Site icon Слушна

Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 1. Прычыны развіцця

Адным з сур'ёзных ускладненняў цукровага дыябету з'яўляецца сіндром дыябетычнай ступні. На яго развіццё не ўплывае ўзрост пацыента, «стаж» захворвання альбо тып цукровага дыябету. Нягледзячы на тое, што падобны сіндром назіраецца толькі ў 6-8% пацыентаў з цукровым дыябетам, такая паталогія, як мінімум, прыносіць чалавеку масу нязручнасцяў, як максімум – можа стаць прычынай ампутацыі канечнасці.

Што такое сіндром дыябетычнай ступні? Якія першыя прыкметы захворвання? Чаму так важна сачыць за станам ступняў людзям з цукровым дыябетам?

На гэтыя і іншыя пытанні журналісту Слушна адказала загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Інэса Пукіта.

Ускладненні цукровага дыябету

Цукровы дыябет. Раімся з урачом.

Згодна з вызначэннем міжнародных экспертаў, сіндром дыябетычнай ступні – гэта стан, пры якім у пацыента маецца інфекцыя, трафічная язва, незагойная рана пасля ампутацыі і/або разбурэнне глыбокіх тканак ступні, звязаныя з неўралагічнымі парушэннямі і/або зніжэннем магістральнага крывацёку ў артэрыях ног. Усе астатнія станы, якія не ўключаюць пералічанае, называюцца рызыкамі сіндрому дыябетычнай ступні.

 
Інэса Пукіта
Загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі
Як толькі ў пацыента гоіцца трафічная язва ці рана пасля ампутацыі, ступня прыходзіць у адносна стабільную норму. Такі стан завецца вельмі высокай рызыкай. Калі раптам у чалавека зноў на ступні з'яўляецца рана ці язва, далучылася інфекцыя ці адбываецца разбурэнне касцяной тканкі, такі стан зноў трактуецца як «сіндром дыябетычнай ступні».

Як правіла, прычынай развіцця сіндрому дыябетычнай ступні з'яўляюцца два асноўныя ўскладненні цукровага дыябету – паражэнне артэрый ног і перыферычнай нервовай сістэмы.

  • Сасудзістыя парушэнні

Дыябетычная ангіяпатыя – паражэнне артэрый рознага калібру ў пацыентаў з цукровым дыябетам.

Як вядома, артэрыі – гэта сасуды, якія прыносяць да органаў кроў, насычаную кіслародам і пажыўнымі рэчывамі. Пры высокім узроўні цукру ў крыві ўтвараюць агрэсіўныя рэчывы (так званыя канчатковыя прадукты глікіравання), свабодныя радыкалы, якія «бамбуюць» сценкі сасудаў. Як вынік – кроў з іншымі ўласцівасцямі і таксічнай колькасцю цукру. Сасуды пачынаюць мяняцца як функцыянальна, так і марфалагічна: яны звужаюцца, іх сценкі губляюць эластычнасць, цвярдзеюць, на іх утвараюцца шнары і рубцы, адкладаюцца атэрасклератычныя бляшкі.

 
Інэса Пукіта
Загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі
Усё гэта вядзе да таго, што сасудзістае рэчышча не ў стане прапусціць неабходны аб'ём крыві. У першую чаргу пакутуюць самыя дробныя сасуды – капіляры. Бо яны настолькі малыя, што могуць прапусціць толькі адзін эрытрацыт. У нармальным стане ён, каб прайсці капіляр і «аддаць» клетцы кісларод, дэфармуецца і прымае форму васьмёркі або эліпса. Гіперглікемія парушае ўласцівасці эрытрацытаў, яны становяцца жорсткімі, не могуць змяняць сваю форму, часта склейваюцца паміж сабой. У выніку эрытрацыты не ў стане прайсці капіляр і даставіць патрэбную колькасць кіслароду клеткам. Тканкі пачынаюць галадаць і, пазбаўленыя кіслароднага падсілкоўвання, зніжаюць свае функцыі, дрэнна рэгенеруюць. Паступова разам з дробнымі артэрыямі пачынаюць пакутаваць і буйнейшыя, што прыводзіць да іх значнага звужэння або поўнага закрыцця прасвету.
  • Збой у працы нервовай сістэмы

Дыябетычная полінейрапатыя – другое грознае ўскладненне цукровага дыябету, якое прыводзіць да паражэння нервовай сістэмы. Пры гэтым могуць пакутаваць як адчувальныя, так і рухальныя нейроны, часта развіваецца дысфункцыя вегетатыўнай нервовай сістэмы.

Нервовую сістэму можна параўнаць з сеткай электрычных правадоў. Калі раптам дзесьці абрэзаны ці дрэнна працуе адзін электрычны провад, функцыя ўсяго механізму будзе пакутаваць. Таму, калі парушана праца нервовай сістэмы, яна не ў стане правільна і добра «кіраваць» тымі працэсамі, за якія адказвае. Гэта прыводзіць да парушэння адчувальнасці, цяжкасці рухаў, змены рытму працы жыццёва важных органаў.

 
Інэса Пукіта
Загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі
З-за развіцця сэнсарнай (якая адказвае за пачуцці) нейрапатыі нашы пацыенты не адчуваюць болю, холаду і цяпла, не заўважаюць любыя пашкоджанні, нават сур'ёзныя. Пры такой нізкай адчувальнасці пацыенты часта траўмуюць ногі: у выніку дрэннага ці няправільнага догляду, пры хадзе басанож або ў дрэнна падабраным абутку. Дарэчы, прыкладна 80% траўмаў ступняў у пацыентаў з цукровым дыябетам менавіта з-за абутку!

  • Пашкоджанне касцёва-сустаўнай сістэмы

Аўтаномная нейрапатыя вядзе да парушэння касцёва-сустаўных узаемаадносінаў: спустошваюцца і атрафуюцца мышцы, слабеюць звязкі, з'яўляюцца падвывіхі і вывіхі суставаў, ступня губляе форму, парушаецца яе біямеханіка.

Пры хадзе яна дэфармуецца, з'яўляюцца нязвыклыя кропкі апоры, на якіх фарміруюцца зоны павышанага ціску, для якіх характэрна ўтварэнне грубых натоптышаў і гематом, якія часта траўмуюцца і ператвараюцца ў трафічныя язвы, што доўга не загойваюцца, схільныя да запалення. Акрамя гэтага, аўтаномная полінейрапатыя парушае функцыю потавых і сальных залоз. Таму скура ў пацыентаў становіцца вельмі сухой, на адных месцах тонкай, як пергамент, на іншых – жорсткай, як пластык. Скурнае покрыва з такімі ўласцівасцямі траўмуецца нават пры самых невялікіх ударах або пацёртасцях, часта інфіцыруецца, запаляецца.

 
Інэса Пукіта
Загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі
Нават самая невялікая траўма ступні пры спалучэнні паражэння нервовай сістэмы і сасудзістага рэчышча са стратай адчувальнасці і ўстойлівасці пры хадзе можа прывесці да ўтварэння трафічнай язвы. Такія дэфекты працяглы час не гояцца менавіта таму, што чалавеку даводзіцца пастаянна нагружаць ногі – хадзіць, выконваць элементарныя функцыі, няхай нават у кватэры. Гэта значыць, што пашкоджаны ўчастак будзе пастаянна падвяргацца ціску і дадатковаму траўміраванню. Таму пры лячэнні такіх язваў асноўнай умовай з'яўляецца зніжэнне нагрузкі на пашкоджаны ўчастак.

Пры адкрытых ранах пастаянную пагрозу ўяўляе інфекцыя. Пры доўга існуючых язвавых дэфектах любая інфекцыя, якая патрапіла ў рану, можа выклікаць сур'ёзны запаленчы працэс у ступні, як павярхоўны, так і вельмі глыбокі, што можа надоўга пазбавіць чалавека магчымасці нармальна перасоўвацца, у асобных выпадках нават прыводзіць да ампутацыі.

Адным з відаў сіндрому дыябетычнай ступні з'яўляецца дыябетычная остэаартрапатыя (сустаў Шарко), якая ўяўляе сабой неінфекцыйную дэструкцыю (разбурэнне) касцявога шкілету ступні, прычынай якой з'яўляецца менавіта нейрапатыя.

— З-за нейрапатыі пры цяжкім парушэнні адчувальнасці могуць разбурыцца дробныя ці буйныя косткі ступні. Гэта выглядае даволі характэрна: ступня раптам змяняе форму, ацякае, чырванее і не ўлазіць ні ў адзін чаравік. Навобмацак ступня гарачая. Прычым чалавек можа не адчуваць ніякіх болевых адчуванняў, адмаўляць траўму. Гэта рэдкая паталогія. Такіх людзей прыкладна 2%, але ў плане тэрапіі – гэта вельмі цяжкія пацыенты. Адзіным правільным рашэннем будзе імабілізацыя ступні пластыкавым гіпсам на перыяд заціхання вострага працэсу, які можа доўжыцца ад 6-8 да 12 месяцаў! Пры несвоечасовым пачатку лячэння такая форма сіндрому дыябетычнай ступні прыводзіць да інваліднасці і нават ампутацыі.

Калі не варта цягнуць з візітам да ўрача?

  •  Калі рана не загойваецца на працягу 2 тыдняў.
  •  З'явілася інфекцыйнае запаленне (пачырваненне на месцы пашкоджання, ацёк, нагнаенне, павышэнне тэмпературы цела).
  • Адзін або два пальцы на ступні раптам пасінелі і сталі халоднымі навобмацак.
  • Калі быццам бы «стабільная» трафічная язва змяніла памер, форму і глыбіню, а тое, што аддзяляецца ад раны, змяніла пах.
  • Адна ступня раптоўна змяніла форму, зацякла, гарачая, пачырванела і не ўлазіць у абутак.

Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 2. Догляд ног дома і аптэчка пацыента

Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 3. Выбіраем правільны абутак

 

Exit mobile version