Упершыню ў сваёй гісторыі Новасібірскі дзяржаўны мастацкі музей праводзіць маштабную выстаўку работ сібірскіх мастакоў за межамі Расійскай Федэрацыі. 24 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё выставак «Сібір шматаблічная. Жывапіс» і «Сібір шматаблічная. Графіка» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Экспазіцыя стала часткай Дзён культуры Новасібірскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь, якія праходзілі з 23 да 26 мая. Дні культуры – гэта маштабны праект, які садзейнічае развіццю і ўмацаванню культурных сувязей паміж Новасібірскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь. Расію і Беларусь звязваюць моцныя гістарычныя і сяброўскія карані.
На адкрыцці мерапрыемства губернатар Новасібірскай вобласці Андрэй Траўнікаў сказаў: «Мы паказваем Сібір шматаблічную, як яна і ёсць. Гэта тэрыторыя з вельмі разнастайнай прыродай, месца змешвання народаў, эпох, культур, нацыянальнасцяў, кухняў — вось такую Сібір у рамках Дзён культуры ў Мінску мы імкнемся паказаць».
Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў са спадчынай вядомых мастакоў Новасібірска, Томска, Омска, Барнаула, Горна-Алтайска, Краснаярска і Іркуцка, якія працавалі ў 1900-1980-я гады. Майстры прадстаўляюць розныя пакаленні, гістарычныя і культурныя эпохі, але ўся іх творчасць прасякнута любоўю да Сібіры і людзей, якія жывуць у гэтым суровым краі.
У мастацкіх творах паўстаюць велічныя матывы сібірскай прыроды, выявы моцных жыхароў краю, сцэны аб традыцыях карэнных народаў.
Асаблівае месца сярод прадстаўленых работ займаюць творы алтайскіх мастакоў Рыгора Гуркіна і Мікалая Чавалкова, якія адносяцца да першай трэці XX стагоддзя. Гуркін, які вучыўся ў Івана Шышкіна, у сваіх пейзажах апявае прыроду Горнага Алтая, падкрэслівае яе эпічнасць і духоўную веліч.
Самабытны аўтар Мікалай Чавалкоў, у сваю чаргу, у палатне «Чаканне пераправы на Цялецкім возеры» раскрывае асаблівасці сібірскага стылю, пошукамі якога былі захоплены многія мастакі краю ў гэты час.
На выстаўцы прадстаўлены больш за 40 жывапісных работ і 50 твораў друкаванай графікі. Выстаўка дэманструе лепшыя ўзоры найбагацейшай калекцыі сібірскага мастацтва ХХ-XXI стагоддзяў, якая захоўваецца ў фондах Новасібірскага дзяржаўнага мастацкага музея, дазваляе прадставіць рэгіянальнае мастацтва як адзіную і ўнікальную з'яву, якая красамоўна вылучаецца ў культурнай прасторы.
Майстры, прадстаўленыя на выстаўцы, належаць да розных пакаленняў, гістарычных і культурных эпох, яны працавалі ў розных жанрах і стылістычных манерах. Аднак іх аб'ядноўвае адна вялікая тэма, якой яны прысвяцілі сваю творчасць, — тэма Сібіры. Для людзей, якім цікавы гэты рэгіён, дадзены праект стане сапраўдным адкрыццём.
Як фестываль «Арт-Мінск» уплывае на прафесійны лёс знакамітых і пачынаючых мастакоў Беларусі?