Аднойчы раніцай, гледзячы на сябе ў люстэрка, ты разумееш, што жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым. Колькі ні адводзь позірк і ні суцяшай сябе тым, што гэта толькі аптычная ілюзія, выкліканая блікамі святла, – ніякія хітрыкі і апраўданні не зменяць сітуацыю ў корані. Гэта як кантрольная мяжа на дыстанцыі перад фінішам, абуральная і няўхільная. Імя ёй – сівы волас.
Па змаўчанні сівізна выклікае асацыяцыю са старасцю. Узрост тут сапраўды адыгрывае ключавую ролю. Але не заўсёды толькі ён. Часам сярэбраны пыл пакрывае галаву і ў 25 гадоў, і ў 20.
Якія прычыны правакуюць з'яўленне ранняй сівізны і сівізны наогул? Ці можа на месцы сівога воласа вырасці «каляровы»? Ці рэальна пасівець за ноч?
Аб гэтым і многім іншым журналісту «Слушна» распавяла ўрач-дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска Святлана Якубоўская.
Чаму валасы сівеюць?
Колер валасоў залежыць ад якаснай працы меланацытаў – клетак, якія знаходзяцца ў валасяным фалікуле і сінтэзуюць асаблівы пігмент меланін. Меланін бывае 2-х відаў: эумеланін і феамеланін. Эумеланін адказвае за чорны і карычневы колер валасоў, а феамеланін – за светлыя адценні: шэры і жоўты. Меланін трапляе ў кератынацыты (клеткі, з якіх складаецца стрыжань воласа) і такім чынам «афарбоўвае» валасы. У залежнасці ад колькасці сінтэзаванага меланіну шавялюра мае той ці іншы колер.
З узростам актыўнасць меланацытаў падае, парушаецца працэс сінтэзу меланіну, адпаведна, валасы пачынаюць сівець.
Дарэчы, паміж сівымі і абсалютна белымі валасамі ёсць розніца, хаця тыя і іншыя зрокава выглядаюць аднолькава і адрозніць іх візуальна немагчыма, кажа эксперт. Сівыя валасы ўсё-ткі ўтрымліваюць меланін, хаця і ў вельмі моцна разрэджаным выглядзе. А вось у белых валасах пігменту няма наогул, ніколькі.
У заходняй літаратуры шырокае распаўсюджанне атрымаў прынцып трох пяцідзясятак. Гэта значыць, прынята лічыць, што да 50-гадовага ўзросту 50% мужчын і жанчын маюць 50% сівых валасоў. Але гэта ўсярэдненая формула.
Ранняе або больш позняе з'яўленне сівізны, яе інтэнсіўнасць могуць быць абумоўлены цэлым шэрагам прычын.
Прычыны ранняй сівізны
Добра, калі сівізна запазняецца. А калі, наадварот, прыходзіць, калі яе не чакалі? Што можа справакаваць заўчаснае пасівенне і як яго пазбегнуць?
1. Генетыка мае важнае значэнне. Калі ў родзе «прынята» рана сівець, высокая верагоднасць, што ўсім пакаленням давядзецца прыняць эстафету. Часам адгалоскі ранняга пасівення прыходзяць з далёкага мінулага – ад прапрадзедаў, пра якіх цяперашнія нашчадкі могуць не памятаць і толкам не ведаць.
2. Парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы і змены ў гарманальнай сферы займаюць другое месца сярод прычын ранняга пасівення.
Клінічна значныя гармоны: ТТГ (тырэатропны гармон), Т4 вольны (тыраксін) і АЦ да ТПА (антыцелы да тырэапераксідазе).
Дысбаланс гэтых гармонаў можа правакаваць змены эндакрыннага статусу (гіпа-ці гіпертырыёз), развіццё мастапатыі, бясплоддзе. У гэтым шэрагу з'яўленне ранняй сівізны выглядае самым бяскрыўдным наступствам парушэнняў функцый шчытападобнай залозы. І радуе тое, што на яе можна ўплываць.
3. Харчаванне. Безумоўна, сам па сабе гэты фактар не выступае асноўным каталізатарам з'яўлення ранняй сівізны. Тым не менш, бедная, незбалансаваная ежа не лепшым чынам адаб'ецца на стане валасоў, уключаючы іх колер. Асабліва варта пазбягаць дэфіцыту такіх мікраэлементаў, як селен, медзь, жалеза і вітамінаў групы В.
4. Правакаваць раннюю сівізну могуць таксама некаторыя лекавыя сродкі. Напрыклад, супрацьпухлінныя, супрацьмалярыйныя, прэпараты для лячэння аўтаімунных захворванняў (рэўматоіднага артрыту, сістэмнай чырвонай ваўчанкі). Яны могуць прыводзіць да парушэнняў сінтэзу меланіну і, адпаведна, пасівення.
5. Валасы могуць страціць колер ад уздзеяння на іх агрэсіўных рэчываў (напрыклад, пры афарбоўванні, абясколерванні). А таксама пры прамянёвай тэрапіі пад уздзеяннем іянізуючага выпраменьвання.
Самае крыўднае тое, што ад стрэсу пакутуюць менавіта здаровыя валасы: яны першымі і масава пакідаюць галаву. Сівыя больш устойлівыя. Адпаведна, іх доля павялічваецца. Адсюль можа скласціся ўражанне, што чалавек рэзка пасівеў.
З той жа катэгорыі міфаў і тое, што брунеты больш схільныя да ранняй сівізны. На самай справе і брунеты, і бландзіны, і рудыя сівеюць прыкладна аднолькава. Проста на цёмных валасах «срэбра» прыкметней.
Мода на натуральнасць
Спецыфічнага лячэння сівізны не існуе. Пазбаўленыя колеру валасы можна часова «схаваць», афарбоўваючы іх стойкай фарбай, маскіруючы бальзамамі з адценнем або пудрай для валасоў. Але ў корані праблему сівых валасоў гэта не вырашыць, нават калі, прабачце за таўталогію, вырываць іх з коранем. З аднаго валасянога фалікула на працягу жыцця вырастае каля 30 валасоў, змяняючы адзін аднаго. І калі сінтэз меланіну парушаны, дык усе яны будуць сівымі.
Ці варта хвалявацца з-за ранняй сівізны і сівізны наогул, мы запыталіся ў крэатыўнага дырэктара салона прыгажосці бізнес-класа LSTUDIO і Школы стылю Лазарава Анатоля Лазарава.