Лета басанож бяжыць па зямлі, кліча ў вандроўкі. Хочацца не толькі дачакацца адпачынку і піць нагбом вольніцу, а кожны дзень ператвараць у незабыўную прыгоду. Едзьце ў Музей беларускай маляванкі! Ён адкрыўся ў маі 2023 года па адрасе вул. Дачная, 13 г. Заслаўе. Ад той пары беларускі рай займеў канкрэтны адрас, а мы – магчымасць трапіць у яго пры жыцці!
Экспануюцца ў музеі маляваныя дываны. Гэта традыцыйнае беларускае рамяство. Самабытныя мастакі стваралі дываны на замову – вяселле ці ўлазіны (наваселле). Была яшчэ важкая нагода: суседзі маюць, а ў нас яшчэ няма!
Мода на маляваныя дываны ў Беларусі пачала складацца з канца 19 стагоддзя, а найбольшага росквіту дасягнула ў 1930-х — 1950-х гадах. Малявалі дываны на тканіне, цыраце, паперы. Вандроўныя мастакі хадзілі ад хаты да хаты, спыняліся на некалькі дзён у вясковых аматараў хараства, жылі і сталаваліся разам з сям’ёй, якой прызначаўся дыван. Атрымаўшы дамоўленую плату па сканчэнні работы, рушылі далей.
Рамяство маляванага дывана зазнала і перыяд заняпаду, забыцця. Калі даступнымі сталі фабрычныя вырабы, на вандроўных мастакоў сталі забывацца, дываны набывалі ў крамах. Маляванкі здымалі са сцен, карысталіся дзеля гаспадарчых патрэб – накрывалі бульбу, цягалі ў іх сена…
Чаму ж пра Музей маляванага дывана кажу як пра беларускі рай?
Па-першае, сам факт узнікнення Музея – гэта гісторыя ўваскрашэння твораў народнага мастацтва, якія мелі ўсе шанцы знікнуць бясследна – але ж былі ратаваныя і займелі другое жыццё.
Па-другое, сярод галоўных твораў экспазіцыі – дываны Алены Кіш. Яна не мела мастацкай адукацыі, але творы Алены Кіш сучасныя мастацтвазнаўцы прылічваюць да залатога фонду беларускага мастацтва. Яе імя запісанае ў 1984 годзе ў «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва» разам з 800 імёнамі найлепшых мастакоў гэтага накірунку з 50 краін.
«Рай», «У райскім садзе»,«Ліст да каханага», «Дзева на водах» – сюжэты, якія на розны манер паўтарала на сваіх маляванках Алена Кіш. Трапляеш у Музей як у рай: гядзяць на цябе з маляваных дываноў ільвы і лані, арлы і галубы… Столькі любові, пяшчоты, спакою ў іх постацях, што па-дзіцячы верыш: мір і згода, як на палотнах мастачкі, недзе ёсць на Зямлі і так некалі мае быць паўсюль…
*Вандроўная мастачка Алена Кіш (1889 або 1896 год, дакладная дата не вядомая). Нарадзілася ў мястэчку Раманава Слуцкага павета (зараз аграгарадок Леніна) ў шматдзетнай сям’і: Кішы мелі шасцёра дачок і двух сыноў.
*Алена Кіш трагічна загінула ў 1949 годзе. Паводле адной з версій, пад ёй зламаўся масток, калі яна пераходзіла раку, і мастачка ўпала ў ваду. Паводле другой, больш распаўсюджанай – мастачка скончыла жыццё самагубствам, кінуўшыся ў раку. Паколькі сведкаў гібелі мастачкі не было, сцвярджаць перавагу адной з версій немагчыма.
*Пахаваная Алена Кіш у в. Грозава Капыльскага раёна, дзе жыла апошнія гады пры сям’і роднай сястры Ніны.
*Маляваны Рай Алены Кіш адшукаў, сабраў і адкрыў шырокаму свету мастак Уладзімір Басалыга. У 1978 годзе дываны ўпершыню дэманстраваліся на Першай рэспубліканскай выстаўцы маляванак, а зараз захоўваюцца ў Музеі беларускай маляванкі ў Заслаўі.
На магіле Алены Кіш 25 ліпеня 1996 года усталяваная скульптурная кампазіцыя Уладзіміра Ламейкі «Дзева ў чаўне».
Захоўвае Музей яшчэ адзін скарб – маляваныя дываны Язэпа Драздовіча (13 кастрычніка 1888 года, засценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён — 15 верасня 1954, Падсвілле, Глыбоцкі раён).
У адрозненні ад Алены Кіш, гэта прафесійны мастак, скульптар, а таксама пісьменнік, педагог, этнограф, астраном. Ён адным з першых пачаў ствараць жывапісныя палотны з гісторыі Беларусі. Даследчыкі называюць Язэпа Драздовіча беларускім Леанарда да Вінчы. У складаны перыяд жыцця ён, як і Алена Кіш, хадзіў па хатах і маляваў для сялян насценныя дываны – з гэтага жыў.
«У наш час у гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў мінскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Оршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах, Навагрудку. У Траецкім прадмесці Мінска ўсталяваны помнік Язэпа Драздовіча. У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім быў усталяваны бюст Язэпа Драздовіча на Алеі знакамітых землякоў. У 2018 годзе магіла Язэпа Драздовіча была ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, у гэтым жа годзе на месцы хутара Пунькі быў усталяваны памятны знак у гонар мастака. У Глыбокім працуе Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча.
Імем Драздовіча названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці). На радзіме мастака ў вёсцы Пунькі Глыбоцкага раёна штогод праводзяцца міжнародныя пленэры яго імя. У музеі-пакоі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе — яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра.
Творы Язэпа Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музеі Літвы, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі старажытнабеларускай культуры, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Музеі Якуба Коласа, у некаторых рэгіянальных музеях Беларусі і ў прыватных калекцыях,» – паведамляе Вікіпедыя.
Мастак таксама як Алена Кіш трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» ў моцны мароз знайшлі на дарозе сяляне.
У сведчаннях землякоў пра Алену Кіш і Язэпа Драздовіча часта сустракаюцца вызначэнні «дзівак», «бядак» і нават «трохі ненармальны»…
Калі трапляеш у музейны рай, створаны гэтымі «трохі ненармальнымі дзівакамі», думаецца пра тое, як неабходна нам усім вучыцца шанаваць у чалавеку талент. Хадзілі гэтыя «бедакі» па вёсках, дзялілі з людзьмі хлеб, стваралі для іх хараство, у плату атрымлівалі скупыя грошы, а да іх часцяком – насмішку і шкадаванне…
Але мінуў час і засведчыў: не бедакі, а геніі жылі сярод нас! Блаславённыя тыя хаты, якія прыветна ўсміхаліся ім.
Музей беларускай маляванкі набывае ўсё большую папулярнасць і праз шыкоўную экспазіцыю, якую варта ўбачыць кожнаму беларусу і ўсіх гасцей туды адвесці; і праз цудоўныя экскурсіі, якія ладзяць музейшчыкі; і праз актыўнасці, якія ладзіць Музей. Цікавыя майстар-класы, квэсты, гульні ажыўляюць музейную прастору і, верыцца, дапамагаюць і вучаць распазнаваць таленты ў сабе і бачыць ды шанаваць іх у іншых.