«Калісьці ў дзяцінстве я тры месяцы праляжала ў бальніцы. Памятаю, як мне было сумна, як надакучыла аднастайнасць і бальнічныя сцены», – прыгадвае мінчанка Антаніна Рамановіч.
Сёння дзяўчына працуе ў турфірме, вучыцца ў Акадэміі МУС, наведвае курсы камп'ютарнага графічнага дызайну, захапляецца мотакросам і вандроўкамі... І ўсё ж адна з самых важных сфераў дзейнасці Антаніны – каардынацыя працы валанцёраў каманды смехатэрапеўтаў «Smile Rangers».
Удзельнікі гэтай грамадскай ініцыятывы – 40 неабыякавых людзей (у асноўным – студэнты), якія наведваюць дзяцей у бальніцах, дзіцячых дамах і дапамагаюць ім узбадзёрыцца пры дапамозе пазітыўных эмоцый і смеху.
Лепшыя 2 гадзіны ў жыцці
Аднойчы ў дзіцячым прытулку згубіўся валанцёр. Ну як згубіўся... Прызначаныя тры гадзіны стасункаў з дзецьмі скончыліся, а адшукаць адну з дзяўчат ніяк не маглі. Знайшлі яе па гуку песень... Надзеі Кадышавай. Аказваецца, прыкаваная да інваліднай каляскі выхаванка прытулку – заўзятая прыхільніца творчасці гэтай спявачкі, усе сцены яе пакоя літаральна абвешаныя плакатамі. І валанцёр Каця настолькі праніклася стасункамі з дзяўчынай, што з задавальненнем пачала спяваць разам з ёй. Гэтыя некалькі гадзінаў поўнага яднання з іншым чалавекам былі аднымі з самых лепшых у яе жыцці, як прызналася потым выхаванка прытулку...
Валанцёры Smile Rangers – людзі зусім розных узростаў (ад 18 да 50 гадоў) і прафесій. Ёсць сярод удзельнікаў псіхолагі, выхавальніца дзіцячага садка, юрыст, урач, прафесійны вандроўнік, фатограф... Аб'ядноўвае іх жаданне дапамагчы. Прычым займаюцца гэтым людзі абсалютна бескарысліва, у вольны ад працы і вучобы час...
— Мы вырашылі змяніць канцэпцыю і арыентавацца не на клоўнаў (іх часцяком баяцца не толькі дзеці, але і дарослыя), а на смехатэрапію ў цэлым. Ідэя ў тым, каб пераўвасабляцца ў розных казачных герояў. Штораз мы рыхтуем новую праграму для дзяцей, заўсёды з пэўным навучальным, пазнавальным сэнсам, але вясёлую. Малышы рагочуць ужо толькі ад аднаго нашага выгляду. Пасля прадстаўлення разбіваюцца на групкі: хтосьці малюе, хтосьці майструе вырабы або займаецца з лагапедам, некаторым дзецям проста хочацца падзяліцца сваімі навінамі і быць пачутымі. Мы хочам адцягнуць увагу дзяцей ад праблемаў са здароўем, непрыемных медыцынскіх працэдураў, аднастайнага жыцця, бо некаторыя з іх ляжаць у бальніцы месяцамі. Яшчэ адна наша місія – наведваць выхаванцаў дзіцячых прытулкаў. Некалькі разоў на тыдзень ездзім рознымі групамі па 7-10 валанцёраў у сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Цэнтральнага раёна г.Мінска. Бываем у Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця, ездзім у 2-ую гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу г.Мінска, наведвалі дзяцей у Дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, Мінскім гарадскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей, Доме дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі... У гэтых установах нас ведаюць, адміністрацыя ідзе насустрач. Плануем сёлета пашырыць геаграфію і ездзіць па ўсёй Мінскай вобласці.
Замест стужкі сацсетак – новая паездка
Гадзінамі «заліпаць» над гламурнымі фота ў Інстаграм або змагацца ў «танчыкі» – для Антаніны і яе каманды заняткі смешныя. Замест пустога баўлення часу ў сацсетках яны лічаць за лепшае лішні раз парэпеціраваць спектакль або арганізаваць новую паездку. Дарэчы, паколькі дзейнасць Smile Rangers абсалютна дабрачынная, ім прыходзіцца самастойна знаходзіць сродкі на тое, каб пашыць касцюмы для прадстаўлення, купіць усё, што трэба, для заняткаў з дзецьмі (дапамагаюць родзічы і проста неабыякавыя людзі). А рэпеціраваць даводзіцца дзе заўгодна: у кафэ, парку, у арт-прасторах...
У кожнага з удзельнікаў свае прычыны, чаму яны вырашылі далучыцца да каманды. Юлія рана пазбавілася мамы. І хаця жыла з бабуляй, але вельмі не хапала цяпла. Таму цяпер ёй хочацца сагрэць дзетак, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Далучыла да дапамогі ўсю сваю сям'ю. Муж дапамагае з перавозкай рэквізіту, а дзеці на прадстаўленнях майструюць фігуркі з шароў і дораць выхаванцам прытулку.
Валанцёр Оля шчыра прызнаецца, што крыху эгаістычная па натуры і наўрад ці б рашылася на такую авантуру. Але ў падлеткавым узросце ёй самой давялося пабываць на месцы дзіцяці, якое доўга хварэе. У бальніцы адчувала сябе адрэзанай ад паўнавартаснага жыцця. Здавалася, што за сценамі бальніцы яе смутак нікому не цікавы. А вярнуць веру ў лепшае якраз і дапамаглі валанцёры, якія пачалі прыходзіць у аддзяленне і адцягваць увагу ад сумных думак. Удзячнае пачуццё за тое, што атрымала, было такім моцным, што Оля вырашыла, што абавязана вярнуць гэты «доўг» і іншым дзецям.
Праца не для «падабаек»
Нягледзячы на тое, што смехатэрапія звязаная з пазітыўнымі эмоцыямі, часцяком валанцёрам даводзіцца цяжка.
Як стаць валанцёрам Smile Rangers?
Далучыцца да Smile Rangers могуць усе жадаючыя. Каманда прадстаўленая ва ўсіх сацсетках і заўсёды гатовая да супрацоўніцтва.
Smile Rangers сябруюць з падобнымі камандамі валанцёраў з Літвы і Італіі. Часам замежныя калегі далучаюцца да паездак. У планах беларускіх валанцёраў – пашыраць геаграфію сваіх паездак. У тым ліку гатовыя навучаць неабыякавых людзей з абласцей.
Больш падрабязна пра смехатэрапію і пра тое, ці сапраўды яна дапамагае змагацца з хваробамі, чытайце ў наступным матэрыяле.
Фота – Аксаны Жураўлёвай і з архіва Smile Rangers.