Site icon Слушна

Шахматная каралева (казка) + аўдыё

 

https://slushna.by/wp-content/uploads/2024/11/Shahmatnaya-karaleva.mp3?_=1

Было гэта даўно. Стагоддзі мінулі з тых часоў, шмат што ў свеце змянілася, і гісторыя гэтая забылася б, але мне яе нашаптаў цёплы паўднёвы ветрык, а я запісала аповед у свой чароўны нататнік пад бліскучай вокладкай. Не здзіўляйцеся, проста казачніца чуе ў подыху ветру не толькі шум, але і словы. Вось што ён распавёў мне…

Праз адно княства, якое ў старажытныя часы існавала непадалёк адсюль, ехаў кароль з далёкай краіны. Казалі, той кароль быў казачна багаты, але няшчасны, бо нешта ў яго здарылася, таму шукаў ён штосьці ў сваіх вандроўках, ды ніяк не мог знайсці. Кароль ехаў у залатой карэце, а за ім бясконцай чарадой цягнуліся вазы, у якіх слугі везлі розныя рэчы ды куфары з золатам і каштоўнасцямі. Вось у тым княстве, пра якое ўжо згадвалася, і спыніўся заможны вандроўнік. Кароль толькі месца паказаў, і кінуліся слугі гаспадару жытло рыхтаваць. За адзін дзень на маляўнічым лузе каля ракі, непадалёк ад горада палац-шацёр сабралі з таго, што ў вазах з сабою прывезлі. Дываны мяккія паслалі, мэблю паставілі, вячэру згатавалі. Адпачыў кароль, а раніцай у горад пайшоў. Ходзіць па кірмашовай плошчы, прыглядаецца, а гандляры адзін перад адным багатаму пакупніку свае тавары нахвальваюць. Ды толькі той адмоўна хістае галавой, бо ў яго ўсё ёсць.

Шахматная каралева

— Ну з такім пакупніком анічога не заробіш! — махнуў рукой каваль, які прапаноўваў свае дыхтоўныя вырабы.

— Чаму ж не заробіш? — усміхнуўся кароль. — Кожны з вас можа атрымаць залатую манету ці нават больш.

Усе сцішыліся, прыслухоўваюцца, як золата можна зарабіць.

— Прапаную любому юнаку прыйсці ў мой палац ля ракі і згуляць у цікавую гульню. Хто прайграе — адну манету атрымае і сыходзіць, а хто выйграе — возьме дзве і зноў паспрабуе згуляць. Дзесяці хлапцам — тым, хто згуляюць лепш за астатніх, я прапаную атрымаць вялікую каштоўнасць. Каму яна дастанецца — будзе багаты і шчаслівы.

Ці трэба казаць, што да каралеўскага палаца-шатра сышліся ўсе маладыя хлопцы таго горада. Ну і каваль выправіўся паглядзець, што за гульня такая ў караля-вандроўніка. Прыйшоў ён апошнім, стаў з краю, назірае, як сотням гульцоў, ахвочых да золата, кароль умовы гульні тлумачыць. Загадаў хлопцам сесці па двое. Уладкаваліся прама на траве, уздоўж рэчкі. Слугі кожнай пары гульцоў прынеслі скрыні, раскрылі іх і паклалі чорна-белымі клеткамі ўверх. На дошкі роўнымі радамі паставілі драўляныя фігуры. Пра шахматы ў гэтым горадзе ведалі, нехта нават гуляць спрабаваў. Вось і каваль умеў, ды толькі не збіраўся абяцаныя каралём манеты вось так атрымаць. Быў з маленства прывучаны працай грошы здабываць, а не гульнёй.

— Сядай, каваль, зарабіць зможаш! — запрасіў кароль.

— Я кавальскай працаю зарабляць звык. Дзякую, Ваша Вялікасць! — адказаў юнак.

Кароль плячыма паціснуў і пачаў тлумачыць правілы гульні тым, хто іх не ведаў. Вельмі хутка палова гульцоў атрымалі па залатой манеце і былі адпраўлены ў горад. Пераможцы паклалі ў кішэні па пары манет, зноў селі па двое і распачалі новую партыю. Праз колькі часу частка менш удалых шахматыстаў атрымалі яшчэ па манеце і развіталіся. У пераможцаў у кішэнях прыемна дзынькала золата, яны апантана распачыналі гульню наноў. Каваль бы ўжо і пайшоў, ды сябра яго над шахматнай дошкай каторую гадзіну сядзеў. Цікава было, ці пройдзе далей. І вось пасля адной з партый засталося дзевятнаццаць гульцоў.

— Гуляем яшчэ адзін раз! — абвясціў кароль. — У апошніх дзесяці пераможцаў будзе магчымасць атрымаць галоўную каштоўнасць, астатнія возьмуць па дваццаць манет і пойдуць. Ды толькі не хапае нам аднаго чалавека…

Юнакі сталі каваля ўгаворваць:

— Браце, згуляй раз!

Кавалю і самому цікава, бо любіў у шахматы гуляць, а тут яшчэ хлопцы так просяць. Пагадзіўся, але адразу папярэдзіў, што золата не возьме. Самай доўгай была гэта партыя. Дзесяць тых, хто прайгралі, узялі абяцаныя манеты і пайшлі. Астатнія дзесяць мелі шанец на галоўную ўзнагароду. Сярод іх быў і каваль.

— Я ўжо багаты! — дзынькаў золатам у кішэні яго сябар. — А вось каб яшчэ вялікую каштоўнасць у дадатак прыхапіць!

— Няхай табе пашанцуе! — усміхнуўся каваль і сабраўся вяртацца ў горад.

— Чакай, хлопча! — прыпыніў яго кароль. — Раз сеў за дошку і стаў пераможцам, то і каштоўнасць атрымаць паспрабуй.

— Я сваю каштоўнасць сам здабуду, — спакойна і ўпэўнена адказаў каваль.

— Калі ты яе зможаш разгледзець, то шчасце знойдзеш! — загадкава прашаптаў кароль.

— Эх, ну цікава ж! Паглядзім, што там за загадка! — усё ж не ўтрымаўся каваль.

— Зараз я запрашу вас у свой палац, — звярнуўся кароль да юнакоў. — Там вы пабачыце некалькі фігур шахматнай каралевы, але толькі адна сярод іх незвычайная. У кожнага з вас будзе магчымасць з першай спробы выбраць менавіта тую, самую-самую. Хто здолее адгадаць, якая з каралеў найкаштоўная, — знойдзе сваё шчасце. Той, хто не адгадае, — атрымае абраную дарагую фігурку на памяць.

— Хто першы будзе выбіраць? — устрывожыліся юнакі. — У таго ж шанцаў болей!

Каваль адразу сказаў, што будзе апошнім, астатнія вызначыліся лёсаваннем. Кароль увайшоў у пакой і загадаў заходзіць па чарзе. І вось першы юнак схаваўся за цяжкай аксамітавай фіранкай, якая закрывала ўваход.

— Ну! Выбірай сваю каралеву! — пачуўся голас караля.

Некалькі хвілін было ціха, потым юнак выйшаў.

— Дыямантавая! Яна мая! — яго вочы зіхацелі хваравітым агнём. — Кароль сказаў, не тая… Ну хай сабе і не тая, але самая дарагая! Я багаты! Багаты!

І ён паспяшаўся ў горад, каб усім паказаць сваё шчасце.

Другі юнак, сябар каваля, выбег з рубінавай шахматнай каралевай:

— Дасканаласць! Яна зроблена з вялікага рубіна! Філігранная праца ювеліра!

У трэцяга была сапфіравая фігурка шахматнай каралевы, у чацвёртага — смарагдавая, у пятага — александрытавая, у шостага — турмалінавая, у сёмага — тапазавая, у восьмага — жадэітавая, у дзявятага — жамчужная…

Каваль з трывогай назіраў, якія прагныя станавіліся вочы ў юнакоў. Ім падабалася валодаць багаццем. І вось надышла яго чарга. Юнак нетаропка падышоў да аксамітавай фіранкі, адхінуў яе і зрабіў колькі крокаў.

Паходні напаўнялі пакой цёплым святлом. Кароль сядзеў у высокім мяккім фатэлі, перад ім стаяў залаты каваны стол, які адразу прыцягнуў увагу хлапца. Круглая ажурная паверхня, па краі аздобленая каштоўнымі камянямі, трымалася на адпаліраванай да зіхацення мармуровай шахматнай фігуры. Яна была асляпляльна-белага колеру і так незвычайна прыгожа пералівалася пяшчотным блакітным зіхаценнем, што каваль загледзеўся.

— Словамі не апісаць гэта хараство… — прашаптаў юнак.

Кароль уважліва ўглядаўся ў хлопца:

— Што ж, твая чарга выбраць сабе шахматную каралеву!

Гаспадар палаца адкінуў вечка залатога куфра, які стаяў на стале, — і з-пад яго заззяла казачнае полымя, мяккім святлом заліло пакой. Гэта былі шахматныя каралевы, вырабленыя з розных каштоўных камянёў. Фігуркі прамяніліся каляровымі агеньчыкамі, вабілі да сябе.

— Ну, якую каралеву выбіраеш? — запытаўся кароль.

— Вось гэту! — усхвалявана адказаў каваль.

Юнак не мог адвесці ад яе вачэй. Ён зрабіў крок, потым яшчэ адзін, укленчыў і працягнуў руку да белай мармуровай фігуры шахматнай каралевы, якая займала самае пачэснае месца за сталом.

— Чаму не ўзяў каралеву з дыямента, ці смарагда, альбо сапфіра? — голас караля дрыжаў.

— Я іх і не заўважыў, — прашаптаў юнак. — Вось сапраўдная каралева! У яе блакітным зіхаценні таямніца, якую я павінен разгадаць. Ваша Вялікасць, аддайце мне яе!

— Шчаслівы дзень надышоў! — прашаптаў кароль і гучна дадаў: — Аддаю табе тую каралеву, якую ты выбраў… Сапраўдную!

У той жа момант у палацы-шатры бліснула асляпляльная маланка і гром грымнуў так аглушальна, што не вытрымала белая мармуровая фігура і рассыпалася на мільёны аскепкаў, а залатая ажурная паверхня стала расплавілася і заструменілася павольным вадаспадам, губляючы бліскучыя камяні-каштоўнасці, якімі была аздоблена.

Перад агаломшаным кавалём не было больш мармуровай белай каралевы, перад ім з каменных аскепкаў узнікла дзівосна прыгожая дзяўчына. Юнак не мог вачэй адвесці ад красуні, якая стаяла побач з ім, сціпла апусціўшы вочы. Кавалю здавалася, раней ён ужо бачыў яе, але дзе? У снах? У марах? Тонкая белая скура, залатыя валасы, светлая сукенка, расшытая каштоўнымі камянямі. Прыгажуня падняла доўгія цёмныя вейкі, і юнак убачыў пяшчотны позірк яе вачэй. Вось яна, таямніца блакітнага зіхацення, якую так прагнуў адкрыць каваль…

— Дачушка мая! Знайшоўся твой суджаны! Чары зніклі! — сказаў кароль і злучыў рукі юнака і дзяўчыны.

Тым вечарам справілі заручыны — меўся каваль Яўхім стаць зяцем каралю. Вось за святочнай вячэрай і расказаў кароль, што за цуды з громам і маланкай адбываліся ў палацы-шатры.

…Тры гады таму прыехаў да караля заможны князь, уладар суседніх земляў. Ведаў кароль, што князь той вядзьмак! Справы з ім мець не хацеў аніякай, але ж запрасіць няпрошанага візіцёра ў палац абавязвала гасціннасць. Сустрэў гаспадар госця, раскошную вячэру зладзіў, у шахматы пагуляць запрасіў. Пакуль партыю вялі, сказаў князь, што хоча ажаніцца з дачкой караля. Як пачула гэта юная каралеўна Аладэя, то ледзь прытомнасць не страціла. Усхваляваўся і бацька, бо, зразумела, не хацеў аддаваць за такога жаніха сваю дачушку. Адмовіў! Параіў з іншых прынцэс-прыгажунь выбраць. Раззлаваўся вядзьмак, схапіў з шахматнай дошкі фігурку каралевы і наслаў страшны праклён:

— Была б твая дачка сапраўднай каралевай, каб за мяне замуж пайшла, але раз адпрэчылі, то няхай нікому не дастанецца! Стане яна каралевай, толькі… шахматнай!

Вядзьмак так моцна сціснуў у далоні шахматную фігурку, што яна ператварылася ў аскепкі, а потым ён павярнуўся да каралеўны і садзьмуў іх на яе. На вачах агаломшанага бацькі Аладэя застыла белай мармуровай фігурай, залатыя валасы дзяўчыны падняліся ўверх і звіліся па крузе, каштоўныя каменьчыкі з яе ўбору ляглі па краі. Яшчэ адзін умольны погляд блакітных вачэй глянуў з мармуровай фігуры на бацьку — і замест дачкі перад ім ужо стаяла белая каменная шахматная каралева з блакітным водбліскам і прычоскай, што заплялася над каронай ажурным золатам.

Кінулася варта, каб схапіць князя, але ён спыніў іх адным рухам рукі — моцных волатаў нябачная сіла адштурхнула і да сцяны прыціснула. І на караля абсалютнае здранцвенне найшло.

— Хацеў іншага жаніха сваёй дачцэ? Нікому яна цяпер не патрэбная! — агідна рассмяяўся вядзьмак.

Кароль крычаць хоча, а голас прапаў — ні гука не вымавіць, толькі вуснамі варушыць.

— Не чую! Аб літасці просіш? — здзекаваўся вядзьмак. — То добра! Шукай сваёй дачцэ жаніха сярод тых, хто ў шахматы выдатна гуляе. Зладзь турнір, а потым хоць сабе і дзясятку пераможцаў пакажы сваю шахматную каралеўну, але побач з ёю пастаў фігуркі дыяментавых, сапфіравых, рубінавых каралеў. Ты ж мне прапанаваў з іншых прыгажунь выбраць! І вось, калі знойдзецца той, хто сярод такіх каштоўных разгледзіць і абярэ мармуровую, сапраўдную, закляцце знікне — і дачка твая зноў дзяўчынаю стане. Я нават абяцаю ніколі больш вас не турбаваць!

І, перакінуўшыся ў вялізнага крумкача, князь вылецеў праз акно.

Неадкладна загадаў кароль ювелірам рабіць фігуркі шахматных каралеў з дыяментаў, сапфіраў, рубінаў і паехаў па свеце з надзеяй знайсці таго, хто зможа разгледзець закаваную ў мармур сапраўдную каралеву сярод каштоўных шахматных фігур. Шмат турніраў зладзіў, але ўсе пераможцы, што падыходзілі да стала, бачылі толькі куфэрак з каштоўнасцямі, на сапраўдную каралеву ніхто і позірк не кінуў.

— Як здолеў ты, каваль, заўважыць яе? — напрыканцы свайго аповеду запытаўся кароль.

— І ў халодным бляску белага мармуру я ўбачыў таямнічы погляд дзівосных блакітных вачэй, — прашаптаў юнак.

Так паядналіся лёсы прыўкраснай каралеўны Аладэі і шчырага сэрцам каваля Яўхіма. Закаханыя ажаніліся, а кароль нарэшце суцешыўся, перадаў маладым каралеўства і паехаў па свеце, бо вельмі палюбілася яму вандраваць.

Пачастунак для Яго Вялікасці (казка) + аўдыё

Exit mobile version