Site icon Слушна

Дзіцячы скаліёз. Прычыны, лячэнне, прафілактыка

Скаліёз, або скаліятычная хвароба, – распаўсюджанае сярод дзяцей захворванне апорна-рухальнага апарата, якое характарызуецца яго скрыўленнем.

Чаму дзеці схільныя да скаліёзу

У малодшым школьным узросце (5-11 гадоў) касцявая сістэма вельмі няўстойлівая, у ёй шмат мяккай храстковай тканкі. У гэтым узросце дзеці больш ўзбудлівыя і рухомыя. З-за слабасці, няскончанасці развіцця касцявой сістэмы пры празмернай і нерацыянальнай нагрузцы (напрыклад, доўгае сядзенне за партай, за камп'ютарам ці ля тэлевізара ў нязручнай позе), а таксама пры маларухомым ладзе жыцця часта развіваецца бакавое скрыўленне пазваночніка.

Школьны ўзрост у перыяд ад 12 да 15 гадоў характарызуецца значнымі зменамі ў арганізме.

Скаліёз ў дзецeй.

У гэты час адбываецца бурны выкід гармонаў (у тым ліку гармону росту), што прыводзіць да росту цела ў даўжыню з завяршэннем акасцянення пазванкоў.

Па сутнасці, скаліёз – гэта хвароба арганізма, які расце.

Да 14-15 гадоў пазваночнік падлетка з'яўляецца найбольш няўстойлівым, ранімым, лёгка падвяргаецца скрыўленню, асабліва пры нерацыянальнай нагрузцы, няправільным становішчы цела (хаджэнне на абцасах, сон на занадта мяккім альбо вельмі жорсткім ложку, уздым цяжару за кошт спіны і г.д.) альбо траўме.

Пасля 16-18 гадоў пазваночнік робіцца больш устойлівым. У гэты перыяд першасныя скаліёзы практычна не ўзнікаюць. Аднак тыя, што ўзніклі раней, выпраўленню, на жаль, ужо не паддаюцца.

Як лячыць скаліёз

Лячэнне скаліёзу трэба пачынаць адразу пасля ўстанаўлення дыягназу, праводзіць яго сістэматычна і доўга, да заканчэння росту дзіцяці (прыкладна да 16-18 гадоў).

Лячэбная фізкультура (ЛФК) з'яўляецца галоўным складнікам кансерватыўнага лячэння. Дзіця павінна быць навучанае методыцы лячэбнай гімнастыкі пад наглядам метадыста альбо інструктара ва ўмовах лячэбна-прафілактычнай установы. Затым фізічныя практыкаванні яно павінна выконваць штодня ў хатніх умовах пад наглядам бацькоў.

ЛФК стымулюе ўласныя кампенсатарныя магчымасці арганізма і дазваляе стварыць добры мышачны гарсэт. У асноўным трэба займацца ў становішчы лежачы, тым самым выключаючы нагрузку на вось пазваночніка.

Практыкаванні накіраваныя на фарміраванне правільнай паставы, каардынацыю рухаў.

У якасці дадатковых метадаў рэабілітацыі прымяняюць масаж і лячэбнае плаванне.

Лячэбнае плаванне забяспечвае натуральную разгрузку пазваночніка, кардыё-рэспіраторнай сістэмаў, умацоўвае мышцы, стварае станоўчы эмацыянальны фон.

Найбольш эфектыўным у плаванні лічыцца стыль брасам на грудзях з падоўжанай паўзай слізгацення. У гэты час пазваночнік максімальна выцягваецца, а мышцы тулава статычна напружаныя. Разгрузка пазваночніка ажыццяўляецца пры плаванні на спіне.

Станоўчая дынаміка назіраецца пры занятках 3 разы на тыдзень. Паказаны сіметрычныя стылі плавання: элементы брасу, кролю.

Не менш важная прафілактыка скаліятычнай хваробы. У раннія перыяды жыцця дзіцяці трэба прытрымлівацца правільнага харчавання, займацца прафілактыкай рахіту і г.д. У дашкольным узросце патрэбны рацыянальны рухальны рэжым, вялікае значэнне мае правільна падабраная мэбля.

Найбольшую ўвагу надавайце школьнікам у перыяд паскоранага росту (7-9 і 12 -14 гадоў).

Крэсла для дзіцяці абранае правільна, калі глыбіня сядзення роўная даўжыні сцягна, вышыня – даўжыні галёнкі, пры пасадцы вуглы ў тазасцегнавым, каленным, галёнкаступнёвым суставах – па 90 градусаў.  Спіна павінна прылягаць да спінкі крэсла, роўнай даўжыні пазваночніка, адлегласць ад жывата да стала – адпавядаць шырыні далоні. Сядзенне павінна быць цвёрдым. Можна падставіць пад ногі невялікі ўслончык. Варта часцей мяняць становішча ног пад сталом. Так памяншаецца нагрузка на пазваночнік.

Харчаванне як прафілактыка скаліёзу

Неабходны паўнавартасны, збалансаваны рацыён, які ўключае мяса, рыбу, малочныя прадукты і мікраэлементы, неабходныя для нармальнага фарміравання касцявой сістэмы: кальцый, магній, фосфар.

Кантралюйце сябе і дзіця: як сядзіце, ходзіце, працуеце. Сачыце за тым, каб пастава была правільнай.

Поспех рэабілітацыі залежыць ад найбольш ранняга выяўлення прыкметаў скаліёзу, ступені яго прагрэсавання, узросту, у якім знойдзены скаліёз, выгляду і лакалізацыі скаліёзу, велічыні вугла скрыўлення, тыпу целаскладу.

Бацькам варта памятаць, што прафілактыка скаліёзу – найбольш эфектыўны і даступны метад, каб  пазбегнуць гэтай хваробы.

Exit mobile version