Гучыць як загадка, праўда?! Так і хочацца запытацца: а хто гэта?! 🙂 І хто гэтак робіць менавіта 17 ліпеня?! Вы ведаеце? Не? А гэта – Андрэй Наліва! Яго дзень сёння. І цалкам радкі пра гэтага апекуна земляробства гучаць так: «...Трэці празнік – святы Андрэй, Святы Андрэй, за ўсіх мудрэй, Саху ладзіць, каня гладзіць...»
У гэты дзень нашыя продкі прыкмячалі, што робіцца на палетках, ды складалі радкі, якія народнай мудрасцю дайшлі да нашага часу: «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма», « Зерне ў каласку – не валяйся ў халадку», « На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос».
І на гэтае свята не забываліся, па-першае, аб працы на палях, каб паспрыяць будучаму ўраджаю. Па-другое, назіралі за надвор’ем і заклікалі дождж, які абяцаў багаты ўраджай. А па-трэцяе, дзяўчаты таксама варажылі.
І зноўку запытаюся: а ці любіце вы аўсянку?! Я дык дакладна міма… 🙂 А вось аўсянае пячэнне люблю. Як і на свята Амоса, які «цягне ўгору авёс», сёння менавіта гэтая расліна ў пашане. І, вядома ж, карысныя стравы з яе.
А гэта не толькі аўсяная каша, якую ядуць сёння абавязкова, але і кісель. Калі дзяўчына хацела выйсці замуж, ёй трэба было 17 ліпеня той аўсяны кісель зварыць (у некаторых мясцовасцях да яго дадавалі салодкія ягады), з’есці і… аблізаць міску! 🙂 Дзяўчаты, вы гатовыя?! Нашыя продкі былі ўпэўненыя: спрацоўвае!
Калі на гэты дзень у кагосьці з сямейнікаў мелася прастуда, дык запарвалі аўсянае шалупінне і давалі дыхаць гаючай парай.
Не забываліся на Андрэя і пра свойскую жывёлу: абавязкова стараліся накарміць аўсом коней. Вось так «бацюхна-авёс» зноў у пашану трапіў!
Як і на Купалле ды ў Пятроў дзень, у дзень Андрэеў усё яшчэ не забываліся на магію раслінаў. І на гэты раз дзяўчатам патрэбна было адшукаць Андрэеву кветку (вераніку каласісту). Навошта?! Вядома ж, каб паваражыць (так-так, мы зноў вяртаемся да гэтага).
Як на мой погляд, даволі турботнай была падрыхтоўка. Трэба было сабраць у букет 12 кветак (і сярод іх якраз-такі Андрэева) з 12-ці лугоў! А тады, кладучыся спаць, пакласці букет пад галаву і сказаць: «Святы Андрэй, усе кветкі завей! Дванаццаць цвяткоў, склічце дванаццаць малайцоў! Свайго пазнаю – павелічаю!» І павінен быў прысніцца нарачоны.
А што ж паказвала-прадказвала нам надвор’е? «Якое надвор’е на Андрэя Наліву, такое будзе і ў Калінаў дзень (11 жніўня)», «Калі пры першых кроплях дажджу куры ў куратнік хаваюцца, значыць, быць дажджу зацягнутым у часе», «Грымоты гучныя – да граду», «Шмат аблокаў на небе – да цяпла», «Чым больш у вясёлцы зялёнага колеру, тым мацнейшым будзе дождж».
Вось, здаецца, па ўсіх прыкметах дзень неблагі, праўда?! У полі працуем, аўсянку ядзім, коней аўсом частуем, кветкі збіраем, кісель варым, міску аблізваем… 🙂
А дзень-то ў нашых продкаў у цэлым лічыўся небяспечным! Стараліся не рабіць нічога новага (я так разумею, маецца на ўвазе – маштабнага), не пазычаць грошай і не вяртаць пазыкі. А вандроўкі, планаванне і гандаль стараліся адкласці на другую палову дня. Майце на ўвазе!
Каб абараніць дом ад нячыстай сілы, раілі павесіць галінку святаянніку ля парогу жытла. А яшчэ можна было абкурыць яго (жытло) гэтай лекавай раслінай.
Каб бадзёра сябе адчуваць сёння, раяць выпіць з раніцы чаю з лімонам. Ад сябе дадам: можна і гарбаты са святаяннікам, укінуўшы туды лімон. Двайная карысць будзе! І для фізічнага здароўя, і для маральнага самаадчування: мы ж усё зрабілі па правілах!
Тым, хто верыць у сны, варта запомніць гэты, у ноч з 16-га на 17-га ліпеня. Кажуць, што ён можа спраўдзіцца. Праўда, толькі праз 20 дзён. Таму лепей нават не запомніць, а запісаць, каб пасля праверыць.
Ну што ж, віншуем з імянінамі ўсіх, чыё імя – Андрэй, гатуем стравы з аўса ды па-ранейшаму нарыхтоўваем лекавыя расліны, якія зараз маюць найлепшыя гаючыя ўласцівасці.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!