Вакол звязак і суставаў для іх абароны і павышэння рухомасці размешчаная сінавіяльная абалонка. Яна выдзяляе спецыяльную змазачную вадкасць, якая памяншае трэнне і паляпшае амартызацыю пры руху. У выніку траўмаў ці інфекцыі сінавіяльная абалонка можа запаляцца.
Гэта прыводзіць да болевых адчуванняў у вобласці пашкоджанага сустава, абмежавання ў руху (здаецца, што сустаў пачаў дрэнна згінацца). Гэтыя прыкметы могуць паказваць, што развіваецца сінавіт.
Пра тое, што такое сінавіт, пра яго першыя сімптомы, а таксама метады дыягностыкі і лячэння захворвання, якія ёсць у арсенале ўрачоў, журналісту Слушна распавёў навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Раман Сіроткін.
Пашкоджанне сустава
Чаму развіваецца сінавіт
Сінавіяльная абалонка сустава складаецца са злучальнай тканкі і пакрывае ўвесь сустаў. Яна прасякнутая нервамі і сасудамі, функцыя якіх – забеспячэнне абмену рэчываў у поласці сустава, сілкаванне сустаўнага храстка.
Пры сінавіце ў поласці, якую высцілае сінавіяльная абалонка, назапашваецца вадкасць, так званы запаленчы выпат – эксудат. Як правіла, хвароба абмежаваная межамі пашкоджанага ўчастка.
Існуе некалькі прычынаў развіцця хваробы.
У залежнасці ад фактару, які стаў першапрычынай захворвання, адрозніваюць сінавіт інфекцыйнай і неінфекцыйнай этыялогіі.
-
Інфекцыйны сінавіт
У гэтым выпадку правакацыйным фактарам сінавіту з'яўляецца інфекцыя, узбуджальнік якой з крывёй ці лімфай трапіў у поласць сінавіяльнай абалонкі.
-
Неінфекцыйныя сінавіты
Як правіла, яны з'яўляюцца наступствам траўмы сінавіяльнай абалонкі ў выніку пашкоджання звязкі альбо сустава. Нярэдка яны дыягнастуюцца ў спартсменаў і ў тых, хто хворы на гемафілію.
Сінавіт можа ўзнікнуць у выніку перанесенага інфекцыйнага захворвання, а таксама з прычыны паталогій эндакрыннай сістэмы (напрыклад, у хворых на цукровы дыябет).
Асноўныя сімптомы сінавіту
Як правіла, пры сінавіце пашкоджваецца адзін сустаў. Развіццё захворвання адразу ў некалькіх месцах сустракаецца даволі рэдка, як правіла, падобная карціна характэрная пры сістэмных захворваннях, напрыклад, пры рэўматоідным артрыце.
Характэрныя сімптомы захворвання:
- ацёк у месцы запалення, абрысы суставаў згладжаныя;
- пры нагрузцы – боль, рухі абмежаваныя;
- часам павышаецца тэмпература цела;
- з'яўляецца адчуванне, што вобласць пашкоджанага сустава «гарыць».
Калі сінавіт інфекцыйны, захворванне амаль заўсёды «стартуе» востра. Рэзка павышаецца тэмпература, з'яўляюцца боль і адчуванне распірання ў суставе. Праз некалькі гадзін вобласць сустава ацякае, з'яўляюцца прыкметы інтаксікацыі: галаўны боль, пачуццё слабасці і турботы, рэдка – ваніты.
Сімптомы неінфекцыйных формаў з'яўляюцца паступова, на працягу некалькіх дзён, і шмат у чым залежаць ад прычыны захворвання. Першая прыкмета – дыскамфорт у суставе і балючыя адчуванні падчас руху альбо пры нагрузцы на яго. Затым выяўляецца азызласць, сустаў дэфармуецца, боль робіцца мацнейшым.
Дыягностыка сінавіту
Дыягназ захворвання ўстанаўліваецца на аснове скаргаў пацыента і яго анамнэзу, візуальнага агляду сустава. Пры неабходнасці выконваецца пункцыя сустава для вызначэння ўзбуджальніка захворвання, а таксама УГД і МРТ.
Лячэнне сінавіту
Лячэнне сінавіту шмат у чым залежыць ад характару захворвання.
Калі сінавіт інфекцыйны, дык тэрапія накіраваная ў першую чаргу на ліквідацыю ачагу інфекцыі.
Пры неінфекцыйным сінавіце лячэнне можа абмежавацца толькі імабілізацыяй канечнасці з дапамогай гіпсавай павязкі альбо артэза на перыяд да 10 дзён. Для больш эфектыўнай рэабілітацыі прызначаюцца таксама фізіяпрацэдуры.
Калі сінавіт працякае ў лёгкай форме, захворванне можа прайсці самастойна і без спецыфічнага лячэння.
У выпадку хранічнага сінавіту сінавіяльная абалонка выдаляецца аператыўным шляхам.
Ускладненнямі захворвання могуць стаць абмежаванне аб'ёму руху і распаўсюджванне запаленчага працэсу на іншыя вобласці звязачнага апарата.
Асноўнымі спосабамі прафілактыкі з'яўляюцца своечасова пачатае лячэнне інфекцыйных захворванняў, якія могуць справакаваць запаленне сінавіяльнай абалонкі, а таксама выкананне мераў засцярогі пры занятках спортам, накіраваных на папярэджанне падзенняў і траўмаў.