
Традыцыі роспісу велікодных яек у г.п. Сапоцкін перадаюцца наступным пакаленням. Яшчэ ў дзяцінстве дзеці разам з дарослымі рыхтуюцца да Вялікадня: бачаць, вучацца і бяруць удзел у афармленні велікодных яек. Такім чынам, яны запамінаюць тыя традыцыі, якія існавалі ў гэтай мясцовасці.
У музеі захоўваюцца калекцыі многіх мясцовых майстроў. Тэхніка ў кожнага свая. Найбольш распаўсюджаныя і любімыя матывы — гэта рамонкі, дзьмухаўцы, лісточкі — ўзоры, якія адлюстроўваюцца з даўніх часоў. Чорныя з белым малюнкам пісанкі ўвасабляюць ноч і дзень, дабро і зло, сум і радасць.
У музеі захоўваюцца не толькі традыцыйныя пісанкі, але і яйкі ў іншых розных тэхніках: керамічныя, драўляныя, з пацерак, нават упрыгожаныя макаронамі, грэчкай, фасоллю, рысам.
Сапоцкінскія пісанкі — унікальны твор народнага мастацтва. Тэхналогія іх вырабу знаходзіцца пад аховай дзяржавы: у 2013 годзе яна была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
У пошуках страчанага. Пра што гавораць велікодныя традыцыі беларусаў
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by