У свеце, дзе людзі рэдка дажывалі да 40 гадоў, шанцы на адно-адзінае і вялікае каханне былі вельмі высокімі. З павелічэннем працягласці жыцця сучаснае грамадства сутыкнулася з цікавай праблемай, пра якую пісаў яшчэ Эрых Марыя Рэмарк: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання.
Амаль кожны другі шлюб у Беларусі заканчваецца разводам. У Расіі колькасць разводаў складае 52%, у Ізраілі – 38%, у ЗША – 31%. Такая тэндэнцыя прымушае задумацца: што не так з працэсам выбару партнёраў? А можа, развод – заканамерны працэс у сучасным свеце?
Мужчынам таксама цікава
На інтэрактыўную лекцыю «Што адбываецца з адносінамі і сем'ямі ў сучасным свеце: міфы і рэаліі» прыйшла, у большасці сваёй, жаночая аўдыторыя, як і на ўсе падобныя мерапрыемствы. Але хаця мужчыны і апынуліся ў меншасці, аказалася, што яны былі найбольш актыўнымі і ў сваіх пытаннях, і ў развагах. Тэма адносінаў перастала быць толькі жаночай.
Лектарам выступіў Алекс Енцін, уладальнік ступені магістра Нью-Ёркскага ўніверсітэта. За яго плячыма тры гады аспірантуры па клінічнай псіхатэрапіі і 2 гады па групавой псіхатэрапіі. Алекс жыве і працуе ў Нью-Ёрку ў якасці індывідуальнага і групавога псіхатэрапеўта ў кансультацыйным цэнтры, а таксама з прыватнымі кліентамі, з'яўляецца актыўным спікерам па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе.
Для чаго жаніцца?
Традыцыйны шлюб, гасцявы, адкрыты, сужыцельства, сустрэчы для сэксу, шлях адзіночкі... Перад сучаснымі маладымі людзьмі адкрываецца выбар, якога не мелі пакаленні да іх. Многія, падазраю, у гэтым месцы легкадумна фыркнуць, маўляў: «Вось крута! Рабі ўсё, што хочаш. Ніякіх праблем». На самай справе, па загадзя зададзеным маршруце ісці нашмат прасцей. Сапраўдная ж свабода мяжуе з вялікай адказнасцю.
І калі моду дыктуе большасць, дык хто яе складае сёння? Бо ва ўсім свеце ўсё больш людзей адмаўляюцца ад традыцыйнага шлюбу і выбіраюць альбо быць адзіночкамі, альбо будаваць адносіны без абавязацельстваў.
Прынята лічыць, што матыў уступлення ў шлюб – узаемныя пачуцці. Аднак не ўсё так проста.
Што змянілася сёння?
Цікавы факт. У ЗША, Расіі, Ізраілі працэнт жанчын у ВНУ перавышае працэнт мужчын. І тэндэнцыя бачная не толькі ў гэтых краінах. Гэта сведчыць пра тое, што жанчыны ўсё больш імкнуцца да таго, каб не разлічваць на партнёра-здабытчыка, які сёння побач, а заўтра – невядома дзе. Нашмат большая колькасць жанчын цяпер у стане забяспечыць сябе самастойна.
Шлюб ужо не абавязковы для таго, каб займацца сэксам, нараджаць дзяцей. Тады якія матывы стварэння сям'і для сучаснага чалавека? Што на самай справе хоча жанчына, калі кажа: «Я хачу замуж»? Што крыецца за словамі мужчыны: «Мне важная мая свабода, таму я не жанюся»?
Удзельнікі інтэрактыўнай лекцыі вылучалі мноства сваіх варыянтаў. Сярод меркаванняў па першым пытанні: імкненне да бяспекі, абароненасці, патрэба ў блізкасці. Мужчын жа абвінавацілі ў адсутнасці жадання несці адказнасць і інфантыльнасці. А як бы адказалі на гэтыя пытанні вы?
Выбар ідэальнага партнёра – пастка?
Калі праблемы выжывання і эканамічнага складніка не з'яўляюцца прыярытэтнымі, на першае месца ў пошуках адносінаў выходзяць жаданне сустрэць роднасную душу, раскрыць сваю сэксуальнасць, атрымаць вопыт новага рамана.
Сярод амерыканскіх псіхатэрапеўтаў ёсць спецыяльнае паняцце – «серыйны монагаміст». Гэта чалавек, які ўвесь час знаходзіцца ў рамантычных адносінах. Але... з рознымі людзьмі. З кожным партнёрам у яго нешта не складваецца, ён выпраўляецца на пошукі новага. І так шмат разоў.
Што перашкаджае знаходзіцца ў доўгатэрміновых і моцных адносінах?
- Няўменне размаўляць і выказваць свае пачуцці.
- Рамантычны ідэал.
- Вялікая нагрузка на бацькоў.
- Згасанне сэксуальнай цікавасці.
Развод – спосаб зрабіцца больш шчаслівым?
Развод прыраўноўваюць па ўзроўні стрэсу да смерці блізкага чалавека. Але на самай справе стаўленне да яго ў кожнага будзе розным. У розумах сучасных людзей адбыліся кардынальныя змены з нагоды адносінаў да гэтай з'явы.
Сучасная сям'я. Новая сацыялагічная формула
Калі адысці ад усяго, што вам казалі і што вы засвоілі як норму з дзяцінства, дык важна разабрацца, што такое шлюб менавіта для вас. Якія базавыя патрэбы вы хочаце задаволіць у ім? Якія з іх рэалізаваць у сямейным жыцці немагчыма? Адказы могуць наблізіць вас да разумення таго, ці гатовыя вы на самай справе да працяглых адносінаў і ці патрэбныя яны вам прама зараз, сцвярджае Алекс Енцін.
Замест высновы
Магчыма, некаторыя выказванні Алекса Енціна здаюцца занадта радыкальнымі. З аднымі можна паспрачацца, іншыя спісаць на розніцу менталітэтаў. Камусьці гэтыя думкі прынясуць палёгку, камусьці – адчуванне небяспекі і злосць. Адно застаецца відавочным: мадэль пабудовы адносінаў у сучасным свеце мяняецца. І гэты працэс не залежыць ад нашага жадання ці гатоўнасці. Адаптавацца або ў жаху ўцякаць – выбар за кожным з нас.