Site icon Слушна

Смачна есці! Суп грыбны

Суп грыбны з ​​белых грыбоў – Рэцэпт

А ў нас 31 снежня – чарговая традыцыя! Вось ужо гадоў пяць запар, а можа, і больш, мы абавязкова варым удзень грыбны суп. Прычым, калі атрымліваецца, – з грыбоў, замарожаных увосень у лядоўні. Спецыяльна выбіраюцца маладзенькія і прыгожыя. Ідуць у лядоўню цалкам! Бы толькі з лесу! Але, вядома ж, пачышчаныя.

Традыцыю гэтую падхапілі ўслед за сям’ёй брата, бо падалася дужа цікавай. Паколькі ўсе – заўзятыя грыбнікі, дык недахопу ў складніках супу не бывае. Альбо – замарожаныя, альбо – высушаныя.

Стараемся, каб апошніх было як мага больш. У грыбныя гады шчыруем у лесе ўсім сямействам! 3-4 трохлітровыя слоікі (дзякуй печцы, што на дачы!) павінны быць! Для супоў, блінчыкаў з грыбамі, салаты з яйкамі і грыбамі, яек, фаршыраваных грыбамі... М-м-м-м! Якая смаката! Любім самі, і госці заўсёды ядуць з задавальненнем!

Паколькі грыбным выдаўся год мінулы, калі лясы літаральна імі заваліла – толькі не лянуйся збіраць ды перапрацоўваць... Дык гэты год нас мала чым парадаваў. Баравікоў было няшмат, і тыя пераважна чарвівыя. А калі схамянуліся, што трэба было б чаго пакласці ў лядоўню да Новага года... Туды пайшоў толькі адзін баравічок.

А паколькі з яго супу добрага не зварыш, будзе ў нас сёлета эксперымент, зазначыла мама. Суп з гэтага баравічка і з баравічкоў высушаных мінулагодніх, якія цудоўна захаваліся ў трохлітровых слоіках. Зрэшты, рэцэпт адзін і той жа. Нічога складанага. З той толькі розніцай, што грыбы высушаныя не размарожваем, а папярэдне замочваем у вадзе. Але я раскажу пра суп традыцыйны.

Шматгадовая практыка паказвае, што ён атрымліваецца смачнейшым, калі ў ім ёсць розныя грыбы.

да зместу

Грыбны суп – Рэцэпт

Iнгрыдыенты

  • Баравікі, чырвонагаловікі і падбярозавікі – па 2 штукі кожнага віду як мінімум. А калі маленькія, дык і больш.
  • Бульба- 2 шт.
  • Морква - 1 шт.
  • Смятана – 2 лыжки
  • Цыбуліна сярэдніх памераў
  • Каранёвая пятрушка, соль па смаку і лаўровы ліст

Прыгатаванне

У дзень прыгатавання гарачай стравы (31 снежня) грыбы размарожваем, здзіраем з ножак верхні слой, мыем у праточнай вадзе. Затым дробна рэжам, абдаём кіпнем і апускаем у ваду, што ўжо кіпіць.

Пакуль грыбы варацца, падсмажваем на сметанковым масле здзёртыя на буйной тарцы невялікую моркву і каранёвую пятрушку, адну парэзаную цыбуліну сярэдніх памераў.

Асобна чысцім бульбу, рэжам кубікамі. Спецыяльна не пішу дакладных прапорцый – хто да чаго прывык.

Калі грыбы паварацца 30 хвілін, дадаём усё, пералічанае вышэй, а таксама соль па смаку і лаўровы ліст.

Варым яшчэ 30 хвілін. Даём настаяцца грыбному супу паўгадзіны пад шчыльна зачыненай накрыўкай.

Калі наліваеш яго ў талеркі, пах стаіць на ўсю кватэру! Ды што там кватэру! На ўвесь пад’езд! Смачна есці!

📌 Гатуйце самі - гатуйце з намі!

Бліны з тушанай капустай і грыбамі. Пакрокавы рэцэпт

Як прыгатаваць сметанковы суп з грыбамі? Пакрокавы рэцэпт

10 смачных прадуктаў, здольных замяніць мяса

Exit mobile version