Асноўную колькасць пацыентаў з захворваннямі сятчаткі вачэй складаюць людзі з узроставай макуладыстрафіяй. На жаль, многія не маюць інфармацыі пра захворванне, змены зроку спісваюць на іншыя праблемы са здароўем і звяртаюцца да ўрачоў, калі дапамагчы практычна немагчыма. Але ж узроставая макуладыстрафія займае трэцяе месца сярод найбольш распаўсюджаных прычынаў слепаты ва ўсім свеце пасля катаракты і глаўкомы.
У 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска распачаўся цыкл навукова-папулярных лекцый, прысвечаных захворванням вачэй, прафілактыцы захворванняў, дыягностыцы і лячэнню. І дэбютаваў ён з аповеду пра ўзроставую макулярную дыстрафію. Спікерам выступіла афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі клінікі Майя Генадзеўна Ланская. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі наведала лекцыю і занатавала самыя важныя моманты, якія трэба ведаць, каб не прапусціць захворванне.
Хто ў групе рызыкі развіцця ўзроставай макуладыстрафіі?
Хвароба як правіла прыходзіць да людзей, старэйшых за 70 гадоў. Рызыка развіцця складае каля 32%. Разам з тым, у апошні час спецыялісты адзначаюць, што захворванне «маладзее», і да ўрачоў прыходзяць пацыенты ва ўзросце 45-50 гадоў, ужо з цяжкімі зменамі сятчаткі.
Немалаважную ролю адыгрывае і спадчыннасць. Калі ў бліжэйшых сваякоў былі выпадкі захворвання, рызыка развіцця ўзроставай макуладыстрафіі значна павялічваецца. Акрамя гэтага, верагоднасць паталогіі павышаецца з-за гарманальных парушэнняў, сардэчна-сасудзiстых захворванняў (атэрасклероз, артэрыяльная гіпертэнзія і інш.).
Як развіваецца захворванне?
Наша сятчатка – гэта абалонка, якая высцілае вока знутры. Яе цэнтральная частка адказвае за дакладны зрок, кантраснасць, за тое, каб мы маглі бачыць зблізку, адрозніваць колеры, чытаць і пісаць. Менавіта цэнтральная частка сятчаткі задзейнічаная ў паўсядзённым жыцці. Перыферычная частка не ўдзельнічае ў зроку, яна адказная за адчуванне прасторы. Пры ўзроставай макуладыстрафіі пашкоджваецца менавіта цэнтральная частка сятчаткі. Захворванне хранічнае і прагрэсавальнае.
Сінонімы захворвання (часам іх пішуць урачы ў заключэнні): інвалюцыйная цэнтральная харыерэтынальная дыстрафія, склератычная макуладыстрофія, узроставая макулярная дыстрафія, сенільная макулярная дыстрафія.
Узроставая макуладыстрафія бывае дзвюх формаў: сухая і вільготная. Пры першай форме захворвання хвароба часта дыягнастуецца выпадкова на аглядзе ў афтальмолага, бо на ранніх стадыях праяў можа і не быць. Разам з тым, у 10% выпадкаў яна пераходзіць у вільготную форму, якая непазбежна вядзе да страты цэнтральнага зроку.
Ці можна западозрыць хваробу самастойна?
Існуе спецыяльная сетка Амслера. У норме малюнак павінен быць выразным. Калі перад вачамі з'яўляецца пляма альбо лініі клетак скажоныя, не абавязкова па цэнтры ліста, – гэта важкая падстава звярнуцца да ўрача. Бо прыкметы могуць сведчыць пра пачатак хваробы.
Для праверкі сетку неабходна размясціць на ўзроўні вачэй, на адлегласці 30-40 см, каб яна была добра асветленая, без блікаў.
Як пачынаецца ўзроставая макуладыстрафія?
Як правіла, хвароба не стартуе рэзка. Усё пачынаецца паступова. Спачатку з'яўляецца шэрая расплывістая пляма. На яе многія нават не звяртаюць увагі. Затым пры прагрэсаванні захворвання пляма павялічваецца ў памерах, а лініі малюнка «плывуць», прадметы могуць выцягвацца, прымаць мудрагелістую форму, парушаецца кантраснасць, успрыманне колераў. На ранніх этапах развіцця паталогіі вельмі часта чалавек можа скардзіцца на тое, што ён не можа чытаць. І ніякія акуляры не дапамагаюць. Няма такой якасці зроку, як было раней.
Ці існуе лячэнне захворвання?
Самае галоўнае ў тэрапіі – своечасовы зварот па дапамогу. Цалкам вылечыць хваробу нельга, але можна затармазіць прагрэсаванне захворвання, тым самым значна палепшыць якасць жыцця. Лячэнне заключаецца ва ўвядзенні ў вока з дапамогай ін'екцый прэпаратаў (інгібітары VEGF), дзеянне якіх накіраванае на стабілізацыю паталагічнага працэсу.
Прачытаць пра ўзроставую макуладыстрафію можна яшчэ тут і тут.
Фота эксперта – Вольга Стружынская.