Напрыканцы мінулага года беларускія нарколагі голасна забілі трывогу: тэрыторыю краіны захліснула хваля снюсаў. Так называюцца некурыльныя тытунёвыя сумесі, якія цалкам легальна можна купіць у спецыялізаваных стацыянарных гандлёвых кропках і ў інтэрнэт-крамах. Прадаўцы пазіцыянуюць іх як аналаг звычайных «дымных» цыгарэт на той выпадак, калі паліць нельга, але вельмі хочацца.
Праблема ў тым, што сітуацыя вакол снюсаў, на думку спецыялістаў, моцна нагадвае падзеі, звязаныя са з'яўленнем спайсаў. Небяспечнаму наркотыку спачатку таксама не надавалі асаблівага значэння. Праўда, спахапіліся хутка. Спайсы афіцыйна прызналі псіхаактыўным рэчывам і забаранілі, іх вытворчасць і распаўсюджванне крымінальна каральныя. Снюсы пакуль вольна гуляюць па краіне. Верагодна, таму, што наступствы іх ужывання не гэтак відавочныя.
Што хаваецца пад словам «снюсы», чым небяспечнае іх ужыванне і які «пажар» можа разгарэцца ў літаральным сэнсе без агню і дыму, журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ад загадчыцы падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Людмілы Шпакоўскай.
Няма дыму – няма праблемаў?
Снюс – бяздымны тытунь, г.зн. прызначаны не для курэння, а для жавання. Тытунь з'яўляецца ключавым інгрэдыентам снюсаў. За кошт дадання вады ён злёгку ўвільготнены. Таксама ў сумесі дадаюць у якасці кансервантаў соль (часам цукар), соду і сінтэтычныя араматызатары для надання асаблівага смаку (напрыклад, ментолу, ванілі, шакаладу і г.д.). Найбольшай папулярнасцю карыстаецца бяздымны тытунь, расфасаваны ў дробныя парцыённыя пакуначкі, якія пры ўжыванні закладваюцца паміж губой і дзясной.
Радзімай снюсу называюць Швецыю. Ва ўсякім выпадку, там ён вядомы з сярэдзіны XVII стагоддзя і карыстаецца папулярнасцю менавіта як аналаг «дымнага» тытунекурэння. І шведы, мабыць, адзіныя, хто на працягу стагоддзяў захоўвае вернасць «нацыянальнаму прадукту». Бо на сёння антытытунёвае заканадаўства іншых краінаў Еўрасаюза і Расіі афіцыйна забараняе ўвоз і продаж снюсаў.
Дык што ж такога страшнага ў гэтым жавальным тытуні, калі стаўленне да іншых тытунёвых вырабаў (традыцыйных цыгарэт, напрыклад) хаця і перажывае пэўныя змены пад уплывам прапаганды здаровага ладу жыцця, але ўсё ж такі застаецца больш-менш лаяльным?
У адной цыгарэце доза нікаціну складае ў сярэднім 6-8 мг, у самых моцных марках – да 15 мг на 1 г тытуню. У пакуначку снюсу ўтрыманне нікаціну дасягае каля 70 мг на 1 г тытуню.
Згубны ўплыў нікаціну на арганізм чалавека даўно і падрабязна вывучаны і не патрабуе дадатковых доказаў. Адпаведна, ўжыванне снюсаў цягне за сабой не толькі развіццё стойкай залежнасці, але і любыя фізічныя наступствы: ад павышэння артэрыяльнага ціску да ішэмічнай хваробы сэрца і нават анафілактычнага шоку з прычыны магутнай рэакцыі арганізма на сінтэтычныя араматызатары, якія ўваходзяць у склад тытунёвых сумесяў.
Але і гэта яшчэ не ўсё.
І ўжо зусім дакладна снюсы не дапамагаюць кінуць паліць. Хутчэй, наадварот. Па дадзеных аднаго з даследаванняў, падлеткі і маладыя людзі, якія ўпершыню пазнаёміліся з тытунём пры выкарыстанні снюсаў, на працягу чатырох бліжэйшых гадоў пачыналі паліць звычайныя цыгарэты.
Не жуй тытунь – не вырасцеш
Як і ў выпадку са спайсамі, асноўнымі спажыўцамі снюсаў у нашай краіне з'яўляюцца моладзь і падлеткі ад 14 да 25 гадоў.
Дзеянне нікаціну і рэчываў, якія ўваходзяць у склад некурыльных тытунёвых сумесяў, на арганізм, які расце, вельмі негатыўнае:
- выклікае спыненне росту;
- парушае кагнітыўныя функцыі: пагаршае памяць, зніжае разумовую працаздольнасць і інтэлектуальныя працэсы засваення інфармацыі, яе аналізу, абагульнення і г.д.;
- зніжае фізічную цягавітасць;
- аслабляе ахоўныя сілы арганізма, падлетак робіцца больш хваравітым;
- негатыўна ўплывае на псіхіку і эмацыянальную лабільнасць: стан падлетка можа за кароткі прамежак часу змяняцца ад высокай ступені ўзбуджэння, якое нагадвае наркатычнае ап'яненне, да агрэсіі, заканчвацца апатыяй, пасіўнасцю і г.д.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!