Site icon Слушна

Сінтэз навуковага і творчага. Персанальную выстаўку Аляксандры Дзятлавай адкрылі ў галерэі М.Савіцкага

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі «Шляхі натхнення» заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандры Яўгенаўны Дзятлавай. У экспазіцыі прадстаўлены работы з калекцыі аўтара і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстаўка твораў з керамікі і фарфору ўяўляе сабой рэтраспектыву творчага шляху вядомай беларускай мастачкі, прафесара, загадчыцы кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандры Дзятлавай. Ужо больш за сорак гадоў Аляксандра Яўгенаўна працуе ў галіне мастацкай керамікі і перадае свой вопыт маладому пакаленню мастакоў. Сумяшчэнне творчай і педагагічнай дзейнасці патрабуе нямала сіл. Натхненне служыць ёй крыніцай энергіі на шляху да новых твораў і падыходаў да адукацыйнага працэсу.

Творчы дыяпазон Аляксандры Дзятлавай надзвычай шырокі, што адбіваецца ў тэматыцы і тэхнічным выкананні яе работ. У экспазіцыі прадстаўлены аб'ёмныя кампазіцыі малых форм, фотапланшэты з выявай створаных манументальна-дэкаратыўных твораў.

Сярод мноства яе работ, якія ўпрыгожвалі інтэр'еры грамадскіх і культавых будынкаў Мінска, захаваліся: гарэльеф «Дабравешчанне» ў Мінскім епархіяльным упраўленні 1980-х гг., афармленне Фіта-аптэкі №88 у Траецкім прадмесці 1990-х гг.

Работы пачатку 2000-2010-х гадоў прадстаўлены ў інтэр'ерах Дома міласэрнасці, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Кожны твор, створаны рукамі Аляксандры Дзятлавай — гэта вынік карпатлівай працы і глыбокага паглыблення ў тэму. Яе метад заключаецца ў сінтэзе навуковага і творчага падыходаў. Яскравы прыклад таму – гарэльеф «Звеставанне», у працэсе стварэння якога аўтар глыбока прааналізавала хрысціянскую праваслаўную іканаграфію і трансліравала яе сучаснай пластычнай мовай.

У афармленні аптэкі № 88 інтэр'ерная пластыка, выкананая ў керамічных матэрыялах, перадае каларыт і прызначэнне памяшкання, апускае чалавека ў гісторыю дадзенага месца і асяроддзя. У экспазіцыі прадстаўлены стылізаваны аптэчны посуд, распрацаваны на аснове вывучэння старажытнага аптэчнага абсталявання. Сам інтэр'ер аптэкі аформлены роспісам на кафляных плітках з выявай жывёл, пудзілы якіх былі антуражам сярэднявечных аптэк. Роспісы ў выглядзе букетаў травяных збораў дапоўнены лацінскімі найменнямі лячэбных раслін. Знакавасць такога афарміцельскага рашэння падмацоўваецца гісторыяй месца, дзе з'явілася адна з першых аптэк у горадзе.

Тэатральная тэма знайшла ўвасабленне ў творах, створаных для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Скульптурныя кампазіцыі «Партрэт Вацлава Ніжынскага ў ролі Фаўна» і «Партрэт Наталлі Труханавай у ролі Пэры» ў фае Вялікага тэатра ствараюць атмасферу прадчування балетнай містэрыі і настройваюць гледача на ўспрыманне наступнага тэатральнага дзеяння. Творы створаны паводле сцэнаграфіі вядомага мастака пачатку ХХ стагоддзя Льва Бакста, які быў удзельнікам тэатральна-мастацкіх праектаў Сяргея Дзягілева. Аб'ёмнае ўвасабленне знакамітых тэатральных вобразаў спалучае ў сабе гнуткую пластыку фігур і вытанчаную паліхрамію з пазалотай.

Кампазіцыя «Тэатральная сюіта» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ўключае дзве вазы: «Музы» і «Танец наяд». Выкананыя з каляровага бісквітнага фарфору ў спалучэнні з латуневым дэкорам яны ствараюць велічную парную кампазіцыю, якая адсылае да тэатральнага мастацтва Старажытнай Грэцыі. Заступніцы мастацтваў і навук Музы, танчуючыя спадарожніцы Апалона Наяды нагадваюць гледачу пра вытокі тэатра і пра тое, што «Купалаўскі» – найстарэйшы тэатр у горадзе.

Важнае месца ў творчасці Аляксандры Дзятлавай займае хрысціянская тэма. Аўтар узнагароджана медалём Экзархата Беларусі «У падзяку за працы па будаўніцтве Дома міласэрнасці ў Мінску». Апраўленне іканастаса Дома міласэрнасці выканана з беласнежнага фарфору з пазалотай і стварае лёгкі і ўзвышаны вобраз мяжы паміж светам зямным і нябесным. Фігуры Серафімаў і Арханёлаў, увітыя вінаграднай лазой калоны, утрымліваюць накіраваную ўверх кампазіцыю іканастаса. Поле алтара запоўнена шматлікімі сімваламі хрысціянства: знакамі Альфа і Амега (як пачатак і канец усяго існага), выявамі рыбы (як манаграмы імя Ісуса Хрыста), голуба (як сімвала Божага духу), сімваламі евангелістаў (Анёла, Арла, Льва і Цяля).

Экспазіцыя выстаўкі дапоўнена відэаматэрыяламі аб многіх іншых работах Аляксандры Дзятлавай і яе вучняў — студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У перыяд работы выстаўкі плануецца правядзенне майстар-класаў і аўтарскіх экскурсій па экспазіцыі.

Выстаўка працуе да 23 сакавіка 2025 года.

Выстаўку беларускай скульптуры прадставілі ў Палацы мастацтва

Exit mobile version