У Магілёўскай вобласці, у некалькіх кіламетрах ад горада Слаўгарада і за 0,3 км на паўднёвы ўсход ад былой вёскі Кліны, знаходзіцца ўнікальная гаючая крыніца пад назвай Сіні Калодзеж, або Сіні Ключ ці Блакітная Крыніца. Менавіта такую назву можна ўбачыць на старых картах Магілёўскіх земляў. Блакітная Крыніца з’яўляецца помнікам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі, які ахоўваецца дзяржавай. Чым жа адметная гэта крыніца?
Як дабрацца: лепш за ўсё праехаць са Слаўгарада па дарозе Р140 пантонны мост, затым мост праз раку Галуба. Праз 1 км павярнуць налева і рухацца 500 м да крыніцы. Дарога — звычайная прасёлачная грунтоўка.
Увага: пантонны мост узімку можа быць разведзены, а крыніца знаходзіцца ў пойме Сажа і пры вясновых паводках яе залівае. Так што лепш наведваць Сіні Калодзеж улетку ці ўвосень.
Сіні Калодзеж — самая буйная з усіх вядомых крыніц не толькі ў Беларусі, але і на ўсім усходне-еўрапейскім абшары. Крыніца ўяўляе сабой невялікае маляўнічае возера дыяметрам 20–25 метраў у атачэнні лесу. З яго выцякае рака Галуба, што ўпадае ў Сож. Гэты вадаём і ёсць Сіні Ключ, Сіняе Азярцо, Сіні Калодзеж або Блакітная Крыніца. Лічыцца? што тут з-пад зямлі б’юць 120 ключоў.
Раней Сіні Ключ знаходзіўся на тэрыторыі вёсачкі Кліны, былая назва якой Слабада Сіняя. Паводле ўспамінаў яе жыхароў, тут ніколі не было калодзежаў і калонак, ваду заўсёды бралі з крыніцы. На жаль, вёска пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы і была выселена. Але радыяцыя не паўплывала на якасць вады ў Блакітнай Крыніцы.
Вада ў возеры з’яўляецца эталонам празрыстасці ды чысціні і мае незвычайны блакітна-бірузовы колер.
Паводле даследаванняў у ёй шмат іонаў срэбра, яна моцна мінералізаваная, а нітратаў і нітрытаў тут утрымліваецца ніжэй за крытычную канцэнтрацыю для пітной вады. Таксама выяўлена, што вада тут гідракарбонатна-кальцыевая, з падвышаным утрыманнем фтору, крэмнію, тытану, медзі ды шматлікіх іншых мікраэлементаў. Яна ніколі не псуецца, у крыніцы няма мікробаў, ваду можна піць наўпрост.
Крыніца мае багатае гістарычнае мінулае, існуе мноства паданняў і легендаў, аповедаў пра цудадзейныя выпадкі лекавання самых розных хвароб. Таму сюды ніколі не змяншалася плынь паломнікаў і зацікаўленых турыстаў з розных куткоў Беларусі і нават замежжа. Гавораць, што ў старажытныя часы вада ў крыніцы біла слупам вышынёй з чалавечы рост, а Сіні Калодзеж лічыўся святым. Тут месцілася свяцілішча, дзе праводзіліся старадаўнія рэлігійныя абрады.
Пазней, калі на нашы землі прыйшло хрысціянства, Сіні Ключ стаў адной з першых крыніц, дзе праводзілі абрад хрышчэння.
Пра крыніцу існуе і шэраг рамантычных паданняў.
Паводле аднаго, жылі ў даўнія часы на берагах паўнаводнай ракі Сож волаты Сцяпан і Марка. Закахаліся яны абодва ў прыгожую валатоўну Кацярыну і прыслалі да яе сватоў. Дзяўчыне быў любы Сцяпан, але і Марка не жадала пакрыўдзіць. Тады прыдумала Кацярына для хлопцаў выпрабаванне: кінуць з высокага берага Сажа па каменю. Чый камень далей патрапіць, з тым і пабярэцца шлюбам. І дала любаму меншы камень — са стол, а нялюбаму — з печку. Але ўсё адно далей кінуў нялюбы Марка.
У роспачы валатоўна стала на той камень і прамовіла: «Чым з нялюбым жыць, лепш пайду крыніцай служыць!», ударылася аб зямлю і пацякла спачатку бурнай ракой, а пасля прабілася ў нізкім месцы крыніцай. А той камень, што стаіць на полі каля крыніцы невыпадкова празвалі Маркаў Камень. Кажуць, кожны год апоўначы 14 жніўня можна ўбачыць каля крыніцы прывід Кацярыны: дзяўчына з доўгімі валасамі і ў белай сукенцы плача па сваёй няшчаснай долі.
З крыніцай звязана і паданне пра лесніка і русалку.
Гаворыцца, што некалі мясцовы ляснік Шэпіт каля крыніцы ўбачыў аголеную жанчыну, якая распусціла валасы і расчэсвала іх прыгожым грэбнем. Ён хацеў схаваць адзенне жанчыны і схапіць яе, але пад ягонай нагой хруснула галінка. Жанчына заўважыла лесніка і прамовіла, што «будзе ў яго род патопа», і знікла ў крыніцы. На другі дзень у лесніка патанула ў Сажы 19-гадовая дачка.
Яшчэ ў адным паданні расказваецца, што ў гэтай мясцовасці калісьці жыў князь і была ў яго адзіная дачка, якую ён вельмі любіў. Дзяўчына пакахала вясковага хлопца. Князь даведаўся пра гэта і загадаў прывесці яго ў палац. Пасля гэтага хлопца больш не бачылі. Дзяўчына ўвесь час хадзіла сумная і плакала. Аднойчы яна пайшла з дому і не вярнулася. Праз некаторы час людзі непадалёк знайшлі крыніцу з гаючай вадой.
У навакольных вёсках да нашага часу вераць: каб пазбыцца хвароб, трэба прыйсці на крыніцу ўначы і тройчы акунуцца. Тут вам распавядуць, што вада з Сіняга Ключа цудоўна загойвае розныя раны, здымае экзэмы, ацаляе ад поліартрыту, лекуе прастудныя захворванні, хваробы вачэй і галаўныя болі, умацоўвае імунітэт, дапамагае ад сурокаў і ўвогуле станоўча ўплывае на душэўны стан чалавека.
Каля крыніцы з даўніх часоў стаяў храм, які то знішчалі, то аднаўлялі.
У дарэвалюцыйныя гады шмат паломнікаў прыходзілі сюды ў 11-ю Пятніцу пасля Вялікадня і на Макавей 14 жніўня. Верылі, што ў гэтыя дні крынічная вада мае асаблівую лекавую сілу.
Каб вылекавацца, трэба тры разы туды і назад прайсці па сцюдзёнай вадзе.
Раней так рабілі: распраналіся, праходзілі тройчы крыніцу, потым апраналі новае адзенне, а старое пакідалі на беразе. Бывала, што на Макавей збіралі па некалькі вазоў ахвяраванага на карысць царквы палатна. Грошы ахвяравалі ў саму крыніцу.
За савецкім часам збірацца каля Сіняга Калодзежа было забаронена, на святы дзяжурыла міліцыя. Святкаванні аднавіліся ў канцы ХХ ст.
Сёння помнік прыроды з’яўляецца культавым прыродным аб’ектам.
Штогод 14 жніўня, у дзень памяці пакутнікаў Макавеяў, Сіні Калодзеж наведваюць дзясяткі тысяч людзей.
Каля крыніцы пабудавалі купель, а непадалёк — капліцу пакутнікаў Макавеяў.
Паблізу ляжыць валун вышынёй каля 1,7 м і дыяметрам больш за паўтара метры. Вераць, што камень, які называюць Маркавым, яшчэ і лекавы. Падчас святкавання да яго прытуляюцца ці дакранаюцца рукамі, наверх садзяць дзяцей.
На свята вакол крыніцы ладзяць хрэсны ход, падчас якога асвячаюць мёд, лекавыя зёлкі, моркву. Усё гэта людзі прыносяць з сабой для бласлаўлення і асвячэння. Потым на полі разгортваецца кірмаш, дзе можна набыць мёд, сувеніры, вырабы народных майстроў, вопратку, посуд і шмат што яшчэ.