Site icon Слушна

Шкодныя звычкі не пазычаюцца або Калі вучоба не ў радасць (казка) + аўдыё

https://slushna.by/wp-content/uploads/2025/01/Shkodnyya-zvychki-ne-pazychayucca-abo-kali-vuchoba-ne-ў-radasc.mp3?_=1

Усё пачыналася з таго, што ў адным класе былі два вучні. Адзін – Скрыпка Андрэй, лянівец і выхваляка, другі – Мудроў Уладзік, працаўнік і выдатнік. Не было ніводнага дня, каб між імі не ўзнікалі спрэчкі, як і здараліся чарадзейныя і загадкавыя гісторыі, часам нават прыкрыя і абражальныя, але шчырыя і даравальныя. 

Згадаць хаця б сённяшні ранак. Не паспеў Уладзік як след пранікнуцца сказаным Настаўніцай: «пра што гаманілі рамонкі», як Сонейка яму тут жа падміргнула. А праз якую хіліну і яе сынок, Зайка, які заўсёды прылятаў да свайго сябра Скрыпкі, спыніўся чамусьці на ім і пачаў казытаць яго за тварык. Сонечны Зайка зразумеў, што патрапіў у цудоўную Казку з імем Школьнае Дзяцінства. Ён і раней здагадваўся, што дарослыя ўжо забыліся на тыя свае прыгоды і дзівосы, што некалі адбываліся з імі ў такім жа ўзросце. Бо калі ён пачуў ад Настаўніцы, што цуд – побач, патрэбна толькі адкрыць душу, адразу ўляцеў у фортку.

— Напэўна, дзіўная гэта пара? – думаў Сонечны Зайка.

Ах, як яму хацелася, каб дарослыя распавялі  пра свае дзіцячыя адчуванні і той час, калі самі былі вучнямі! Чамусьці здзіўляўся, чаму без вялікай ахвоты ўспамінаюць сваё маленства, калі таксама верылі ў чарадзействы і цуд. Няхай былі іншыя погляды на жыццё, але стан душы, вера ў дабро і жаданне чарадзейства і загадкавасці былі тыя ж.

— А можа палятаем, дзеці? – падумаў Зайка.

Але ж гэта ўрок! Калі ты загадваеш палётаць, і гэтага вельмі-вельмі хочаш і верыш – абавязкова збудзецца. І няхай ты пакуль хвалюешся ў чаканні нязведаннай будучыні: «А што там наперадзе?» А наперадзе – казка – пара адкрыццяў і прыгод!

Сонечны Зайка штосьці нашэптвае на вушка Мудрову, але той адмахваецца ад яго, як ад назолы, маўляў, не месца для забаў. «Да Скрыпкі, сябрука свайго, паспяшайся! Бач, ён ужо разамлеў: ці то азбуку Морзе вывучае, ці то дзюбай парту выпрабоўвае!» – паказваў вачамі ў той бок, а сам схіляўся над сшыткам.

Уладзік  быў не толькі старанным вучнем, але і добрым сябрам. І раптам – дзіва-дзіўнае!

Чарадзейная Самапіска, або Выкрыццё здрадніка, які блытае літары

— Глядзі, які прыгожы Зайка!

Сонечны Зайка тут ні пры чым. Андрэйка Скрыпка Мудрову не сябар, але вельмі хоча ім быць.

— Адстань! – штораз чуецца незадаволены голас Уладзіка.

Хоча Андрэйка быць сябрам, але для гэтага нічога не робіць, наадварот, толькі падтруньвае і здзекуецца. Уладзік не паважае дрэнных вучняў.  Скрыпка кепскі вучань не таму што дрэнны хлопец, а гарэза, якіх пашукаць, і гультай. Год мінуў, а ён як мяўкаў па-кацячы, так і працягвае вычварацца. Табліцу множання толькі на адзінку ведае. Калі Настаўніца пытае памножыць на два, ён пачынае тармасіць сваю чарадзейную Самапіску: “Адказвай, каму кажу!” Тая толькі прытанцоўвае і пасміхаецца.

А без табліцы множання і дзяленне ніяк яму не даецца. Да таго ж і з мовай прабуксоўка: літары «д» з «т» блытае. Толькі і глядзіць, каб дзе змікіціць, альбо паклікаць на дапамогу сябрука-рацыяналізатара Кузнечыка ці свае «злыя сілы чарадзейства».

— Я адзін на гэтай хвалі! – абвясціў.  Круціўся за партай і бразгаў-шапацеў нейкімі прыстасаваннямі. Актыўна рыхтаваўся да  дзеянняў.

І вось той час надышоў. На кантрольным спісванні з пропускам літар Скрыпка, як запраўскі радыст, усё нашэптваў сваёй ручцы, якую называў Самапіскаю, бо яна ўсё рабіла за яго. Сама думала, сама пісала, сама ж магла калі і заўпарціцца, каб Андрэй не ленаваўся.

— Думай, пластмасавае стварэнне! Думай! Дзеля чаго цябе штодня лашчу-грэю, нягледзячы на мароз і настрой!

Але Самапіска зусім не слухалася. Ён не пераставаў усчуваць яе, што не паклапацілася, каб ён, яе гаспадар, паспяхова выканаў заданне. Бо тая толькі падскоквала ў яго руцэ і прыкра смяялася:

— Напачатку ты напішы, а пасля я! Ды не круці мяне, ужо галава баліць! – пераходзіла ў наступ Самапіска.

Ды так голасна, што ўвесь клас пасміхаўся, азіраючыся на Скрыпку, які (ці паверыце?!) нават разгубіўся нечаканым самавольствам памочніцы, і выцягваў шыю то да аднаго, то да другога суседа.

Але як ні стараўся ён, сшытак пасля праверкі, быў чырвоным. Самапіска на Настаўніцу  не ўздымала сваіх вачэй ад сораму за яго ўладальніка.

І тады Настаўніца сказала Мудрову, каб ён разам са Скрыпкам рабіў хатнія заданні. Чаму менавіта Уладзіку выпала такое шчасце ахвяраваць сваім вольным часам, таму што яны суседзі. Але пра гэта ён у Настаўніцы не спытаў, ведаў ўсяроўна нічога не зменіцца, бо ключ ад таямніцы душы аднакласніка не ў яе знаходзіцца.

Скрыпка Мудрову таксама з радасцю дапамагае, толькі іншым чынам: калі спеюць вішні, дык ён ніколі не праспіць і не стоміцца, каб не паабіраць. Гэта ён вельмі спрытна выконвае. І памочніка, як і драбіны не трэба. Кожная жэрдка ў плоце адчувае яго ласку. Паспрабуй зрабіць заўвагу. Таксама нахабна адказвае:

— Не падумай благога: раблю гэта з асаблівым задавальненнем і пачцівасцю, каб твая мама не мела з вішнямі шмат клопату.

— Канешне, ведаем ужо, клапатлівы ты наш! – казалі мы і асабліва не ўсчувалі за такі ўчынак.

Толькі пажаданне выказвалі:

— Лепш каб ты матылька з чмялём пераблытаў і ў якасці аэрадрома падставіў свой язык, эфект быў бы намнога гучнейшым! І паслухаў бы шапаценне лісця, і нанюхаўся б мядовага паху!

Калі ён прыходзіў да Уладзіка, дык заўсёды першым на парог ступаў мультфільмаўскі персанаж, апрануты ў выпацканую школьную форму, брудныя расшнураваныя чаравікі, але ў кальчузе старажытнага воіна і пры гэтым вясёлы і ўпэўнены.

— Ну што, настаўнік, чым гатовы абрадаваць будучую зорку? -  нахабна крычаў. —  І без аніякага дазволу праходзіў у пакой і садзіўся за пісьмовы стол. Пры гэтым хаваў ў кішэньку пінжачка зялёненькі дубовы лісточак, прамаўляючы: «Мой Сувязны!»

Быццам згаварыўшыся, са стала збягаюць кніжкі і сшыткі гаспадара. Уладзік дзівіцца, але сядае побач. Раскрывае дапаможнік і  пытаецца: «Кажы, што табе не зразумела, будзем разбірацца?»

— Ты настаўнік – ты і разбірайся! — прамаўляла Самапіска Андрэя і скакала ад задавальнення сваёй смеласцю.

— Які ты кемлівы! –Уладзік заўсміхаўся, але стараўся растлумачыць. У гэты момант галава і вочы Андрэйкі сачылі больш за Самапіскай, якая то прыляжа, то заскача. Той паднасіў яе да вуснаў, браў у рот, сціскаў зубамі… Не мінула і паўгадзіны як руплівая памочніца запэцкала не толькі каўнерык сарочкі, але і рот свайго дабрадзея. Нібы які мысліцель Скрыпка прыстаўляў ручку да падбароддзя, а пасля раптам і задрамаў.

Калі Улад пытаўся, ці ўсё зразумела і чаму далей не піша, ускочыўшы першай Самапіска, смела адказвала:

— Маруда! Ты ж не пішаш, а што мы? Чакаем цябе! А так пакуль усё нам зразумела! Прыём!

Уладзік паглядзеў ў бакі, наструніўся:

—Прыём, чуешь! – крыкнуў Уладзік на вуха Андрэю.

—Калі ты, Андрэй, такі разумны і не хочаш навучыцца правільна пісаць, дык хай іншы хто з табой забаўляецца! Навошта, каб ў школе мяне дакаралі, што я цябе не вучу.

— Ха-ха! Настаўніца вельмі ўзрадуецца, што ты на самым узлёце падрэзаў крылы будучай зорцы не толькі школы, а можа, нават краіны!

Уладзіку заставалася толькі здзіўляцца гэткаму ўмельству аднакласніка, маўчаць і тлумачыць, як умее, прадаўжаць разам выконваць хатнія заданні.

—Зорка твая пакуль толькі на кропачку змахвае!

— О-о-о! Разважаць пачаў. Прагрэсіруеш, Мудроў!

— Вось я і кажу: ці ж я настаўнік, каб вучыць Вас, Ваша Светласць! Разам у школе адно і тое ж слухаем і вывучаем. Але спісвайце, будучая зорка, спісвайце! Хаця б вачыма працуйце, калі галава не варыць, - парыраваў Уладзік.

 Тэрміновы выклік

Трэба сказаць, што ў той час, пра які ідзе размова, мабільных тэлефонаў яшчэ не было. Увогуле. Ніхто пра іх нават не ведаў. Зараз цяжка ўявіць, што такое калісьці было. Але гэта праўда! І тады ўсе малыя часцей за ўсё карысталіся менвіта такім сродкам сувязі: гучней крыкнеш – хутчэй пачуюць.

Таму маленькі дубок, што рос у двары, каб яго голас ляцеў як мага далей, нават устаў на дыбачкі і выцягваў шыю:

— Андрэ-эй! Андрэ-эй!

Уладзік выглянуў у акно, але там нікога не ўбачыў. Ніводнай жывой душы!

Але тут ён заўважыў, як рэагуе на гэты покліч Андрэйка, але выгляд сваёй дасведчанасці не падаваў. Самапіска ўжо сядзела ў таго на плячы і зноўку нашэптвала-нашэптвала. Раптам Андрэйка сабраў свае рэчы ў партфель, нахіліўся ў бок і стаў перашэптваць свайму Сувязному паварочваючыся да Уладзіка.

— У цябе, брат, умовы невыносныя: усе перашкаджаюць, - сказаў, зрабіўшы выгляд абражанага чалавека. - Баюся нарабіць адных памылак. Так што - бывай, памагаты! Калі што-якое – пішы пісьмы! – Андрэй рагатаў, але не ў голас, каб яго часам  Уладзік не пачуў. Але губы расцягваў, паказваючы тыя два свае заячыя шырокія зубы.

З вуліцы зноўку пачуўся голас:

— Андрэ-эй! Андрэ-эй!

— І там без мяне абысціся не могуць! Усюды толькі адзін Андрэй і патрэбен! – казаў ён крочыўшы да выхаду.

— Бо ты і сапраўды такі адзін! – высунуўшы свой носік з партфеля ціхутка цвердзіла і Самапіска. – Хто яшчэ так здолее сыграць!

— А гэта яшчэ хто?  - спытаў Уладзік.

— Як хто? Я! – прыкрыў сваю заступніцу Андрэй.

— Я ўсё зразумеў і не буду за цябе адказваць, скрыпач! – рэзка перапыніў Уладзік, так, як неяк чуў ад Настаўніцы.

— А я і не прашу, - Андрэйка таргануў галавою, нібыта быў круглы выдатнік. А значыць, няма чаго яму, такому разумнаму, нудзіцца тут. Заскакаў і яго партфель.

— Тады ўсёй тваёй хітрай зграі – поспехаў!

І пайшоў Скрыпка, прыпяваючы, хаця нёс ў сшытках кепска напісаныя практыкаванні па беларускай мове і матэматыцы.

Аперацыя «Галуб», або Раскрыццё Сувязнога

Пайшоў Андрэйка, а праз некаторы час, калі Уладзік чытаў Вялікую Дзіцячую Энцыклапедыю, пачуўся знаёмы голас.

Сярод невялікага гарадскога дворыка, заціснутага між высокімі дамамі стаяў хлопчык з іх класа. Як усе мужчыны яго ўзросту, ён не асабліва зважаў на сваю знешнасць, таму яго сінія шорты і жоўтая кашуля зусім не выхваляліся чысцінёй ад забаў у закінутым кар’еры.

— Дык вось хто мяне кліча! Яська Флейта! Гэты самы звычайны хлопчык стаяў перад домам, ўчыніўшы нечаканую гукавую атаку: бесперапынна і самааддана гукаў:

— Ула-аадзік! Ула-аадзік! Ула-аадзік! Выла-аа-зь са сваіх кніжа-аак!

— Чаго табе трэба? – азваўся Улад, выйшаўшы на балкон.

— Выходзь! Гуляць хадзем! Зірні, што ў мяне ёсць!

— Што гэта?

— Чарадзейная люстэрка! – на ўвесь раён крычаў Ясік. — У кар’еры знайшоў! Кажуць, што яно вельмі чарадзейнае! Княжацкае! І можа выканаць любое запаветнае жаданне! Чуеш?

Хаця сустракацца зусім не хацелася, а тым больш зараз, асабліва. Але ён усё-ткі спусціўся да сябрука. Той, убачыўшы яго, заскакаў вакол, нібы ва Уладзіка за плячамі гарэла.

— Хадзем за мной! Вунь за тым домам Юрась чакае.

Уладзік выглянуў з-за плечука. І праўда. Юрась Дубінка сядзеў на лавачцы.

Увогуле Уладзік прадчуваў, штосьці нядобрае, невядомае і, нават кепскае, быццам бы чакала яго неспакойная душа: Юрась Дубінка не з іх класа, яшчэ той жэўжык.

— Але з якой прычыны? – разважаў. — Здаецца, у мяне з ім няма ніякіх спраў. І што ён да мяне мае?

Чуецца з кустоў бузіны знаёіы голас: “Пачынаем аперацыю «Галуб!. Як чуеш, прыём!»

— Прыём!- адказаў Дубінка.

Зараз, напэўна, вынясуць штосьці іржавае, нібыта старадаўняя каштоўнасць, якую неабходна даследаваць, — думаў Уладзік. — А , мабыць, нешта кепскае падстрояць?

Раптам Юрась кліча:

— Ану, хадзі сюды, растлумач мне, якія літары пішуцца ў гэтых словах. Іншым тлумачыш.

— Словы?

Гэта штосьці загадкавае? Зараз ён мусіў быць асцярожным, як разведчык, што сядзіць у кустах бузіны. Нават яшчэ больш пільным і хітрым.

— Ну?

— Ты ж не трэццякласнік, - сказаў ён павольна.

— Усё роўна. Я хачу ведаць, што ведаюць трэццякласнікі аб правільным напісанні слоў!  — выкрыў сябе Дубінка.

— Дык ты ўжо даўно павінен гэта на памяць ведаць!

Дубінка ўскочыў на лаву для пасажыраў гарадскога транспарту, каб здавацца  яшчэ вышэйшым, і крыкнуў:

— Запускай! – раз’юшыўся Юрась, і Уладзіку здалося, што ён пагатоў  здзейсніць штосьці неверагоднае.

І тады Улад сцяміў.

— Гэта Андрэй Скрыпка цябе на гэта падбіў. Раскусіў я вас. Скажы яму, што я яго вучыць не буду, здраднікаў не паважаю, зразумеў?

Дубінка саскочыў з лаўкі, густа пачырванеў.

У гэты момант штосьці загудзела-забзынькала ў яго над галавой. Ён ўскінуў у неба голаў, і ў гэты момант штосці мяккое і смярдзючае звалілася Юрасю на грудзі.

— Заб’ю! Разведчык чортаў!

— Прамазаў! Прабач, электроніка падвяла! Ну, прабач! – раздаваўся аддаляючы голас рассакрэчанага разведчыка.

Шапік «Белсаюздруку», што ціха стаяў за шнурком бузіны, прытуліўшыся да аўтобуснага прыпынку, раптам зашавяліўся як ад пошугу маланкі: «Няўжо яму сыйдзе ад злога слова?»І доўга яшчэ глядзеў таму ўслед.

— Дык вось, значыць, што яны супраць мяне задумалі, — разважаў Улад. – Дубінка прыкідваўся б дурнейшым, чым ёсць на самой справе. Задаваў бы ўсялякія пытанні, а пасля што-небудзь такое падсунуў бы, што я, нічога пра тое не ведаючы, стаяў бы не толькі перад ім, але і перад усім класам, як дурань.

— Я гэта табе прыпомню, — прыгразіў Дубінка сшыткам і паплёўся прэч.

— Шкада, што самалёт разбіўся, — с лагоднай усмешкай падтруньваў ужо Улад, нібы да канца выказаў усё, што пра яго падумаў. – Бачна было, што ты ўпадабаў снарады таго «Голуба!»

Цудадзейны вітамін, або Пра што гаманілі рамонкі

Здарылася страшная рэч. Андрэй Скрыпка, той самы рассакрэчаны разведчык, збягаючы ад разбушаваўшага Дубінкі, праваліўся ў закінуты катлаван. І заснуў. Толькі пад раніцу, калі ўжо пачало світаць, яго знайшлі галубы і пачалі лупцаваць. Каторы па чым – па спіне, па руках, а найбольш па галаве дубасілі.

— Будзеш ведаць як наша светлае імя ў свае брыдкія справы ўблытваць!

— Даруйце, птушачкі! Я больш ні-ні! – узмаліўся жэўжык.

І гэта адразу ж выявілася. Скрыпка пасля гэтага, здавалася, пацішэў. Хатнія заданні пачаў спісваць дзе давядзецца: на ганку перад школай, на падваконні, ды толькі тады, каля яго чарадзейная памочніца Самапіска своечасова разбудзіць. А часам, бывала, заспіць і дапісвае пад партаю. І ўсё гэта дзякуючы Самапісцы. Апошнім часам яна большую актыўнасць пачала праяўляць. Бо каб ні яе клопат і гэтага поспеху не было б! Няхай у яго сшытках адны крамзолі, але ж і яны пра нешта кажуць. Можа нават шыфр які сакрэтны?

Але пакуль яны казалі пра іншае, бо калі Настаўніца даведалася пра дзівосы Скрыпкі толькі галавою пакруціла. І заўсёды калі яна ставіла яму дрэнную адзнаку, то глядзела чамусьці на Мудрова, а не на яго. Гэта  было дзіўным нават для партрэтаў, што віселі на сцяне класа і пераглядаліся між сабою.

Класны журнал Настаўніца ніколі не забірала ў настаўніцкую, але ніхто асабліва ў яго не заглядваў, бо кожны ведаў свае адзнакі. Акрамя Скрыпкі. Ён не верыў, што самы горшы ў класе вучань. Нікому не верыў!  Не хацеў верыць нават самому сабе. Усё  заглядваў у журнал, ці не трапілі часам выпадкова яго “добрыя” адзнакі  да суседа. А што, калі?

— Я так добра ўчора адказваў, а тут – гусі галгочуць! – не сунімаўся Скрыпка.

І тут адразу выявілася, які ён вучань. У час перапынку ён паслухаў сваю адданую памочніцу Самапіску і ўлез у журнал.

— Давай смялей! – падганяла. – Вось так! Р-рраз-два! – і ты ж ужо не адстаючы вучань!

І тут Андрэйка панаставіў сабе ў журнал поўна добрых адзнак, а каб гэта не было так прыкметна Самапіска параіла паставіць добрых адзнак і сваім сябрукам Яську Флейту і нерассакрэчанаму пакуль вынаходніку і рацыяналізатару Жэніку Кузнечыку. Гэта ён зрабіў для Скрыпкі чарадзейную Самапіску..

— І не забывайся, Андрэй, што я казала: «У радасці заўжды сяброў поўна!» – пасміхалася Самапіска.

Настаўніца разгубілася адразу, як толькі раскрыла журнал: цэлая чарада сініх гусей  вылецела з яго старонак і прама да форткі памчалася. Але тая была шчыльна зачынена, і яны паваляліся долу.

Кантрабандныя адзнакі, што стаялі насупраць трох герояў сарамліва апусцілі свае галовы.

— Ну што, дзеці? Ідзем далей! Хаця, прабачце, ёсць нагода на хвілінку затрымацца! Памятаеце: на пачатку тэмы мы разбіралі сказ «Пра што гаманілі рамонкі?»

— Памятаем! Канечне, памятаем! – раздаліся галасы.

— Дык вось, у нас з’явіліся новыя харашысты! Я абавязана вам назваць гэтыя таленты: Скрыпка, Дубінка, Кузнечык, Флейта! Проста малайцы! Як і не было кепскіх адзнак!

— Гэта крута! Які дзівосны гэты свет! – раздаўся чыйсьці голас.

— Значыць рамонкі гаманілі пра  небяспеку? – шукаў падтрымкі дзявочы голас. – Вось чаму яны хавалі свае пялёсткі ад Скрыпкі!

— Так! – І небяспека абрынулася на нас, - пацвердзіла Настаўніца.

— Нічога, мы гэта перадолеем! – запэўніла некалькі дзявочых галасоў. - А цябе, Скрыпка, не толькі ад класа, але і дома Цудадзейны вітамін ужо чакае!

— Зашквар!* – прашаптаў хлапечы голас.

Усё выплыла наверх, і «шэрыя гусі» – двойкі маўкліва паўскоквалі на свае месцы.

Пра свае глыбокія пачуцці і Цудадзейны вітамін, што атрымаў, Андрэй Скрыпка асабліва не любіць расказваць. Саромееца. Лічыць, што сціпласць пра свой шлях да зорак не абавязкова даводзіць шырокаму колу цікаўных.

*Зашквар – (сленг ненарматыўнай лексікі падлеткаў) штосьці ганебнае, непрыемнае.

Як Жалезны Леў стаў космапраходцам (казка) + аудыё

Exit mobile version