На 1,5 мільёна жанчын ва ўзросце 65 гадоў у Беларусі застаецца прыкладна 300 тысяч аднагодкаў-мужчын.
Колькасць выпадкаў смерці сярод мужчынскага насельніцтва ва ўзросце 45+ у два разы большая, чым да адзнакі ў 45 гадоў, панаракала ў размове з журналістам Слушна кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.
Звёны аднаго ланцуга. Асноўныя прычыны смяротнасці сярод мужчын
Самымі частымі прычынамі смерці мужчынскага насельніцтва з'яўляюцца захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, траўмы і атручэнні. Паміраюць беларускія мужчыны і ад анкалагічных хваробаў, прычым самыя частыя лакалізацыі новаўтварэнняў – рак прастаты, лёгкага і кішэчніка. Рэгіструецца вялікі працэнт самагубстваў, якія часта адбываюцца на глебе злоўжывання алкаголем.
Хваробы сэрца і сасудаў не ўзнікаюць ніадкуль. Шмат у чым іх прычына крыецца ў ладзе жыцця: шкодныя звычкі, недахоп фізічнай нагрузкі, няправільнае харчаванне, лішняя вага і атлусценне. І няхай да пары яны ніяк не абзываюцца, вынік заканамерны – развіццё метабалічных парушэнняў, якія «цягнуць» за сабой дысліпідэмію (парушэнне ліпіднага абмену), цукровы дыябет 2 тыпу, артэрыяльную гіпертэнзію, праблемы з функцыяй апорна-рухальнага апарата.
Эксперт патлумачыла, што мужчыны рэдка звязваюць праблемы ў сэксуальным жыцці з лішняй вагой і атлусценнем.
Але нічога не бывае проста так. Калі парушаецца эндатэлій (сценка) перыферычных сасудаў, узнікаюць праблемы з патэнцыяй. Прызнацца сабе ў гэтым, як правіла, мужчыны не могуць і звяртаюцца да спецыялістаў, калі дапамога часта ўжо запазнілася. Адсюль – дэпрэсія, якая можа запусціць працэсы развіцця анкалагічных і кардыялагічных хваробаў.
Ужо з 35 гадоў у мужчын пачынае зніжацца ўзровень гармону тэстастэрону, і гэта натуральны працэс. Разам з тым, зніжэнне ўзроўню гэтага гармону прыводзіць да збояў у працы сардэчна-сасудзістай сістэмы, рэпрадуктыўнай функцыі, памяншаецца цягавітасць арганізма ў цэлым, павышаецца стамляльнасць. Працэс гэты паскараецца, калі ў мужчыны ёсць дадатковыя рызыкі: няправільнае харчаванне, атлусценне, курэнне і гіпадынамія.
Свой сумны ўнёсак робіць і алкаголь. Практычна кожная сустрэча з сябрамі або застолле па традыцыі суправаджаюцца ўжываннем спіртных напояў, адзначае спецыяліст. Дарэчы, часцяком мужчыны лічаць, што піва бяскрыўднае. Але яно прыводзіць да таго, што ў аматараў гэтага напою расце дэпо абдамінальнага тлушчу (піўны жывот).
Справа ў тым, што ў піве ўтрымліваюцца так званыя фітаэстрагены – аналагі жаночых палавых гармонаў. Менавіта таму постаць «прыхільнікаў» гэтага хмельнага напою нярэдка прымае жанчынападобныя рысы.
Не варта забывацца і пра яшчэ адзін фактар – выхад на пенсію. Для многіх гэта – мяжа, рыса, за якой абсалютна не зразумела, як жыць і што рабіць далей: у прафесійным плане ён сябе рэалізаваў, а дзеці выраслі. Для многіх выхад на пенсію – не новы этап у жыцці, а трагедыя, лічыць спецыяліст.
Мужчына ў групе рызыкі
Хто такі мужчына ў групе рызыкі развіцця неспрыяльных наступстваў для здароўя? Людміла Жылевіч для нашых чытачоў вывела наступную формулу:
- калі вам 45 і вы мужчына – вы ўжо ў групе рызыкі;
- калі вы адзінокія – рызыка значна павялічваецца. У адзінокіх мужчын у сталым узросце значна ўзрастае верагоднасць заўчаснай смерці;
- калі ў вас да ўсяго пералічанага яшчэ і высокі ўзровень халестэрыну і цукру ў крыві – рызыка павялічваецца шматкроць.
Зрэшты, вельмі шмат залежыць ад паводніцкага фактару, упэўненая Людміла Жылевіч, і мяняць свае звычкі ніколі не позна.
Высветліць, што неабходна зрабіць, каб значна зменшыць смяротнасць сярод беларускіх мужчын, закліканая ініцыятыва «Самы час!». У цэнтры ўвагі – беларусы ва ўзросце 45+ Мінскай вобласці.
Было праведзенае сацыялагічнае даследаванне, накіраванае на вывучэнне мадэлі паводзінаў мужчын 45+. Яго вынікі паказалі, што клопат пра сваё здароўе, змена дзейнасці або працы, набыццё новых навыкаў – далёка не ў ліку першых жыццёвых прыярытэтаў мужчынскага насельніцтва гэтай узроставай катэгорыі.
Пра вынікі даследавання чытайце ў нашым наступным матэрыяле.