Site icon Слушна

Шакаладнае, сметанковае ці халаднаватая кава. Якое марожанае любіла Бона Сфорца?

Беларускае марожанае.

Сёння ў народзе адзначаюць Сусветны дзень марожанага. Афіцыйным днём нараджэння гэтага дэсерту лічыцца 10 чэрвеня 1786 года. У гэты дзень яго ўпершыню пачалі прадаваць у Амерыцы. Ініцыятарам стварэння свята стала амерыканская кампанія Ben & Jerry's.

Але па самых прыкладных падліках, марожанаму налічваецца ўжо больш за 5 000 гадоў! Найбольш скурпулёзныя даследнікі паходжання розных страў знайшлі згадванні пра дэсерт, у кітайскіх манускрыптах у выглядзе замарожанага фруктовага соку аж у XI стагоддзі да нашай эры.

Беларускае марожанае

Марожанае 2

У Беларусі таксама ва ўсе часы любілі марожанае. І пра гэта можна даведацца ў розных літаратурных выданнях. Калі адкрыць, напрыклад, «Літоўскую кухарку», мы ўбачым цэлых 17 рэцэптаў марожанага, многія з якіх выглядаюць вельмі сучасна. Напрыклад, шакаладнае, сметанковае ці замарожаная кава.

У кнізе ёсць рэцэпт марожанага з апельсінамі і лімонамі. Гэта вельмі старыя спосабы. Цытрусавы вядомы на тэрыторыі ВКЛ яшчэ з XVI стагоддзя дзякуючы міланскай прынцэсе Боне Сфорцы. Калі вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт I ажаніўся з італьянкай, яна пераехала сюды з усім сваім і, натуральна, прывезла прадукты, якія ёй былі блізкія: лімоны, апельсіны, масліны, алівы. Таксама яна змагла прывезці да літоўскага двара і рэцэпт марожанага.

Рэцэпт марожанага часоў ВКЛ выглядаў так:

  • 1 літр малака змешвалі з пяццю яечнымі жаўткамі, яечным бялком і шклянкай цукру.

Менавіта так атрымліваўся просты дэсерт, які так любіла Бона Сфорца і які быў даступны толькі шляхетным асобам. Таксама на прыёмах у князёў часта падавалі граніту — астуджаны дэсерт з апельсінаў, лімонаў і ягад. Былі крэмы, якія астуджалі і ператваралі ў жэле. Многія з гэтых рэцэптаў могуць прэтэндаваць на званне першага беларускага марожанага.

Але елі марожанае не толькі шляхціцы. З-за марознай зімы ў простых беларусаў не было недахопу ў халодным ласунку. Так, у некаторых вёсках на масленіцу гатавалі сумесь з замарожанага тварагу, смятаны, разынак і цукру. Да стала нярэдка падавалі дробна наструганае замарожанае малако.

Аб прамысловай вытворчасці халоднага дэсерту загаварылі толькі ў XIX стагоддзі, калі з'явіліся першыя машыны для прыгатавання марожанага. У СССР прамысловая вытворчасць пачалася ў 1932 годзе, а на тэрыторыі Беларусі першы завод з'явіўся ў 1939 годзе ў Гомелі. На найстарэйшай фабрыцы дагэтуль вырабляюць марожанае па рэцэпту 30-х гадоў.

Рэцэпт сметанковага марожанага

А цяпер прапануем вам рэцэпт сметанковага марожанага з кнігі «Літоўская кухарка».

Інгрэдыенты

  • Тлустае малако — 1.5 л.
  • Цукар — 0,5 кг.
  • Яйкі — 10 штук
  • Ваніль

Спосаб прыгатавання

У малако дадаем цукар і яйкі, усё старанна змешваем.

Ставім сумесь на агонь і награваем яе, памешваючы, да загусцення.

Перад тым як зняць рондаль з сумессю з агню, кідаем у яе стоўчаную ваніль, размешваем і працэджваем праз сіта.

Чакаем пакуль сумесь астыне, увесь час яе памешваем. Астылую масу перакладаем у марожаніцу, там яна павінна знаходзіцца да поўнага застывання. Гатовае марожанае раскладваем парцыённа, можна ўпрыгожыць ягадамі і мятай.

https://bel.24health.by/sladkij-xolod-na-konchike-yazyka-5-prichin-sest-morozhenoe-pryamo-sejchas/

Exit mobile version