Гарадская акцыя «Разам супраць раку малочнай залозы» пройдзе 16-17 кастрычніка на базе цэнтральных раённых паліклінік г.Мінска. На працягу двух дзён усе жадаючыя могуць атрымаць кансультацыю спецыялістаў Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра.
У рамках акцыі тым, хто звярнуўся, будзе праведзены агляд і пальпацыя малочнай залозы. Пры неабходнасці пацыенткам выканаюць ультрагукавое даследаванне, мамаграфію і біяпсію. У выпадку, калі будзе выяўленая злаякасная пухліна, жанчыну накіруюць на даабследаванне і лячэнне ў анкалагічны дыспансэр.
Ужо больш за 20 гадоў запар у кастрычніку ў свеце праводзіцца месяц барацьбы супраць раку малочнай залозы. Гэта сталася нагодай для сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры журналістаў і спецыялістаў-анколагаў. Аб праблемах ранняй дыягностыкі раку малочнай залозы, прычынах і фактарах рызыкі развіцця захворвання распавялі:
- загадчык лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Антон Хораў;
- намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 34-й цэнтральнай гарадской раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна г.Мінска Вадзім Касцюкоў;
- загадчык анкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага анкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Аляксандр Гладышаў.
Дыягностыка раку малочнай залозы. Скрынінг
Ранняя дыягностыка захворвання – залог поспеху лячэння, упэўнены Антон Хораў. Галоўнае, падкрэсліў эксперт, не баяцца ісці да ўрачоў і своечасова звяртацца па дапамогу.
34-я паліклініка г.Мінска ў 2012 годзе стала той установай, на базе якой адпрацоўваліся ўсе мерапрыемствы скрынінгу малочнай залозы: як запрасіць жанчын, у якім узросце найбольш эфектыўна правядзенне мамаграфіі, як размеркаваць нагрузку на абсталяванне. Сёння можна сказаць, што праект задзейнічаны на ўсе 100%, распавёў Вадзім Касцюкоў.
Разам з тым, адзначыў намеснік галоўнага ўрача, нягледзячы на высокую інфармаванасць жаночага насельніцтва пра неабходнасць мамаграфічнага даследавання, матывацыя праходзіць яго ў жанчын застаецца нізкай. Магчыма, выказаў здагадку эксперт, гэта звязана са страхам пачуць дыягназ «рак малочнай залозы» і даведацца, што чакае такую пацыентку далей.
Скрынінг паказаны жанчынам ва ўзросце 50-69 гадоў. Менавіта на гэты ўзроставы перыяд прыпадае рост захворвання на рак малочнай залозы. Маладым жанчынам рэкамендаванае УГД.
Адна з асноўных задач анколагаў і агульнай лячэбнай сеткі – гэта ранняя дыягностыка пухліны, якая дазваляе своечасова пачаць спецыяльнае лячэнне і атрымаць добрыя вынікі ў дачыненні да далейшага прагнозу. Разам з тым, адзначыў Аляксандр Гладышаў, нягледзячы на ўсе намаганні, працэнт запушчаных пухлінаў усё ж такі застаецца досыць высокім (гаворка ідзе пра горад Мінск. - заўв. аўтара). У сярэднім, у некаторых раёнах сталіцы колькасць выпадкаў выяўлення раку малочнай залозы на 3-4 стадыі дасягае 34%. Сярод агульнай колькасці выпадкаў запушчаных стадый (3 і 4) большая частка прыпадае на 3-ю. На 4-ю – 5-6%.
Адказваючы на пытанне, у чым жа ўсё ж такі прычына таго, што пры ўсіх сучасных магчымасцях захворванне дыягнастуецца ў запушчанай стадыі, Аляксандр Гладышаў назваў усё тое ж нежаданне саміх жанчын своечасова праходзіць абследаванне.
Усяго ў 2018 годзе дыягназ «рак малочнай залозы» быў пастаўлены 1 тысячы 134 жыхаркам Мінска, за 9 месяцаў гэтага года зарэгістравана 817 выпадкаў.
У групе рызыкі – маладыя жанчыны
У апошнія дзесяцігоддзі, заўважылі спікеры, у свеце, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаецца тэндэнцыя да «амаладжэння» раку малочнай залозы.
Што ж уплывае на тое, што рак малочнай залозы «маладзее»? Па словах экспертаў, шмат у чым гэта ўздзеянне фактараў рызыкі. Акрамя таго, дыягностыка захворвання зрабілася больш дакладнай, дзякуючы чаму выяўляюцца нават мікраскапічныя пухліны.
Што трэба памятаць пра фактары рызыкі і самаабследаванне
Кожная жанчына павінна ведаць пра сваю рызыку развіцця раку малочнай залозы, упэўнены Вадзім Касцюкоў. Верагоднасць хваробы высокая, калі:
- у сям'і ў бліжэйшых родзічаў быў рак малочнай залозы або органаў малога таза.
Рызыка развіцця хваробы павышаецца таксама ў выпадку:
- абортаў;
- калі жанчына не нараджала;
- позняй менапаўзы (жанчыны 55 гадоў і старэйшага ўзросту);
- курэння;
- злоўжывання алкаголем;
- траўмаў малочнай залозы (праз паўгода-год пасля траўмы варта абавязкова прайсці абследаванне).
Самаагляд неабходна праводзіць хаця б раз у месяц. Жанчынам з менструацыяй – на 5-9-ы дзень цыкла. Тым, хто ўжо ўступіў у менапаўзу, варта абраць адзін вызначаны дзень месяца.
https://bel.24health.by/skryning-shanec-na-zhyccyo-bez-raku/