Дрэвы заўсёды былі неад'емнай часткай чалавечай цывілізацыі і забяспечвалі нас будаўнічым матэрыялам, цяплом, ежай і лекамі. Сярод мноства дрэў, надзеленых сакральным сэнсам у беларускай культуры, сасна займае асаблівае месца. Гэта вечназялёнае дрэва, якое захоўвае сваю сілу і прыгажосць круглы год, спрадвеку ўспрымалася як увасабленне даўгалецця і неўміручасці.
Сасна ў традыцыйнай беларускай культуры сакральна вылучанае дрэва. З аднаго боку – гэта крыніца, праваднік, гарант самога жыцця і касмічнага парадку, з другога – асацыюецца са смерцю і пакараннем. Звязана з жаночым пачаткам, сімвалізуе дзяўчыну або маладую жанчыну. Пісьмовыя крыніцы і краязнаўчая літаратура згадваюць шэраг паклонных соснаў, якія нават мелі імёны: Галяшова сасна, Куліна-сасна, Святая сасна, Княжая сасна, Французская сасна і інш.

Куліна-сасна паміж вв. Краснікі і Баяры Докшыцкі р-на.
З сакральнымі соснамі звязаны старажытныя павер’і і звычаі. Такая сасна звычайна вырастае на магіле бязвінна загубленага чалавека або побач з пахаваннем шанаванага мясцовага святога. Калі на такім дрэве з’яўляюцца ўначы агеньчыкі, то гэта сведчанне, што пад сасной закапаны скарб. Любы замах на такое дрэва вядзе да трагічных наступстваў: вінаваты або гіне, або доўга хварэе, або вар’яцее, або зусім знікае. Пры спробе стукнуць па дрэве сякерай, з камля замест смалы цячэ кроў.
Пра сосны каля замку у горадзе Ліда існуе наступнае паданне. Калісьці сюды прыйшлі дзевяць манахау-францысканцаў з мэтай прапаведвання хрысціянства. Аднак мясцовыя жыхары не жадалі прымаць новую рэлігію. Яны забілі місіянераў і кінулі іх у яму на схіле гары каля Лідскага замка. Потым на гэтым месцы выраслі дзве сасны. Аднойчы хтосьці адсек галінку, і з яе выступіла кроў. 3 тае пары ніхто не адважваўся ўзняць сякеру на тыя дрэвы.
У Нясвіжскім раёне распавядаюць пра сасну і дуб, якія растуць каля дарогі з Міра ў Нясвіж. Яны нібыта выраслі на тым месцы, дзе князь Радзівіл забіў сваю дачку і пастуха, якога яна пакахала. “Яны і цяпер растуць, навекі абняўшыся”, — сцвярджае паданне.
Другое паданне распавядае пра скрыпку, якая была зроблена з сасны, што вырасла на месцы пахавання людзей, якія памерлі падчас эпідэміі. У скрыпаля, які разбіў гэтую скрыпку, замест рук з’явіліся сухія галінкі.
Святыя лекавыя сосны і цудатворныя абразы
Даволі часта можна пачуць паданні, што на сасне аб’явіўся цудатворны абраз. Так, Святая сасна ў вёсцы Будча Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці згадваецца яшчэ ў архіўных дакументах за 1879 год. На гэтай сасне, што расла ва ўрочышчы Царквавішча або Ізбійскі Бор, паводле падання, у 18 стагоддзі з'явіўся абраз Божай Маці. Побач працякала крыніца. І ўсё месца з таго часу стала лічыцца святым. Пабудаваную тут царкву за савецкім часам разбурылі, крыніца знікла. Нядаўна тут пабудавалі новую царкву. На ўрачыстыя богаслужэнні, асабліва ў Дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, на гэтым месцы заўсёды шматлюдна.
Павязванне стужак на засохлю сасну ў Ізбійскім бару.
Цудатворная сасна высахла, але засталася як захавальніца памяці. Паломнікі і сёння ўшаноўваюць яе, просяць здароўя, абвязваюць стужкамі, вышытымі ручнікамі, пакідаюць грошы. Многія спрабуюць нават кавалачак дрэва сабе забраць, таму што лічаць, нібыта і кара валодае гаючай сілай. У кагосьці сям'я склалася ўдала. Тыя, хто не мог дзяцей мець, прасілі Божую Маці дапамагчы, і ўсё ў выніку ў іх атрымалася.
І ў наш час ходзяць на лячэнне да Святой сасны ў Хатынскім лесе непадалёк ад вёскі Ніўкі каля Лагойска. На сасне вісіць вялікі абраз. Побач некалі бруіла крыніца, якая сёння ўжо высахла. Вакол стаяць крыжы, на якія вешаюць ахвяраванні. Раней на галінкі сасны вешалі ручнікі, клалі кавалкі сала, каўбасы. Цяпер найбольш каля дрэва кладуць печыва, цукеркі і грошы. Сюды стараюцца прыходзіць раніцай на свята Юр’я, па каталіцкаму календару — 23 красавіка, а па праваслаўнаму– 6 мая.
Святая Сасна з іконай, в. Ніўкі, Лагойскі р-н.
Раней ушаноўвалі нават пень ад сасны, што расла на Святой або Мір-Гары каля вёскі Сорагі Слуцкага раёна. На гэтай сасне, паводле падання, аб’явіўся абраз, які да 1930-х гадоў захоўваўся ў царкве, што стаяла на вяршыні гары. Штогод на Пакроў каля храма на схілах гары ладзілі кірмаш, а на пень складалі масла, сыры, сала, палотны, грошы і інш.
У канцы 19 стагоддзя этнографы апісвалі Святую сасну каля вёскі Старыца Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Згодна з паданнем, аднаму селяніну, хвораму на вочы, прыснілася, што каб вылечыцца, ён павінен побач з сасной паставіць крыж. Чалавек так і зрабіў, пасля чаго зрок вярнуўся. З тых часоў сасне ў якасці ахвяраванняў сталі насіць лён, воўну, грошы і іншыя падарункі. Потым сасна струхнела, але яшэ і ў пачатку 21 стагоддзя людзі клалі грошы на пянёк, што стаяў каля дарогі.
Пра ўрочышча Кляштар у Шклове легенда расказвае, што калісьці на беразе Дняпра быў стары лес. Аднойчы дзеці закінулі ў дупло дрэва чаравік і не маглі дастаць. Тады яны паклікалі дарослых, і тыя на дне дупла знайшлі абраз, але не змаглі выцягнуць. Запрасілі святара, але і ён не дапамог. На гэтым месцы ўзвялі Уваскрасенскую царкву, і дрэва з абразом засталося ўсярэдзіне храма. Потым там пабудавалі яшчэ і манастыр, які разбурылі ў 1960-я гады.
Лекавае выкарыстанне
Сасновы бор — гэта прыродны інгалятар. Навукоўцы падлічылі, што на 1 куб. м паветра ў сасновым лесе прыпадае прыкладна 200 - 300 бактэрый, а гэта практычна стэрыльнасць. Фітанцыды сасны пагібельныя нават для сухотнай палачкі Коха. Акрамя таго, эфірныя масла, акісленыя кіслародам, вылучаюць азон, які валодае гаючымі ўласцівасцямі. Прагулка па хвойніку будзе карысная не толькі курцам (ачышчаюцца лёгкія), але і тым, хто праводзіць шмат часу ў закрытым памяшканні. Нашы продкі, ведаючы гэта, шчодра раскладвалі хваёвыя галінкі ў пакоі, дзе знаходзіўся хворы, каб паскорыць ягонае вылячэнне. Не выпадкова існуе традыцыя будаваць лёгачныя санаторыі ў сасновых лясах.
Сасна — адна з найстаражытных лекавых раслін. Яе хвою выкарыстоўвалі для кампрэсаў і прыпарак ужо 5000 гадоў таму. У Старажытным Егіпце смалу хвоі выкарыстоўвалі пры бальзамаванні цел памерлых. Даведзена, што гэтыя прэпараты да гэтага часу (праз 3000 гадоў) не страцілі сваіх бактэрыцыдных уласцівасцяў. У Грэцыі і Рыме сасну выкарыстоўвалі пры лячэнні прастудных захворванняў. А нашы продкі смалу сасновых дрэў жавалі для ўмацавання дзяснаў і зубоў.
У народнай медыцыне хвою сасны ўжываюць часцей за ўсё ў выглядзе адвараў, настоянак і гарбаты.
Вельмі шмат лячэбных якасцяў у сасновага пылку. Па сваіх гаючых уласцівасцях пылок хвоі не саступае жэньшэню. А па сваёй біялагічнай актыўнасці ён у 50 разоў пераўзыходзіць вітамін Е і амаль у 20 разоў вітамін С.
Сасна — гэта аптэка, з яе атрымліваюць вялікую колькасць розных прадуктаў: сасновы алей, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць, драўняны вугаль. З хвоі вырабляюць шмат прадуктаў, якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ў побыце — хвойны экстракт для ваннаў, шампунь, мыла.
Шкіпінар ужываюць у мазях, бальзамах і іншых сумесях вонкава пры рэўматызме, падагры, неўралгіі, запаленчых захворваннях дыхальных органаў. Для лячэння скураных захворванняў у складзе розных мазяў ужываюць сасновы дзёгаць (мазь Вішнеўскага). У сучаснай фармакалогіі хвоя сасны лічыцца каштоўным вітамінным прэпаратам, з яе рыхтуюць настоі і канцэнтраты для прафілактыкі і лячэння гіпа-і авітамінозу, а таксама выкарыстоўваюць як дэзінфікуючы, адхарквальны і мачагонны сродак.
Супрцьпаказанні
Прэпараты з хвоі, пупышак і шышак сасны проціпаказаныя пры захворванні нырак, і цяжарнасці. Варта ўстрымацца ад лячэння гепатыту падчас яго вострай фазы. Залішні прыём сасновых прэпаратаў можа выклікаць запаленне слізістай страўнікава-кішачнага тракту, парэнхімы нырак, галаўны боль і агульнае недамаганне. Прэпараты, якія ўключаюць шкіпінар, супрацьпаказаны пры нефрыце і нефрозах.
З асцярожнасцю павінны падыходзіць да некаторых лекаў з сасны гіпатонікі. А тым, якія пакутуюць ад трамбозаў, трэба быць вельмі асцярожнымі з пылком і шышкамі.
Адмысловую ўвагу на шпацыры ў хваёвым лесе, нягледзячы на іх відавочную карысць для арганізма, варта звярнуць хворым з ярка выяўленай сардэчнай недастатковасцю: фітанцыды хвоі, асабліва ўвесну абвастраюць стэнакардыю і, выклікаючы цяжкія прыступы, могуць прывесці да сумных наступстваў.
Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?

