Site icon Слушна

Смяротна небяспечныя звычкі беларусаў

Cardiogram pulse trace and heart concept for cardiovascular medical exam

Самая частая прычына смерці ў свеце і ў нашай краіне – гэта сардэчна-сасудзістыя захворванні. Акрамя таго, ад непаладак у сістэме кровазвароту пакутуе кожны пяты дарослы беларус – 20% насельніцтва. Захворванні сэрца і сасудаў моцна ўплываюць на жыццё чалавека, зніжаюць яго якасць. Гаворка не толькі пра непрыемныя дробязі – забарону фізічных нагрузак, тлустай і салёнай ежы, але і пра рэчы сур'ёзныя – напрыклад, дэменцыю. Даказана, што развіццё старэчай прыдуркаватасці напрамую залежыць ад стану «галоўнага матора» чалавека.

Лячыць сардэчна-сасудзістыя захворванні таксама цяжка, як і жыць з імі. Куды прасцей – прадухіліць іх развіццё, пазбавіўшыся галоўных прычын.

 
Таццяна Нячосава
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі дзяржаўнай установы РНПЦ «Кардыялогія», к.м.н., дацэнт
Па дадзеных СААЗ, тры чвэрці ўсіх смерцяў ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў можна прадухіліць за кошт фарміравання здаровага ладу жыцця і карэкцыі паводзінскіх фактараў.

Фактары гэтыя простыя. Адна праблема – некаторыя шкодныя звычкі ўжо вельмі трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё беларусаў. Сёння пагаворым пра прыхільнасці, за якія сэрца не скажа вам дзякуй.

1. Усё перасольваем

Соль – у невялікіх дозах неабходная для арганізма, і так ужо склалася, што ежа з ёй становіцца смачнейшая. Аднак усё добра ў меру. Нармальная доза «белай смерці», на думку СААЗ, – 5 грам у суткі (няпоўная чайная лыжка). Інакш чалавек рызыкуе займець гіпертанію, праблемы з ныркамі і печанню. Беларусы ж ужываюць яе ў два разы больш за норму – каля 10 грам у суткі!

Ва ўсіх гатовых прадуктах (кансервах, каўбасе, хлебе) солі ўжо дастаткова. Таму, калі хочаце захаваць здароўе, адвучайцеся дасаліваць. Вы толькі ўявіце: калі знізіць спажыванне солі, то на 26% зніжаецца рызыка смерці ад ішэмічнай хваробы сэрца.

2. Харчуемся няправільна

Для нармальнай працы арганізма чалавек павінен з'ядаць 5 порцый агародніны і садавіны ў дзень. У іх вітаміны, клятчатка - усё, што павінна складаць аснову рацыёну. Але гэтыя рэкамендацыі не выконвае 72,9% беларусаў, што правакуе яшчэ адну праблему – павышэнне ўзроўню халестэрыну ў крыві. Ён сустракаецца ў 35% насельніцтва, прычым у жанчын у два разы часцей, чым у мужчын. Гіперхалестэрынямія - адна з асноўных прычын хвароб сэрца і сасудаў.

Паспрабуйце зрабіць карэктывы ў харчаванні, калі ваш рацыён не адпавядае норме. Няма патрэбы набываць экзатычныя плады – куды лепш арганізм засвоіць мясцовыя. Буракі, моркву, агуркі, ягады – хай яны абавязкова будуць на вашым стале.

 
Таццяна Нячосава
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі дзяржаўнай установы РНПЦ «Кардыялогія», к.м.н., дацэнт
Няўжо чалавеку складана моркву пачысціць? Яблык з'есці? Салату з капусты зрабіць? Або лепш ехаць у Польшчу за дарагімі прэпаратамі?

3. Мала рухаемся

Рух – жыццё. Практыкаванні ўмацоўваюць сардэчныя цягліцы і арганізм у цэлым, павышаюць імунітэт і проста даюць добры настрой. СААЗ рэкамендуе 150 хвілін умеранай актыўнасці ў тыдзень ці эквівалентныя нагрузкі – 20 хвілін у дзень. Але 86,8% насельніцтва Беларусі не робіць гэтага, тым самым павялічваючы рызыку развіцця цэлага букета захворванняў.

Выйдзіце пабегаць на стадыён, схадзіце ў басейн – варыянтаў мноства. У крайнім выпадку заўсёды можна прайсціся пешкі прыпынак замест таго, каб пхацца ў душным аўтобусе.

4. Не сочым за вагой

З-за ўжо згаданых звычак заканамерна вынікае яшчэ адна праблема - лішняя вага. Залішнюю масу цела мае больш за палову (61%) беларусаў, чвэрць (25%) – атлусценне. Вісцаральнае атлусценне, якое вызначаецца па аб'ёме таліі, дыягнаставана ў 64% жанчын і 42% мужчын.

На жаль, гэта не толькі праблема эстэтыкі. Лішнія кілаграмы вядуць да ўстойлівага павышэння артэрыяльнага ціску, з чым сутыкаецца 45% беларусаў, і гэтая лічба толькі расце. Залішняя маса цела спрыяе развіццю і іншага небяспечнага захворвання – цукровага дыябету. Так што не лянуецеся рэгулярна кантраляваць сваю масу цела!

5. Мы не ведаем, на што хварэем, і не лечымся

Беларусы не любяць абследавацца, а да ўрача многія звяртаюцца толькі калі становіцца зусім дрэнна. У той жа час прагрэсіраванне многіх хвароб сэрца можна спыніць, калі своечасова звярнуцца да спецыяліста.

Больш за тое, часам нават людзі з выстаўленым дыягназам адмаўляюцца лячыцца. Паводле даследаванняў, толькі палова пацыентаў з гіпертаніяй прымаюць лекі (47,5% мужчын і 64,6% жанчын).

6. П'ем таблеткі нерэгулярна

Ёсць праблема і ў манеры беларусаў прымаць лекі. Часта гіпертонікі баяцца піць таблеткі кожны дзень і прымаюць іх, толькі калі ціск рэзка скача ўверх. Нерэгулярны прыём гіпатэнзіўных прэпаратаў можа прывесці да сардэчнай катастрофы. Сутнасць у тым, што артэрыяльны ціск хворага чалавека непастаянны. Нейкі час пасля пачатку прыёму лекаў ён можа знаходзіцца ў межах нормы, аднак гэта яшчэ не кажа пра лячэнне. Без кансультацыі ўрача ні ў якім разе нельга самастойна адмяняць лекавыя сродкі, што зніжаюць ціск. Памятайце, што нават калі пацыент адчувае сябе добра на працягу нейкага перыяду, самастойная адмена гіпатэнзіўных прэпаратаў у любы момант можа прывесці да рэзкага ўздыму артэрыяльнага ціску – гіпертанічнаму крызу. А гэта рызыка развіцця інфарктаў, інсультаў, парушэнняў у працы мозгу.

Правільны падыход – не бессістэмная ліквідацыя сімптомаў, што з'яўляюцца (падняўся артэрыяльны ціск – прыняў таблетку), а мэтанакіраванае дасягненне бяспечнага стану. Напрыклад, калі лечым атэрасклероз, прымаем таблеткі, прызначаныя доктарам, да таго часу, пакуль не дасягнем нармальнага ўзроўню халестэрыну; калі гіпертанію - пакуль артэрыяльны ціск не вернецца да нармальных лічбаў (ніжэйшых за 140 на 90). І толькі ўрач можа прыняць рашэнне, ці працягваць лячэнне ў ранейшых дозах, ці іх можна знізіць, або зусім адмяніць.

Уявіце сабе, што калі пацыент з гіпертанічнай хваробай прымае не ўсе прызначаныя лекі, а 70%, то верагоднасць інсульту павышаецца ў 4 разы.

7. Палім і ўжываем алкаголь

Пра шкоду гэтых дзвюх звычак не сказаў толькі лянівы. Тым не менш, беларусы ўсё роўна лідзіруюць у рэйтынгах па ўжыванні алкаголю – 27,4% мужчын і 13,7% жанчын у Беларусі кожны дзень выпіваюць 5-6 чарак гарэлкі. Лічбы па спажыванні тытуню не адстаюць. 27% насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 69 гадоў рэгулярна паліць.

У сярэднестатыстычнага курыльшчыка ў дзень сыходзіць 14,9 цыгарэт. У год гэты спажывец тытуню траціць на сваю звычку 600 беларускіх рублёў. А, між іншым, рызыка смерці людзей, якія паляць, вышэйшая ў 1,76 разоў, чым у тых, хто не схільны да гэтай звычкі.

Паспрабуйце скараціць спажыванне тытуню і алкаголю ці адмовіцца ад яго зусім. Такім чынам вы не толькі палепшыце якасць свайго жыцця, але і сур'ёзна зэканоміце.

Старажытнагрэчаскі філосаф Дэмакрыт казаў: «Падобна таму, як бываюць хваробы цела, бываюць таксама хваробы ладу жыцця». Так і сардэчна-сасудзістая паталогія – гэта праблема таго, што мы ямо і як жывем. Скарэктуйце свой рацыён, распарадак дня, пастаўцеся адказна да лячэння. Памятайце: ваша здароўе залежыць перш за ўсё ад вас.

Exit mobile version