Site icon Слушна

Цукар – на кантроль! Усё пра цукровы дыябет

Паводле дадзеных Міжнароднай федэрацыі дыябету, 20 гадоў таму колькасць людзей з дыягназам «цукровы дыябет» у свеце не перавышала 30 мільёнаў. На сёння іх ужо налічваецца больш за 415 мільёнаў. Да 2040 года прагназуецца рост да 642 мільёнаў чалавек. У Беларусі колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам 2 тыпу складае звыш 284 тысячы, з дыябетам 1 тыпу – звыш 17 тысяч чалавек. Штогод спецыялісты выяўляюць 8-10% новых выпадкаў захворвання і сярод іх – 90% людзей з дыябетам 2 тыпу.

Як прадухіліць цукравы дыябет, не прапусціць пачатак хваробы і што трэба ведаць тым, каму пастаўлены такі дыягназ, Слушна распавяла галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі, прафесар, доктар медыцынскіх навук Ала Шапялькевіч.

Цукровы дыябет

Ала Шапялькевіч:

– Цукровы дыябет – гэта хранічнае захворванне, якое прагрэсіруе. Яно развіваецца з прычыны таго, што падстраўнікавая залоза ў сілу розных прычын выпрацоўвае недастатковую колькасць гармону інсулін. Ён неабходны, каб дастаўляць клеткам арганізма глюкозу, якая паступае ў кроў пасля ператраўлівання ежы і забяспечвае тканкі энергіяй.

Тыпы цукровага дыябету

Існуе чатыры тыпы цукровага дыябету: цукровы дыябет 1 і 2 тыпаў, спецыфічныя тыпы і гестацыённы. Найбольш распаўсюджаныя – першыя два.

Цукровы дыябет 1 тыпу з'яўляецца аўтаімунным захворваннем і характэрны для дзяцей і асоб маладога ўзросту. Дыябет 2 тыпу дыягнастуецца пераважна ў пацыентаў ва ўзросце, якія старэйшыя за 50 гадоў, і ўяўляе сабой самы распаўсюджаны тып цукровага дыябету. Пра яго і пойдзе гаворка ў нашым артыкуле.

Ацэньваем рызыкі развіцця цукровага дыябету

Даведацца, ці ёсць у вас схільнасць да развіцця цукровага дыябету, даволі проста. Для гэтага не трэба праводзіць складаных і доўгіх даследаванняў, а проста адказаць на восем пытанняў Шкалы FINDRISC. Пацыент павінен выбраць адзін варыянт адказу.

1. Ваш узрост

Узрост менш за 45 гадоў 45-54 гады 55-64 гады больш за 65 гадоў
Балы 0 балаў 2 балы 3 балы 4 балы

2. Індэкс масы цела (разлічваецца па формуле: маса цела дзеліцца на рост у метрах, узведзены ў квадрат).

Напрыклад, рост чалавека 165 см, а маса цела 75 кг.

75 : (1,65x1,65)

Калі ў выніку ў вас атрымаліся наступныя лічбы, дык:

  • менш за 25 кг/м2 – 0 балаў;
  • 25-30 кг/м 2 – 1 бал;
  • больш за 30 кг/м2 – 2 балы.

3. Акружнасць таліі (на ўзроўні пупка)

Пол Акружнасць таліі / балы
Мужчыны  менш за 94 см/0 балаў 94-102 см/3 балы больш за 102 см/4 балы
Жанчыны менш за 80 см/0 балаў 80-88 см/3 балы больш за 88 см/4 балы

4. Наяўнасць мінімум 30 хвілін фізічнай актыўнасці ў дзень

  • Так - 0 балаў;
  • Не – 2 балы.

5. Як часта вы ясце гародніну?

  • Кожны дзень – 0 балаў;
  • Не кожны дзень – 1 бал.

6. Ці прымаеце антыгіпертэнзіўныя (якія зніжаюць ціск) прэпараты рэгулярна?

  •  Не – 0 балаў;
  •  Так – 2 балы.

7. Ці знаходзілі ў Вас павышэнне глюкозы крыві (пры прафаглядзе, падчас хваробы, пры цяжарнасці)?

  • Не – 0 балаў;
  • Так – 5 балаў.

8. Ці быў цукровы дыябет у каго-небудзь з Вашай сям'і?

  • Не – 0 балаў;
  • Быў: у дзеда/бабкі, цёткі, дзядзькі, стрыечнага брата/сястры – 3 балы;
  • Быў: у майго бацькі, брата/сястры, дзіцяці – 5 балаў.

Затым вынікі гэтага тэсту складваюцца і аналізуецца рызыка развіцця цукровага дыябету на працягу бліжэйшых 10 гадоў. Такім чынам:

Ацэньваем вынік:

  • 7 балаў – рызыка развіцця цукровага дыябету нізкая,
  • 7-11 балаў – трохі павышаная,
  • 12-14 балаў – умераная рызыка,
  • 15-20 балаў – высокая рызыка (33%),
  • звыш 20 балаў – верагоднасць развіцця цукровага дыябету вельмі высокая (50%).

Лабараторныя крытэрыі для дыягностыкі цукровага дыябету

Існуе 4 спосабы лабараторнага пацверджання цукровага дыябету:

  • вызначэнне глікеміі нашча;
  • вызначэнне цукру пасля ежы (або выпадковая глікемія);
  • даследаванне ўзроўню глікіраванага гемаглабіну;
  • правядзенне тэсту талерантнасці да глюкозы.

Усе метады самадастатковыя і інфарматыўныя. Часцей за ўсё ў клінічнай практыцы выкарыстоўваецца вызначэнне ўзроўню цукру ў крыві нашча. У выпадку, калі аналіз крыві нашча паказаў узровень цукру вышэй за 6,1 ммоль/л, а пасля ежы перавышае значэнне 11,1 ммоль/л, гэта можа сведчыць пра развіццё такога захворвання, як цукровы дыябет, пры наяўнасці вышэйзгаданых фактараў рызыкі.

У здаровага чалавека ў норме ўзровень цукру ў крыві нашча не павінен перавышаць значэння 5,5 ммоль/л. На працягу дня, у выпадку, калі чалавек ужо паеў, – 7,8ммоль/л.

Разам з тым, самым сучасным і найбольш інфарматыўным метадам з'яўляецца аналіз крыві на глікіраваны гемаглабін (HвА1с). Ён адлюстроўвае ўзровень глікеміі (узроўню цукру ў крыві) на працягу апошніх двух-трох месяцаў. Пры ўмове, што яго ўзровень перавышае 6,5%, урач можа паставіць дыягназ «цукровы дыябет».

Ала Шапялькевіч:

Глюкоза – вельмі варыябельны паказчык. Яе ўзровень можа змяняцца кожныя пяць хвілін, што абцяжарвае дыягностыку. Аналіз крыві на глікіраваны гемаглабін пакажа спецыялісту сапраўдную «карціну», як мяняўся ўзровень цукру ў крыві на працягу двух-трох месяцаў. Здаваць такі аналіз можна ў любы час дня, незалежна ад таго, паеў чалавек ці не.

Глікіраваны гемаглабін у норме не павінен перавышаць 5,7%.

Што рабіць далей?

Цукровы дыябет 2 тыпу ўяўляе сабой вельмі шматаблічнае захворванне і ў кожнага чалавека можа працякаць па-рознаму. Таму міжнародныя эксперты ў галіне дыябеталогіі вылучылі найбольш значны прынцып у лячэнні гэтай хваробы – індывідуальны падыход да кожнага пацыента. Разам з тым, існуюць выразныя прынцыпы, якія павінны ведаць і захоўваць усе людзі з гэтым захворваннем.

Ала Шапялькевіч:

– Цукровы дыябет – гэта не толькі высокі ўзровень цукру! У 95% выпадкаў такія людзі маюць залішнюю масу цела і атлусценне, 70% пацыентаў – артэрыяльную гіпертэнзію, больш за 50% – дысліпідэмію (парушэнне ліпіднага абмену), гіперкаагуляцыю (павышаная згусальнасць крыві). Па сутнасці, цукровы дыябет – складаны комплекс метабалічных парушэнняў, які патрабуе шматфактарнай карэкцыі. Першым найважнейшым крокам з'яўляецца змяненне ладу жыцця. Менавіта з гэтага і пачынаецца лячэнне гэтай хваробы.

Без змены стылю жыцця, накіраванага на зніжэнне масы цела, карэкцыі артэрыяльнага ціску, узроўню ліпідаў у крыві поспех у лячэнні пацыента з цукровым дыябетам немагчымы.

Што ж рэкамендуюць урачы?

Цукравы дыабет

1.На працягу паўгода пажадана схуднець на 5-7%, а гэта 7-8 кг.

2. Варта перагледзець свой рацыён харчавання. Выбар лепш зрабіць на карысць натуральназерневых каш, малочных прадуктаў, гародніны, акрамя бульбы, рыбы і мяса птушкі. Нельга пераядаць, важна захоўваць парцыённасць (ежа не павiнна вывальвацца з талеркі). На газаваныя салодкія напоі лепей забыцца зусім. Сутачная каларыйнасць прадуктаў не павінна перавышаць у жанчын у сярэднім 2000, у мужчын 2200 ккал.

3. Абавязкова трэба кантраляваць свой артэрыяльны ціск. Дастаткова трымаць яго ў рамках 140 на 90мм рт.сл.

4. Не варта забывацца пра рух – досыць каля гадзіны ў дзень. Не варта мардаваць сябе цяжкімі трэніроўкамі, дастаткова рэгулярна здзяйсняць, напрыклад, пешыя прагулкі.

5. Трымайце на кантролі ўзровень цукру ў крыві.

Норма цукру ў крыві:

  • нашча з пальца – 6,5 ммоль/л;
  • нашча  з вены – 7 ммоль/л;
  • на працягу дня – 9-10 ммоль/л;
  • глікіраваны гемаглабін – 7% (такі аналіз пасля пастаноўкі дыягназу здаецца 1 раз у 3-6 месяцаў).

Самакантроль

Важнасць самакантролю цяжка пераацаніць. Тут на дапамогу пацыенту прыходзяць глюкометры. Іх, як і спецыяльныя тэст-палоскі для вызначэння ўзроўню цукру, можна купіць у аптэках. Некаторым катэгорыям людзей, якія пакутуюць на цукровы дыябет, у нашай краіне іх прадастаўляюць бясплатна. У выпадку, калі чалавек прымае лекавыя сродкі ў таблетках, такі аналіз дастаткова праводзіць два-тры разы на тыдзень. Калі ж захворванне толькі выявілі або пацыент атрымлівае інсулінатэрапію, кантраляваць цукар у крыві трэба да 4 разоў на дзень.

Ала Шапялькевіч:

– Гэта вельмі важна, бо чалавек адчувае змяненне ўзроўню цукру толькі ў выпадку яго моцнага павышэння ці паніжэння. У той жа час нават нязначнае павышэнне застаецца не распазнаным і аказвае негатыўны ўплыў на развіццё хранічных ускладненняў дыябету. Для пацыентаў з цукровым дыябетам 2 тыпу, якія атрымліваюць лекавыя сродкі ў таблетках, можна прытрымлівацца слізгальнага графіка вымярэння ўзроўню цукру ў крыві. Напрыклад, адзін раз – нашча, другі раз пасля абеду ці перад вячэрай на працягу тыдня.

Вельмі важна, што асноватворным прынцыпам у лячэнні людзей з цукровым дыябетам з'яўляецца навучанне. У нашай краіне дзейнічае 229 «Школ дыябету», якія аказваюць медыцынскую дапамогу такім пацыентам. У «Школе дыябету» яны атрымліваюць «вышэйшую» адукацыю ў галіне дыябеталогіі: сумесна з урачом або медыцынскай сястрой вывучаюць прынцыпы рацыянальнага харчавання, асаблівасці фізічнай актыўнасці і іншыя важныя аспекты ладу жыцця пры дыябеце, навучаюцца прынцыпам самакантролю.

Ала Шапялькевіч:

– Менавіта актыўны ўдзел самога пацыента ў вядзенні цукровага дыябету з'яўляецца найбольш эфектыўнай стратэгіяй паспяховага лячэння захворвання. Яно дазваляе забяспечыць высокую якасць жыцця і закласці асновы актыўнага даўгалецця.

Exit mobile version