Site icon Слушна

Сцеражыцеся: вецер!

Асабіста для мяне шалёнае «ветрадзьмуханне» ў Беларусі пачалося дзесьці ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Так чамусьці запомнілася. І не ведаю нават... Ці то проста падаецца, ці то праўда, што з кожным годам сітуацыя ўсё пагаршаецца. І аранжавы ўзровень, аб’яўлены менавіта з-за моцнага парывістага ветру, на жаль, ужо хутчэй правіла, чым выключэнне з яго.

...Тады, на пачатку 90-х, мы з сяброўкай-каляжанкай адпачывалі ў Нясвіжы. І менавіта там сталі сведкамі шалёнай буры, падчас якой вецер ламаў і валіў таўшчэзныя дрэвы ў парку і горадзе на раз-два! А дзесьці нават кідаў іх на машыны. І гэта сапраўды было дзівам, бо дагэтуль толькі чулі пра ўраганы дзесьці за межамі Беларусі.

А зараз такія парывы – не толькі небяспека прылёту чаго-небудзь на галаву (барані, Божа!), але і абвастрэнне хвароб. Прайшоў без галаўнога ўбору пад вецер... Адзін раз, другі, трэці... Добра, калі ўсё добра. А калі атыт?!

Памятаю, як займела яго ўжо ў дарослым узросце. Вельмі непрыемнае адчуванне, калі працоўным застаецца толькі адно вуха...З таго часу, выбіраючы паміж здароўем і прыгажосцю, спыняюся на першым. І няхай нават непрыгожа глядзіцца тая шапка, але я яе буду насіць. І няхай сабе пацерпіць прычоска пад капюшонам. Затое з вушамі будзе ўсё ў парадку.

Што ўжо тут казаць пра прагулкі пад моцным ветрам, калі ён яшчэ і ледзяны, у кароткай куртачцы ці спаднічцы. Не, не і яшчэ раз – не! Няхай даруе мне капрызлівая спадарыня Мода, але здароўе – даражэй... І лепей сапраўды гэта зразумець да хваробы, чым шкадаваць, яе займеўшы... Праверана!

Таму і дзівяць прыхільнікі не менш дзіўнай моды ў лёгкім абутку з голымі шчыкалаткамі над ім ў моцны мароз і вецер... Альбо ў джынсах з вялікімі дзіркамі, з-пад якіх у згаданае ж надвор’е праглядаюць абсалютна сінія альбо барвовыя калені ды іншыя часткі ног...

І не кажыце мне, што гэтыя людзі проста загартаваныя і абсалютна здаровыя! Ніколі не паверу! Гледзячы на іх, адразу ж прыгадваецца жарт: «Пакаленне, якое хадзіла ўзімку без шапак, выхавала пакаленне, якое ўзімку ж ходзіць без шкарпэтак».

Але вяртаючыся да нашых шалёных вятроў... Таксама асаблівасць апошніх пары-тройкі гадоў – невытлумачальнае закладванне носу пасля таго, як пабыла на вуліцы пад моцным ветрам. Прычым такая ж з’ява назіраецца не толькі ў мяне, але і ў блізкіх. І тады без кропель-спрэяў ну ніяк не абысціся...

А калі такі моцны ледзяны вецер некалькі дзён, а то і тыдняў запар, як у гэтым месяцы?! І ніяк жа той нос ні захінеш і не захутаеш. Вось і даводзіцца пакутаваць ад капрызлівага надвор’я, якое ў многім зусім не падобнае цяпер на наша даўнейшае – беларускае памяркоўнае...

Таму захінаемся ад ветру, наколькі гэта магчыма, умацоўваем імунітэт і... Традыцыйнае пажаданне: здароўя ўсім!

Exit mobile version