Site icon Слушна

“Шла баба з запечка, несла каросту ў рэшаце…”: як у старажытнай Беларусі лячылі каросту

Карста ў жанчыны

Кароста ўваходзіць у лік найболей распаўсюджаных паразітарных параз скуры. У старадаўняй Беларусі ажно да пачатку 20 стагоддзя яе лячылі пераважна сродкамі народнай медыцыны — тлушчавымі мазямі на аснове бярозавага дзёгцю, серы, пораху і атрутнай травы, а таксама тэрмічнай апрацоўкай адзення. Гэта таксама знахары і сяляне выкарыстоўвалі замовы і вербальную магію. І не толькі…

карослівы клешч

“Ліханец узяў!” 

Часотка або кароста – гэта заразнае захворванне скуры, выкліканае кароставым кляшчом мікраскапічнага памеру (0,1–0,2 мм), які рухаецца пад скурай з хуткасцю 2–3 мм у дзень. У беларускай традыцыйнай культуры гэтую хваробу яшчэ называлі такімі словамі, як сверб, свербнік, зудзень, струб. Таксама сустракаліся дыялектныя назвы накшталт каросты вадзяной або проста казалі, што чалавека “вошы ядуць” ці “ліханец узяў”.

Сімптомамі каросты з’яўляюцца скураны сверб, асабліва ў вячэрні і начны час, дробны сып. Хвароба перадаецца пры шчыльным скураным кантакце і праз асабістыя рэчы. Кароставы клешч-зудзень прасочваецца ў верхні слой скуры, дзе жыве і адкладае яйкі. На скуры з’яўлXяюцца гнайніковыя струпы, тонкія хады праробленыя кляшчом – асабліва на запясцях, лакцях, жываце.

“Мужыцкая хвароба”

У мінулыя стагоддзі каросту гістарычна называлі “мужыцкай хваробай” або “хваробай бедных” з-за сацыяльна-эканамічных умоў жыцця сялян. І гэта было звязана не з нейкай біялагічнай схільнасцю, а выключна з побытам і гігіенай тагачаснай вёскі.

Вядома, што ў даўнія часы сяляне не мелі магчымасці рэгулярна мыцца, мяняць або выварваць адзенне і бялізну, што неабходна для знішчэння кароставага кляшча. Да таго ж сялянскія сем’і былі вялікімі і нярэдка жылі ў адной невялікай хаце, часам разам з жывёлай у зімовы час. Кароста ж перадаецца праз прамы скураны кантакт або супольную бялізну, ці агульныя рэчы, таму імгненна заражалася ўся сям’я. А карыстанне аднымі і тымі ж прыладамі працы, адзеннем з “чужога пляча” або начлег упокат на пакосе спрыялі хуткаму распаўсюджванню паразіта.

У адрозненне ад сялян, шляхта і паны мелі доступ да лекаў і сродкаў гігіены, таму хварэлі радзей і вылечваліся хутка.

І салам, і дзёгцем, і шкіпінарам…

 Здаўна было заўважана, што пры каросце патрэбныя сродкі, якія “выпальваюць” або сушаць скуру. А сучасная навука пацвярджае, што кароставы клешч баіцца серы, кіслаты і дзёгцю. Таму выкарыстоўвалі наступныя метады.

Адным з распаўсюджаных сродкаў змагання з каростай была серная мазь якую шмат дзён запар уціралі ў скуру. Серу бралі з запалак ці куплялі ў крамах. Серны парашок змешвалі з жывёльным маслам або з густым мылам. Серу таксама таўклі са свіным салам. Часам для гэтых мэтаў выкарыстоўвалі звычайны паляўнічы порах.

Бярозавы або хваёвы дзёгаць быў галоўным антысептыкам. Хворыя месцы змазвалі чыстым дзёгцем або змешвалі яго з каровіным маслам ці з нутраным салам – здорам. Рабілі мазь і з бялку курыных яек ці курыных вывяржэнняў, змяшаных з бярозавым дзёгцем. Апроч бярозавага дзёгця хворую скуру таксама змазвалі газай (керасінам) і рознымі ртутнымі мазямі.

Выкарыстоўвалі сумесь бярозавага дзёгця з сінім купарвасам ці шкіпінарам. Нацёрты такімі мазямі павінен быў хадзіць цэлы тыдзень і не змываць лекі. Потым трэба было памыцца і выпіць сумесь серы з вадой. Хворага шмаравалі свіным тлушчам, перамешаным з паляўнічым порахам або з бярозавым дзёгцем ці коранем дзівасілу. Такую працэдуру праводзілі на добра нагрэтай печцы.

Бярозавы дзёгаць

Скурны клешч вельмі кепска пераносіць кіслае асяроддзе. Таму каросту мылі моцным квасам, старым бурачным расолам ці сыроваткай. Дзяцей, хворых на каросту, змазвалі малаком-сырадоем. Ужывалі мазь з сырога кораня конскага шчаўя са свіным тлушчам, авечы тлушч з соллю, воўчы тлушч. Змешвалі парашок з хатніх мух і корань каровінай кісліцы. У малаку варылі вінныя ягады з настоек і прыкладалі да хворых месцаў. Рабілі таксама дрожджавыя кампрэсы з соллю.

Скуру, асабліва калі адчуваўся моцны сверб, абмывалі настоем або адварам з розных лекавых траў (святаянніку, чэмеру, дзівасілу, багуну), часныку, лісця тытуню, шкарлупін грэцкіх арэхаў, кары крушыны. Таксама скуру прысыпалі грэчневай мукой або сухой глінай.

Святаяннік

Важнай часткай лячэння была гарачая лазня. Чалавека добра парылі бярозавымі ці дубовымі венікамі, пасля чаго мазалі самаробнымі мазямі. Адзенне і бялізну хворага абавязкова выварвалі ў крутым кіпені з попелам або выпальвалі ў пячы, каб хвароба не вярнулася.

Беларуская народная медыцына захавала шматлікія тэксты замоў, дзе хваробы скуры часта ўяўляліся як жывыя істоты, якіх трэба супакоіць, выгнаць або перадаць неадухоўленым прадметам. Так, існавала замова ад скураных высыпак і балячак, якую чыталі над вадою, ёй потым абмывалі хворага чалавека, а пасля гэтага ваду трэба было выліць “на сухія лясы, на гнілыя балоты, дзе людзі не ходзяць, дзе жывёла не блукае”.

Калі лічылі, што кароста з’явілася ад сурокаў або ліхога вока, хворае месца сімвалічна выціралі кавалкам шэрай воўны альбо тканіны, на якую нагаворвалі тэкст замовы, а потым спальвалі яе. Вось тэкст адной з такіх замоў:

“Шла баба з запечка, несла каросту ў рэшаце. Рэшата сунулася, кароста мінулася. Ня тут табе, кароста, стаяць, ня тут табе цела раба Божага (імя) вязаць, чырвоную кроў піць, белую косць сушыць. Ідзі ты на мохі, на балоты, на чароты. Там табе піццё і ядзенне, а рабу Божаму (імя) – збаўленне. Тфу, тфу, тфу, прападзі!”

Кароставая баба

З даўніх часоў і да вынаходніцтва антыбіётыкаў і вакцын ізаляцыя або выгнанне хворых былі адзінымі эфектыўнымі спосабамі спыніць эпідэміі і выратаваць астатніх жыхароў паселішча. Да таго ж, у старажытнасці хваробы часта лічылі божым пакараннем ці праклёнам. Жыхары баяліся, што прысутнасць хворага чалавека навядзе гнеў вышэйшых сіл на ўсю абшчыну.

Такая жорсткая, але вымушаная практыка выгнання з паселішча захавалася ў гісторыі і паданні аднаго урочышча пад назвай Кароставая баба, якое месціцца каля вёскі Сяўкі. Гэта ў Лоеўскім раёне на Гомельшчыне, на самай мяжы з Украінай. Там над глыбокім ярам стаіць старадаўні дубовы крыж, увесь абвіты вышыванымі ручнікамі і даматканымі тканінамі. Уніз вядуць прыступкі з каранёў векавых дрэў. На дне калодзеж. Кажуць, што яго выкапаў манах з Кіева-Пячорскай лаўры, які прыходзіў сюды для пустэльніцкага жыцця. У дупле дуба знаходзіцца абраз Божай Маці, каля якога людзі пастаянна пакідаюць свечкі, кветкі, ручнікі, хустачкі.

Паводле падання, раней у вёсцы жылі рыбакі. У 16 стагоддзі жонка аднаго з рыбакоў захварэла на каросту. Неўзабаве хвароба ўразіла ўсіх жыхароў наваколля. Людзі вырашылі выгнаць рыбачку. Жанчына прыйшла да дуба і там у дупле зрабіла сабе жытло. Штодня яна прамывала раны вадой з калодзежа. Лекары ніяк не маглі справіцца з пошасцю. Рыбакі вырашылі забіць “кароставую бабу”. Але калі спусціліся ў яр, то ўбачылі, што жанчына стаяла на каленях каля дупла і малілася перад абразом Божай Маці. Цела яе было чыстым.

Exit mobile version