Site icon Слушна

Камар, сляпень і авадзень. У чым розніца?

Штогод цёплую пару даводзіцца сустракаць разам з яе нязменнымі спадарожнікамі: камарамі, аваднямі, сляпнямі і іншымі «вясёлымі» таварышамі. Калі камара мы з лёгкасцю адрознім ад іншых дробных шкоднікаў, дык са сляпнём і аваднём усё складаней. Людзі часта альбо блытаюць гэтых насякомых, альбо і зусім ставяць паміж імі знак роўнасці. Аднак насамрэч існуе велізарная розніца.

Сляпень. Адрознення сляпня ад авадня.

Сляпень, як і яго «сябар» камар, з'яўляецца крывасмокам. І значыць, здольны ўкусіць.  Кусае нас выключна самка сляпнёў перад адкладаннем яек. У астатні час яна, як і самец, сілкуецца ежай, якая змяшчае вугляводы (нектар, сок і г.д.). Дзякуючы хабатку, усярэдзіне якога знаходзіцца лязо, «сляпніха» ўпіваецца ў цела сваёй ахвяры. Часцей за ўсё гэта жывёлы, аднак сляпні не грэбуюць і чалавечай крывёю, і нават крывёю памерлых істот. Апошняе можа прывесці да распаўсюджвання розных хваробаў.

Укус сляпнёў суправаджаецца моцным свербам, пачырваненнем, прыпухласцю і зацвярдзеннем, у асобных выпадках – павышэннем тэмпературы. На месцы ўкусу з'яўляецца ранка, і праводзіць любыя маніпуляцыі (апрацоўку антыалергічным крэмам, народнымі сродкамі і інш.) неабходна пачынаць толькі пасля яе загойвання. Варта быць асцярожным і з празмерным чуханнем, бо гэта можа прывесці да дэрматыту альбо некрозу скуры.

Цікавы момант. Сваю назву сляпень атрымаў дзякуючы паводзінам. Напэўна, укушаныя заўважалі, што сагнаць гэтую «мушку» не так лёгка. Насамрэч, пры ўсмоктванні крыві самка перастае заўважаць усё, што адбываецца вакол яе, і выпівае ў разы больш за масу свайго цела.

Авадзень, у адрозненне ад сляпня, з'яўляецца паразітам і не кусаецца зусім, таму небяспечны толькі ў стадыі лічынкі. Адзіны мінус дарослай асобіны – гэта тое, што менавіта яна распаўсюджвае сваё «дзецішча» і метадам «спрысквання» заносіць яго на слізістыя млекакормячых.

Далей лічынкі рассяляюцца ў падскурных тканках цеплакроўных і паразітуюць там да поўнага выспявання, а затым выходзяць з экскрэментамі вонкі. У большасці выпадкаў авадзень выбірае ў якасці сваёй ахвяры жывёлаў, а чалавек можа заразіцца толькі пры кантакце з хворым зверам.

Напрыканцы пагаворым пра самае галоўнае «прывітанне» цяпла – камароў. Гэтаму віду, як і сляпням, кроў таксама неабходная толькі для адкладання яек. І кусаюць нас толькі самкі. Пры наяўнасці крыві камарыхі здольныя вырабіць больш за 150 яек, а без яе  – усяго 10. Самцы тут таксама патрэбныя толькі для апладнення.

Укус камара радзей выклікае такую сур'ёзную рэакцыю, як пры ўкусе сляпня. Часта гэта проста малюсенькі бугарок-пацерка. Аднак алергічная рэакцыя таксама магчымая. У адрозненне ад сляпня, камар набліжаецца да нас з непрыемным піскам. Але гэткае гучанне надае яму не рот, а крылы.

Каго крывасмокі кусаюць часцей?

З гэтай нагоды ў навукоўцаў ёсць некалькі цікавых заўваг. Паводле назіранняў, камары, і сляпні «любяць» больш:

  • тых, хто рухаецца, займаецца фізічнай працай;
  • людзей з першай групай крыві;
  • людзей з пэўным генатыпам;
  • аматараў алкаголю;
  • жанчын;
  • тых, хто нядаўна прыняў душ альбо наведаў лазню.

Як абараняцца ад згаданых насякомых?

Цяпер існуе вялікая колькасць розных сродкаў ад крывасмокаў: спрэі, малачко, спіралі, раптары і інш. Адназначнага адказу на пытанне пра выбар лепшага з рэпелентаў няма (тут ужо як пашанцуе). Але ёсць некалькі важных момантаў, пра якія варта ведаць.

Па-першае, у большасць сродкаў ад кусачых насякомых уваходзіць «элемент» ДЭТА (DEET). Ён дзейсны, але і вельмі таксічны. Таму лепш усё ж такі выбіраць сродкі без гэтага элемента. Альбо карыстацца з розумам. Варта памятаць, што гэтае рэчыва здольнае прыводзіць дарослага чалавека да прыдуркаватасці, а для жывёлаў яно і зусім пагібельнае (пажадана «пшыкаць» падалей ад вашага любімага сабачкі ці коткі).

Таксама недапушчальна выкарыстанне сродкаў з ДЭТА для абароны маленькіх дзяцей, асабліва да трох гадоў. На пачатку жыцця дзіцятка трэба абараняць толькі фізічнымі сродкамі, напрыклад, цюлем на калясцы. У больш старэйшым узросце можна звярнуцца да сродкаў ад насякомых для дзяцей, узровень таксічнасці ў іх значна меншы.

Па-другое, існуе меркаванне, што сродкі, якія трэба распыляць не на скуру чалавека, а па-над адзеннем і ў атмасферу, больш дзейсныя. У ім ёсць і свая логіка: такі спосаб дапамагае пазбегнуць лішняга кантакту з таксічным рэчывам.

Чым ратавацца, калі ўжо ўкусілі?

Пры ўкусе камара альбо сляпня неабходна глядзець на самаадчуванне. Пры адсутнасці пэўных намёкаў на сур'ёзныя праблемы, пры якіх трэба неадкладна звярнуцца да ўрача, можна абысціся і ўласнымі сіламі. Наша мэта – пазбавіцца ад свербу і ацёчнасці. І ў гэтым выдатна дапамагаюць народныя сродкі.

Для зняцця свербу добра падыдуць астуджальны кампрэс, содавая, чайная і спіртавая прымочкі. Важна! Пры ўкусе сляпня карыстацца вонкавымі метадамі варта толькі пасля загойвання ранкі. Калі мясцовыя сродкі не дапамаглі і месца ўкусу застаецца прыпухлым, свярбіць, варта выкарыстаць антыгістамінныя прэпараты.

Але ў выпадку з аваднём нельга займацца самалячэннем, а трэба адразу ж звяртацца да медыкаў.

Прыемны бонус: усміхніся!

***

Калі я прыязджаю да родных у вёску, дык з хатніх больш за ўсё майму прыезду радуюцца камары.

***

Сляпень – належыць да атрада «джалапхаючых» і да сям’і «ніякага табе выхаднога на сонейку». Водзіць людзей за нос, прыкідваючыся бяскрыўднай мухай.

***

Напэўна, сляпні бяруць у нас кроў, а затым нясуць зязюлі, якая потым кажа, колькі нам засталося жыць.

***

Суніцы ў лесе вырошчваюць камары. Гэта прынада для людзей, яны так палююць.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаныя інтэрнэт-рэсурсы.

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Exit mobile version