Авечка Адэля і козачка Малімонка гулялі ў бадмінтон. І ўжо было зразумела, што гэтым разам перамога будзе за козачкай. Малімонка так радавалася! Яна забылася, што Адэля трываць не можа, калі нехта гуляе лепш за яе. Таму калі пасля няўдалай Малімончынай падачы валанчык паляцеў проста ў куст шыпшыны, авечка зявіла, што трэба прызнаць партыю незавершанай.
– Адэлю, – захвалявалася козачка, – давай дастанем валанчык і пагуляем яшчэ, пакуль абедзенны перапынак не скончыўся. Бо пасля зноў трэба будзе ісці на пашу.
– Яшчэ чаго! – абурана адмовілася авечка. – Не буду я па кустах поўзаць. Сама лезь, калі так хочаш. Бачыла, якія калючкі? Паабдзіраешся ўся! Толькі не кажы пасля, што я цябе не папярэджвала. А мне мая воўначка даражэй за нейкі там валанчык.
Авечка развярнулася і пайшла ў свой загончык.
– Але ж мы гульню не скончылі! – спрабавала спыніць яе козачка.
– А іншага валанчыка ў нас няма. Не хочаш незавершанай партыі – тады прапаную табе нічыю!
– Як гэта нічыю? – заўпарцілася Малімонка. – У мяне было на дзесць ачкоў больш, чым у цябе!
– Ну і што з таго? Затое з тваёй падачы валанчык трапіў у калючы куст! І цяпер нам гуляць у бадмінтон няма як.
Малімонка моўчкі накіравалася да шыпшыны. Ружовыя кветкі варушылі пад павевамі ветрыку пяшчотнымі пялёсткамі, а на галінках шчацініліся дробныя частыя шыпы. Салодкі водар разліваўся ў цёплым паветры.
Праз нейкі час на двары фермы “Каляроўка”, дзе жылі і працавалі козачка і авечка, пачуліся ўсхліпы і прыгалошванні. Да Малімонкі, што заблыталася ў кусце шыпшыны, паспяшалася на дапамогу гаспадыня “Каляроўкі” – пані Гэлена.
– Малімонка! Што ты там робіш? Чаго цябе ў куст панесла? – прыгаворвала пані Гэлена, расхінаючы вецце граблямі, бо дабрацца да козачкі голымі рукамі было немагчыма. Шыпшына баранілася ад нападу ўсімі сваімі шыпулькамі.
– А-ёй! А-ёечкі! – стагнала ўпалоненая козачка. Яе доўгая воўначка заблыталася так, што выбавіцца сама яна не магла.
На ганак выйшаў пан Пастэрнак. Ён праз акно пабачыў валтузню ў шыпшынавым кусце, захапіў грубыя рабочыя пальчаткі і заспяшаўся на дапамогу. Удвух гаспадары далі раду калючаму веццю і выратавалі Малімонку. Дарэчы, валанчык вызвалілі разам з козачкай. Залезшы ў куст, яна адразу пачапіла яго на рожкі. А пасля Малімонку гаспадыня доўга і старанна ўчэсвала.
– Нельга ж такім калматым страхоццем на вочы людзям паказвацца!
Вядома, нават размовы не было, каб аднавіць гульню ў бадмінтон. Тым больш, што Адэля, выйшаўшы са свайго загончыка, заявіла:
– Пайду пасвіцца! Трэба, каб мая воўначка расла прыгожай і шаўкавістай. Бо з Малімонкі вы сёлета мала што настрыжэце!
Малімонка зноў занервавалася. Яна праводзіла Адэлю сумным позіркам, а пасля спыталася ў гаспадыні:
– Пані Гэлена! А навошта нам на панадворку такі небяспечны і калючы куст?
– Не быў бы ён небяспечным, каб вы самі ў яго не лезлі! – заявіла тая. – Мне шыпшына падабаецца! І кветкі прыгожыя, і водар шыкоўны. Ды яшчэ і расліна лекавая.
– А ад чаго яна лечыць? – пацікавілася Малімонка.
Пані Гэлена была вядомай аматаркай народнай медыцыны. І не дзіва. Маючы столькі гадаванцаў на ферме, трэба было разбірацца, каго чым лячыць. Таму яна з задавальненнем узялася дзяліцца ведамі.
– Слухай, шыпшынавы куст – гэта ж цэлая міні-аптэка. Вось лічы: ягадамі шыпшыны лечаць малакроўе, раматус, застуду, высокі ціск. Бачыла мо, я для пана Пастэрнака штодзень раніцай адвар раблю. Яшчэ адвар з пладоў п’юць пры нервовых захворваннях і абмаражэнні, а таксама ўжываюць як супрацьзапаленчы сродак. Памятаеш, колькі сушаных ягад шыпшыны мы ўзімку для спадарыні Наталлі перадаём праз Адэлю? Прычым карысныя не толькі ягады шыпшыны, але і яе кара, лісце і карані.
Шыпшына. Ад якіх хвароб выратуе лекавая расліна
– Нават карані?
– Так! Імі лечуць захворванні ног і параліч.
– Дзіўна! – з-за рогу хаты вызірнула Адэля. Ці то на лужок зусім не хадзіла, ці то вярнулася так хутка. Яна прымасцілася на ганку побач з гаспадыняй, і, выхапіўшы свой прыгожы гламурны грабеньчык з торбы, узялася дапамагаць пане Гэлене ратаваць Малімонку ад кузлакоў, у якія збілася яе воўна.
– Што дзіўнага, Адэлю? – перапытала гаспадыня.
– Дзіўна, што такая прыгожая і карысная расліна адначасова такая шкодная, – зазначыла Адэля. – Вось навошта ёй такія вострыя шыпулькі? Адкуль яны ўзяліся? Ну няхай сабе ружа непрыступнасцю сваёй красуецца. А шыпшына магла б і больш сціплай быць!
– Відаць, не магла. Бо шыпшына – гэта тая ж ружа, толькі дзікая. Пэўна, ёй таксама ёсць ад каго бараніцца, таму і адрошчвае шыпулькі.
– Дзікая ружа? – недаверліва працягнула Адэля.
– Так! Таму і легенды пра паходжанне ружы і шыпшыны – агульныя для гэтых кветак.
– Стоп, пані Гэлена! Пра лекі і захворванні вы майстрыца расказваць. А вось легенды слухаць мы пойдзем да спадарыні Наталлі! Хадзем, Малімонка!
Адэля спрытна ўхапіла Малімонку за капыток.
– Адэлю, што ты вырабляеш? Я ж яшчэ не скончыла ўчэсваць Малімонку. Ды і працоўны дзень…
– Працоўны дзень ўжо пяць хвілін як скончыўся! А мы яшчэ па дарозе да пані Наталлі заскочым на лужок і звыш нормы паскубем траўкі. А Малімонку больш усё адно не ўчэшаш! – запэўніла авечка і пацягнула Малімонку за сабой.
Пані Гэлена толькі рукой махнула.
Я тым часам таксама вырашыла скарыстацца лагодным летнім вечарам. Прыхапіла з сабой кніжку, бо вельмі люблю чытаць, седзячы дзе-небудзь у ціхім прыгожым скверы. Ажно гэтым разам да ўлюбёнага месца я не дайшла. Адэлька з Малімонкай перахплі мяне непадалёк ад дому.
– Спадарыня Наталля! Ці праўда, што шыпшына – гэта дзікая ружа? – ледзь паспеўшы прывітацца, запыталася Адэля. – І чаму яна такая калючая? Як накінулася на Малімонку! Сваімі шыпамі ледзь не да крыві падрапала яе!
– Адэлю, ну што ты мелеш? – запратэставала козачка. – Шыпы мяне не паранілі, а толькі ўскудлачылі. І я сама ў куст палезла. За валанчыкам. Памятаеш?
Усё зразумела. Мой сённяшні вечар будзе прысвечаны шыпшыне. Што ж, нічога не маю супраць. Тым больш, што вунь якраз у зацішным месцы пад квітнеючым кустом шыпшыны стаіць зручная лавачка. Там мы і прыселі.
– Шыпшына сапраўды з’яўляецца дзікай ружай.
– Дзікая – значыць, яшчэ больш калючая і агрэсіўная? – з прыхаваным смяшком удакладніла Адэля.
– Дзікая – значыць самастойная, якая расце без чалавечага клопату і дагляду. Яна сама выбірае месца, сама змагаецца з неспрыяльнымі ўмовамі і забяспечвае сабе месца пад сонцам. Дарэчы, вельмі паспяхова. Таму што шыпшына расце амаль паўсюдна на нашым мацерыку. Яе можна сустрэць у лесе, на лузе, ля азёр і рэк, у вясковых гародчыках і на гарадскіх вуліцах. Гэты кустарнік устойлівы да холаду, ён вельмі хутка разрастаецца і здольны ўтвараць непраходныя зараснікі. Менавіта зараснікі шыпшыны ахоўвалі стогадовы сон прыгажуні ў зачараваным замку. Гэта калі верыць казкам.
– Верыць! Верыць! – у адзін голас закрычалі авечка і козачка.
– А чаму ў двары “Каляроўкі” шыпшына ружовая, а вось тут кветкі больш яркія? І больш поўныя!
– Бо існуе мноства разнавіднасцяў гэтага кустарніка. Нешта каля пяцісот, здаецца.
– Ого! – з захапленнем выдыхнула Малімонка.
– А шыпы? Навошта такой прыгожай расліне брыдкія шыпулькі? – церабіла мяне за рукаво Адэля.
– Паводле легенд, якія існуюць у розных народаў, у шыпшыну перакінулася прыгожая дзяўчына, якая не хацела дастацца нялюбаму. Такіх легенд найбольш. А яшчэ расказваюць, што гэта слёзы іншай прыгажуні, якая ўкалола сабе ножку, шукаючы ў лесе параненага юнака.
– Якія рамантычныя гісторыі! – закаціла вочкі козачка.
– Чакай, Малімонка! Пакуль што не да рамантызму! Выходзіць, шыпы дапамагаюць кветцы бараніцца? – удакладніла Адэля.
– Так, – пацвердзіла я. – І бараніцца. І бараніць іншых. Лічылася, што галінкі шыпшыны, уторкнутыя ў шчыліны пабудоў, могуць уберагчы жыхароў ад ведзьмы ў Купальскую ноч.
– Ой! – скалануліся мае прыяцелькі ад страху, пачуўшы пра ведзьму.
– Спадарыня Наталля! Што вы нас проці ночы ведзьмамі страшыце? Лепш пойдзем да вас гарбату піць, – запатрабавала Адэля.
На двары ўжо і праўда звечарэла, таму мы накіраваліся да мяне. Ідучы, я працягвала ўзгадваць, што помніла пра шыпшыну.
– У прыродзе шыпы дапамагаюць шыпшыне бараніцца ад траваядных жывёл. Сярод іх нямала гурманаў, якія былі б не супраць паласвацца саладкаватай шыпшынай. Хаця, некаторых нават шыпы не стрымліваюць. Лічыцца, што вярблюдам, авечкам і козам шыпулькі – не перашкода.
– Мана! – абурана выгукнула Адэля. – Пра вярблюдаў не ведаю, а я ніколі ў жыцці не спабавала! Хіба Малімонка цішком ласуецца. Яна ж калючы маліннік есць, ажно за вушамі трашчыць!
Малімончын носік крыху заружавеўся:
– Я спрабавала… Памятаеце, мінулай восенню я звярэдзіла ножку і гаспадары не адпускалі мяне пасвіцца ў лясок. А мне так не хапала малінніку.
– Ну во! – зарагатала авечка, – заадно і злачынцу выкрылі. Пані Гэлена вечна пераймаецца, што ў суседскім гародчыку кветкі буяюць больш пышна, чым у яе. Ажно іх наша Малімонка пад’ядае!!!
– Адэлю! Гэта было толькі адзін разок, – апраўдавалася козачка.
А я працягвала расказваць:
– Шыпшына валодае выключнымі лекавымі здольнасцямі. Прычым у народнай медыцыне выкарыстоўваюцца ўсе часткі расліны…
– Досыць пра лекавыя якасці! Гэта нам ужо пані Гэлена расказвала. Вы лепш яшчэ штось міфічнае раскажыце.
– Што ж, слухайце. У беларускіх паданнях і песнях узгадваецца гісторыя пра маці, якая атруціла сына і нявестку. Каб разлучыць закаханых хаця б па смерці, яна хавае іх падалей адзін ад другога. На магіле сына садзіць светлы явар, а на магіле нявесткі – калючую шыпшыну. Таму кветкі шыпшыны ў беларусаў сталі яшчэ і сімвалам цяжкога лёсу.
– Сімвалам? – устрапянуліся мае слухачкі. Апошнім часам яны шмат даведаліся пра розныя сімвалы: зубра, бацяна, валошкі. Тэма сімвалаў іх вельмі цікавіла.
Але гісторыя пра нешчаслівых закаханых, якіх загубіла маці, так узрушыла прыяцелек, што пакуль яны былі здольныя абмяркоўваць толькі яе. І, як мне падалося, амаль не звярнулі ўвагі на такую сімвалічную асаблівасць шыпшыны: калі яна дзе ўкаранілася, вынішчыць яе лічы немагчыма.
Вечар мы правялі ў размовах пра шыпшыну. Ды яшчэ пад шыпшынавую гарбату.
Назаўтра ўвечары абедзьве мае прыяцелькі заявілі гаспадыні, што дзеля барацьбы за моцны імунітэт яны цяпер гатовыя штодзень піць адвар з шыпшыны. Пані Гэлена паабяцала ўвосень выдзеліць цэлы дзень на збор ягад. Але да восені яшчэ далекавата. Затое Купалле на носе. А ў купальскую пару кожная расліна сваю моц набірае. Значыць, трэба пакуль нарыхтаваць шыпшынавых лісточкаў.
– Я схаджу за лісточкамі, – неспадзявана для ўсіх прапанавала Адэля і, схапіўшы кошык, выскачыла ў двор. Астатнія заняліся сваімі справамі. Але цішыня і спакой панавалі нядоўга. Іх парушылі енк і стогны. Як і ўчора, яны даносіліся з шыпшынавага куста. Толькі цяпер немачкі галасіла Адэлька! Давялося пану Пастэрнаку зноў нацягваць грубыя працоўныя пальчаткі, а пані Гэлене брацца за граблі. Гаспадары нямала павалатузіліся, выбаўляючы з калючай шыпшыны няшчасную авечачку. Па-праўдзе, дасталося ёй куды больш, чым Малімонцы. Акрамя таго, што Адэльчына воўна была ўскалмачаная, яна даволі моцна параніла ножку. А з падрапанага вушка наогул капала кроў.
– Што ж цябе панесла ў самы зараснік! – сварылася пані Гэлена на гадаванку. – Няўжо нельга было лісточкаў з беражку сабраць?
Тлуму і мітусні вакол Адэлі хапіла да познага вечара. Пакуль прамылі і перавязалі ранкі, напаілі супакойваючым, прыйшла пара класціся спаць. Дарэчы, усе лекі для Адэлькі пані Гэлена зрабіла з той жа шыпшыны: і прымочкі, і адвар. Нават лыжка сочыва ў якасці прыза за цярплівасць пацярпелай падчас працэдур была з шыпшыны! Калі гаспадары паснулі, у пакойчык да Адэлькі нясмела пастукалася козачка.
– Адэлю, можна да цябе?
– Я ўжо сплю, Малімонка, – сонна адазвалася авечка.
– Якая ты смелая, Адэлька. А я не магу заснуць. Сёння ж акурат Купальская ноч! Памятаеш, што нам спадарыня Наталля ўчора расказвала пра ведзьмаў?
– Ідзі спаць, Малімонка! Нам ніякія ведзьмы не страшныя! Я ўсе шчылінкі галінкамі шыпшыны пазаторкавала!
– Адэлечка! Якая ты малайчынка, што здагадалася! – зарадавалася козачка.
Адэляка салодка пазяхнула і правалілася ў сон. Супакойваючы шыпшынавы адвар дзейнічаў выдатна.
– Спі, Адэлька, – ціхенька прамармытала козачка, уладкоўваючыся на краёчку ложку побач з авечкай. Так ёй было спакайней.
Ноч прайшла спакойна. Напада ведзьмаў на ферму зафіксавана не было. Адэля пераконвала ўсіх, што абыйшлося толькі дзякуючы яе кемлівасці і ахвярнасці! І паўтарала, што не тоіць на шыпшыну ніякай крыўды.
– Сімвалам абы-што не выберуць! Такую адважную і жыццялюбівую расліну яшчэ пашукаць! – ухвальна падымала капыток угору авечка.
Адэльчыны раны патроху гаіліся. Але ўсе лекарскія працэдуры паўтараліся яшчэ некалькі дзён. Авечка так паверыла ў цудадзейныя якасці шыпшыны, што ўсур’ёз папярэдзіла Малімонку:
– Глядзі ж, не ўздумай налета адна аб’есці шыпшыну. Бачыш, колькі з яе лекаў можна зрабіць!
А на перасцярогу пані Гэлены яшчэ калі-небудзь лазіць па калючых зарасніках заявіла.
– Больш НІ-ЗА-ВО-ШТА. Сама не палезу і Малімонку не пушчу. Ды і неабходнасці няма. Я ў шчыліны такога шыпастага вецця пазакладала! Яно дакладна некалькі гадоў павінна супраць ведзьмаў дзейнічаць. А быць упалоненай шыпшынай я нават ведзьме не пажадаю! Не-не, лепш трымацца ад яе шыпулек падалей!
– Затое з ёй нам ніякія хваробы не пагражаюць! І яна такая прыгожая! –падала голас Малімонка.
– Будзем любавацца на адлегласці! Да сімвалаў з павагай ставіцца трэба! – зрабіла выснову Адэлька.
https://bel.24health.by/trymaemsya-u-abloze-baranchykavy-zalyacanni-kazka/