Між іншым, першапачаткова, кажуць, варажылі зусім не на рамонках, а на… маргарытках! Дакладна вядома пра Германію і Францыю. Хм… Маргарыткі і зараз у нас на дачнай сядзібе цвітуць напоўніцу. Прычым там, дзе самі хочуць… Рассеяліся па ўчастку… І далібог на іх глядзець прыемней, чым на тыя ж дзьмухаўцы… Я маю на ўвазе – менавіта на ўчастку.
Вось маргарыткі мне не хочацца «выкарчоўваць», нават калі яны і замінаюць… Гэта ж такія мілыя кветачкі… І пялёсткаў у іх пабольш, чым у рамонкаў. Толькі ж і больш дробныя яны. Мусіць, не так зручна варажыць. Не спрабавалі?! А праверце!
Раней мы іх нават спецыяльна сеялі і вырошчвалі на дачы пад акном нашага дома. Цяпер у гэтым няма патрэбы: як ужо зазначыла, самі рассейваюцца. А вы любіце маргарыткі?! А рамонкі?!
Калісьці мы яшчэ і рамонкі вырошчвалі. Розныя. Напачатку – для прыгажосці. Тыя, што вялікія, дэкаратыўныя. Але яны дужа разрасталіся. Таму былі перасаджаныя ў аддаленае месца. А потым і зусім звяліся. Але зараз я не супраць пасадзіць іх зноў! Ужо засумавала…
Некалькі гадоў вырошчвалі і рамонак аптэчны. Затым збіралі, сушылі на печцы і выкарыстоўвалі ў лекавых мэтах, пра якія абавязкова напішу крыху пазней.
Калі я ў сезон бачу жытняе поле з валошкамі і рамонкамі, дык мяне найперш прыцягваюць валошкі. Яны проста скараюць сэрца! І калі збіраць у букет, дык толькі іх. А вось сэрца маёй меншай пляменніцы Юлі аддадзенае рамонкам!
Памятаю, як аднойчы са сваім братам і ёй, яго меншай дачкой, я паехала на радзіму таты, да цёткі, яго сястры, у госці. Па дарозе туды, у вёску Мрочкі Уздзенскага раёна, пляменніца нагледзела сабе рамонкаў, якія вырашыла сабраць на зваротным шляху. А на шляху зваротным…
Нас накрыла хмара, і такі дождж паліў… І што вы думаеце?! Юля ўсё роўна папрасіла тату спыніцца ля поля і пад дажджом пабегла рваць сабе рамонкі! Вярнулася абсалютна мокрая, але шчаслівая. Во гэта любоў да сціплых кветачак! 🙂
Але вернемся да варажбы. Ведаеце, нават карысныя парады ёсць для яе! Праўда, цікава?! І вось некалькі з іх.
- Для варажбы раяць выйсці ў поле. Ці кудысьці на прыроду, дзе гэтыя рамонкі сустракаюцца ў натуральным асяроддзі. Маўляў, дома ды на вуліцах горада – зусім не тое.
- Надвор’е павінна быць сонечным, каб рамонкі былі цалкам раскрытыя.
- Варожым жа на каханне, праўда?! На каханага чалавека ці на таго, хто падабаецца. Вось трэба некалькі хвілін думаць пра яго з прыязнасцю, уяўляць аблічча. Можна і з заплюшчанымі вачыма.
- Выбіраем кветку для варажбы. Каб была свежай і з цэлымі пялёсткамі. І менавіта тая, якая вам спадабаецца першай, на якой спыніцца позірк. Значыць, гэта ваша кветка! І яна не падмане…
- А далей – звыклае ўжо. Задаем пытанне («кахае – не кахае») і зрываем па адным пялёстку. Што прагучыць апошнім, тое і правільнае.
Іншыя ж раяць паваражыць на гарбаце з рамонку, як на гушчы з кавы. А вось гэта ўжо да нас бліжэй! Бо гарбата гэтая сапраўды лекавая і вельмі цэніцца ў народнай медыцыне!
Мая любімая мамачка практычна ўвесь час піла яе па сваіх паказаннях… Найчасцей – пакупную. І калі яе ўнучкі, а мае пляменніцы, адпачывалі на поўдні, дык прывезлі адтуль у падарунак рассыпны рамонак для заварвання. Многа… Мамачка вельмі яго любіла… І калі ў мяне раптам (хаця і вельмі рэдка) прыхопліваў страўнік, яна гатавала для мяне рамонак лекавы…
У нас не так шмат месцаў, дзе расце ён, натуральны… Прывучаная бацькамі з дзяцінства, я таксама няблага навучылася разбірацца ў лекавых раслінах. І вось менавіта патрэбны гатунак рамонку таксама ўмею адрозніваць ад іншых… Але вырошчваць на ўласным участку, вядома ж, прасцей… Трэба будзе зноўку заняцца… Калі змагу…
А прымяняюць рамонак унутр у выглядзе настою, адвару ці гарбаты пры спазмах страўніка, хваробах печані, гастрыце, каліце, энтэрыце, хваравітых месячных, узбуджальнасці, бяссонніцы і (увага!) рэспіраторных інфекцыях. Зразумела, пералік далёка не поўны…
Таму сёння, выехаўшы-выбегшы на поле, паваражыўшы на рамонках, беражліва збіраем патрэбныя, лекавыя. Альбо набываем у аптэцы засушаныя. Ці ў крамах гатовую гарбату з дадаткамі. І няхай гэты дзень стане не толькі Днём варажбы на рамонках, але і Днём любові да рамонкаў лекавых!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!