Site icon Слушна

Семкі – для дзяцей, семкі… для сталых?! Ямо без сумненняў! :)

«Грызці семкі – гэта нервовае?!» – разважала я ў сваім блогу «Думкі ўслых» улетку 2019-га. І даказвала (у тым ліку і сама сабе), што справа гэтая – карысная. І часцей за ўсё не проста прывычка… не вельмі добрая, а забеспячэнне арганізма неабходнымі рэчывамі. А зусім нядаўна знайшла яшчэ адно пацверджанне таму. Між іншым, навуковае!

Сечкім. Карысць для арганізма сталых.

І знайшла не дзе-небудзь, а ў кнізе, якая фактычна ўжо зрабілася настольнай! 🙂 Памятаеце, згадвала пра яе?! «Працяг будзе. Кніга пра ўзрост». Аўтары – беларуска-расійскія герантолагі Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў.

Найперш зацікавіў адзін з загалоўкаў: «Раней і сонца было больш яркім, альбо Навошта сталым есці семкі». Зрэшты, не толькі людзі ва ўзросце сцвярджаюць, што раней і трава была больш зялёнай. Прыгадайце, як часта мы з настальгіяй кажам пра ўласнае маленства, дзяцінства, юнацтва з тымі ж пачуццямі.

Дзесьці гэта, вядома ж, аб’ектыўная рэальнасць. Калі ўзгадаць, напрыклад, што да Чарнобыльскай катастрофы 1986-га года мы і паняцця не мелі пра такую сапсаванасць экалогіі. І таму смела елі зялёныя яблыкі з грушамі, нямытыя ягады з куста… І ўсё было ў парадку!

А што тычыцца людзей сталых і іх такога настрою, што раней усё было лепей… «Аказваецца, з гадамі парушаецца якасць міеліну, – тлумачаць аўтары кнігі, – абалонкі нервовых валокнаў. У галаўным мозгу пучкі нервовых валокнаў абкручаныя міелінам, як правады ізаляцыйнай стужкай. У сталых людзей паступова адбываецца дэградацыя міеліну, з-за чаго зніжаецца хуткасць правядзення нервовага імпульсу. Менавіта з гэтай фізіялагічнай прычыны ў чалавека складваюцца пра ўсё менш яркія ўражанні».

Вось як! Не таму многія так выказваюцца пра сучасныя з’явы і рэчы, параўноўваючы іх з мінулым, бо характар з узростам сапсаваўся, як часта мы тлумачым. І чалавеку дай толькі пакрытыкаваць усё. Зусім не…

Ваш блізкі чалавек часцяком бурчыць? Усё яму не так і не гэтак?! А дайце яму семачак сланечніку! Альбо гарбузікаў! 🙂 Вы, дарэчы, якія болей любіце семкі: чорныя ці белыя? Так мы іх называлі ў дзяцінстве. Ці не любіце зусім? А палюбіць варта.  Хаця б…. з-за цынку.

«Для таго, каб вырабляць дастаткова міеліну, арганізму неабходны цынк, – тлумачаць Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў. – А ён утрымліваецца ў тых самых семачках – гарбузовых альбо сланечнікавых. У дзень чалавеку патрабуецца 10 міліграмаў цынку, такая колькасць утрымліваецца ў 100 грамах семачак. Так што мы раім сталым людзям ужываць у ежу семачкі. Да таго ж, сам працэс іх ачысткі – трэніроўка дробнай маторыкі кісцяў рук, што таксама станоўчым чынам уплывае на вышэйшую нервовую дзейнасць».

Ну, а што добра сталым, тое і іншым не зашкодзіць! 🙂 Так што я цяпер з абсалютна спакойным сумленнем па вечарах ем семкі! 🙂 Галоўнае ў гэтай справе – акуратнасць. Каб не трэба было штораз хапацца затым за венік альбо пыласос.

Свайму тату я таксама пасля прачытання кнігі ўручыла пакет з семкамі. Маўляў, назапашвай цынк і трэніруй дробную маторыку рук! 🙂 Што ён з усёй стараннасцю і робіць.

А я зноўку прыгадваю, як на нашай дачнай сядзібе былі гады, калі атрымлівалася вырошчваць сланечнік і нават не пазбавіцца ўраджаю (хаця б часткова). Бо аматараў з крыламі на яго знаходзілася – ой-ёй! Толькі зазяваешся, не абвяжаш «галаву» сланечніку пры выспяванні тонкай тканінай – выдзяўбуць усё! І штосьці сёлета захацелася таксама паспрабаваць пасадзіць…

А вось з гарбузікамі звычайна праблемаў не было – былі б гарбузы! Праўда, і тут надараюцца сюрпрызы. Такі, здаецца, гарбуз… Прыгажун! Класічны, як на малюнку ці ў казцы. Разрэжаш… Добра пахне, смачны. А гарбузікі… Цвёрдыя, тоўстыя – пазногцямі не раскрыць!

Такія былі і ў падоранам нам гарбузе. «Ну што ж з вамі рабіць?» – звычайна пытаюся я, нацэльваючыся на гарбузік манікюрнымі нажніцамі. Не, і так нязручна… Эх! Аблізнешся – і пакідаеш іх у спакоі. А вось семкі сланечніку – яны не падводзяць.

Дык ці любіце вы семкі і гарбузікі так, я люблю іх я?! 🙂

Exit mobile version