Site icon Слушна

Школа жыцця. Новае ў лячэнні і прафілактыцы цукровага дыябету

Школы дыябету.

У агульнай структуры захворванняў жыхароў Беларусі асаблівае месца займае эндакрынная паталогія. Так, па дадзеных за мінулы 2019 год хваробы эндакрыннай сістэмы зарэгістраваныя ў амаль 929 тысяч беларусаў, што па сутнасці складае 10% насельніцтва краіны.

Прыкладна аднолькавую ўдзельную вагу маюць найбольш значныя ў медыка-сацыяльным плане захворванні – цукровы дыябет і хваробы шчытападобнай залозы: каля 370 тысяч і 400 тысяч адпаведна.

Цукровы дыябет.

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі наладжана і дзейнічае эфектыўная сістэма дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі эндакрыннай паталогіі, імклівыя тэмпы развіцця сусветнай эндакрыналогіі мяркуюць пастаянную гнуткасць і ўдасканаленне нацыянальных сістэмаў. Таму на працягу апошніх гадоў беларускія спецыялісты распрацавалі шэраг асноўных нарматыўных дакументаў, якія дазволяць айчыннай эндакрыналогіі ў поўнай меры адпавядаць сусветным патрабаванням.

Пра тое, якое прыкладное значэнне маюць новыя дакументы непасрэдна для людзей з эндакрыннай паталогіяй і для грамадства ў цэлым, журналістам распавялі вядучыя эксперты ў галіне эндакрыналогіі:

  • прафесар кафедры дзіцячых хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава;
  • галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, к.м.н. Наталля Карловіч;
  • галоўны пазаштатны эндакрынолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера г.Мінска Алена Юрэня.

Школы дыябету

Адна з найбольш значных падзей – з'яўленне загаду Міністэрства аховы здароўя РБ, які закліканы спарадкаваць сістэму навучання пацыентаў з цукровым дыябетам (школы дыябету).

 
Наталля Карловіч
Галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, к.м.н.
Насамрэч сістэма навучання пацыентаў з цукровым дыябетам у нашай краіне была ўкаранёная ў 1994 годзе. І быў пэўны парадак, які рэгламентуе работу гэтай сістэмы. Аднак патрэба ў новым сучасным дакуменце наспявала даўно. Навучанне – гэта абавязковы кампанент лячэння пацыента з цукровым дыябетам. Хаця б таму, што ўрач-спецыяліст бачыць пацыента прыкладна адзін раз у месяц. А чалавек кожны свой дзень пражывае з хваробай. Ён, як мінімум, павінен ведаць, як ёй кіраваць. У гэтым і ёсць глабальная мэта навучання.

Але ёсць і яшчэ адна, не менш важная мэта, падкрэслівае Наталля Карловіч: наладзіць партнёрскія адносіны паміж пацыентам і ўрачом. Не сакрэт, што яшчэ даволі шмат людзей разлічваюць на «чароўную таблетку», зводзячы да мінімуму ўласны ўдзел у лячэбным працэсе. Разам з тым, жыццё з цукровым дыябетам мае на ўвазе пэўныя правілы і абмежаванні, захаванне якіх самім пацыентам у разы павышае эфектыўнасць лекавай тэрапіі.

 
Алена Юрэня
Галоўны пазаштатны эндакрынолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера г.Мінска
Наша школа цукровага дыябету 2 тыпу працуе практычна з моманту заснавання дыспансера, а ў 2016 годзе адкрылася і першая ў краіне школа цукровага дыябету 1-га тыпу. Летась мы апрабавалі такую форму работы, як індывідуальныя і групавыя заняткі па папярэднім запісе. Мы адсачылі вынікі працы за апошнія 6 месяцаў і адзначылі паляпшэнне кампенсацыі захворвання ў пацыентаў, якія прайшлі навучанне – сярэдні паказчык глікіраванага гемаглабіну ў іх быў меншым за 7,5, г.зн. атрыманы вынік, якога мы імкнемся дамагчыся ў прынцыпе.

Пэўныя надзеі сталічныя эндакрынолагі ўскладаюць на супрацоўніцтва з камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама, дзе яны выступілі з прапановай стварыць школы дыябету на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 
Алена Юрэня
Галоўны пазаштатны эндакрынолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера г.Мінска
Партрэт мінчаніна з цукровым дыябетам выглядае прыкладна так: гэта жанчына ва ўзросце, старэйшым за працаздольны, з цукровым дыябетам 2-га тыпу. Жанчыны хварэюць амаль у два разы часцей за мужчын. Але што тычыцца ўзросту, мы адрозніваемся ад сусветнай статыстыкі, якая сведчыць, што дыябет 2-га тыпу сустракаецца ў асноўным у працаздольных. У нас жа ў Мінску 78% пацыентаў з гэтай формай дыябету – сталыя людзі. І калі ўлічыць, што ў паліклініку пацыенты часцей ходзяць па таблеткі, дык вось якраз-такі нефармальныя стасункі і навучанне правілам жыцця з хваробай, мы спадзяемся, будуць больш запатрабаваныя на базе цэнтраў сацабслугоўвання.

Мабыць, самымі адказнымі і дысцыплінаванымі вучнямі школ цукровага дыябету з'яўляюцца дзеці і іх бацькі. Па словах Анжалікі Сонцавай, на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў Беларусі адзначана павелічэнне агульнай колькасці дзяцей з цукровым дыябетам 1-га тыпу. Так, у 2015 годзе на ўліку ў дзіцячых эндакрынолагаў было 1860 дзяцей з цукровым дыябетам 1-га тыпу. На пачатак 2020 года – 2438 дзяцей. Аналагічная тэндэнцыя характэрная для большасці развітых краінаў Еўропы, дзе рэгіструецца павышэнне першасных захворванняў на 3-4% штогод.

Анжаліка Сонцава
Галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, прафесар кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ
Навучанне дзяцей у школах дыябету – адзін з прыярытэтных накірункаў сучаснай дыябеталогіі. У нас дзейнічаюць 22 амбулаторныя і стацыянарныя школы на ўсіх узроўнях, пачынаючы з раённага. Там навучаюцца не толькі дзеці з цукровым дыябетам, але і іх бацькі. У 2019 годзе навучанне прайшлі больш за 3 тысячы чалавек: гэта і дзеці з упершыню выяўленым захворваннем, і тыя, хто мае пэўны стаж хваробы.

Этапнае, пастаяннае, штогадовае навучанне пацыентаў, якое праводзяць эндакрынолагі, адназначна адбіваецца на мінімізацыі ўскладненняў дыябету. Але акрамя тэрапеўтычнага, яно прыносіць і значны эканамічны эфект. Новы дакумент Міністэрства аховы здароўя закліканы зрабіць работу школ дыябету яшчэ больш маштабнай і выніковай.

Лячэнне павінна быць эфектыўным і камфортным

Яшчэ адзін дакумент быў распрацаваны у 2019 годзе вядучымі экспертамі ў галіне эндакрыналогіі – канцэпцыя забеспячэння лекавымі сродкамі пацыентаў з цукровым дыябетам на перыяд 2020-2025 гадоў.

 
Наталля Карловіч
Галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, к.м.н.
Сёння ўсе пацыенты з дыябетам маюць права на забеспячэнне лексродкамі інсуліну. Хтосьці атрымлівае аналагі інсуліну, хтосьці – яго картрыджную форму... Але значная колькасць пацыентаў атрымліваюць інсулін у флаконах. І ў гэтым мы пачынаем ужо адставаць ад астатняга свету. Калі мы кажам пра аналагі і генна-інжынерны інсулін, перш за ўсё маем на ўвазе розны спектр дзеяння інсуліну. А калі кажам пра флаконы або картрыджы, мы кажам пра зручнасці ўвядзення прэпарата. Вядома, зручнасць картрыджаў відавочная. Помпа – яшчэ большая зручнасць, хаця патрабуе ад пацыента навыкаў і максімальнага ўдзелу. Але любыя высокія тэхналогіі каштуюць грошай, таму гэтыя сродкі трэба планаваць. Распрацоўваючы канцэпцыю, мы прадугледзелі 6-гадовы перыяд пераходу. Першы этап – перавод усіх дзяцей з цукровым дыябетам на аналагi інсуліну. Далей – паступовае пашырэнне паказанняў для прызначэння аналагаў інсуліну для іншых катэгорый пацыентаў і перавод на картрыджную форму інсуліну ўсіх пацыентаў з дыябетам.

Канцэпцыя – толькі адзін з дакументаў. Да яе таксама прыкладаецца дакумент, які вызначае парадак прызначэння аналагаў інсуліну розным катэгорыям пацыентаў. А таксама загад, які вызначае сучасныя падыходы і больш шырокае ўкараненне помпавай інсулінатэрапіі ў Беларусі, падкрэсліла Наталля Карловіч.

Эксперты выказалі надзею, што прайшоўшы ўсе ўзроўні ўзгаднення, канцэпцыя будзе падпісаная ў бліжэйшы час і стане вялікім крокам на шляху фарміравання сучаснай і высокаэфектыўнай сістэмы эндакрыналагічнай дапамогі ў Беларусі.

 

Exit mobile version