Ужо які дзень у галаве круціцца то адно, то другое, пачутае падчас гутаркі з беларуска-расійскім герантолагам Кірылам Прашчаевым.
Сам матэрыял чакае сваёй чаргі на напісанне. А вось думкі ўсё не даюць спакою. Як сказаць па-простаму, дык «калбасіць». Таму пішу тут, у блогу.
У спадзяванні атрымаць водгукі на публікацыю на нашых старонках інфармацыйнага партала «Слушна» – у ФБ, «УКантакце».
Вы ж падзеліцеся сваімі думкамі і меркаваннямі, сябры?! Наконт ролі солі і цукру ў нашым жыцці? А таксама ўласным досведам іх спажывання альбо… выгнання са свайго жытла. 🙂
Прыгадваючы ўласнае савецкае дзяцінства, найперш узгадваю, як сярод іншага бацькі-філолагі турбаваліся пра нашае з братам агульнае развіццё. Да гэтага часу памятаецца выпісанае дзіцячым почыркам (праўда, па-руску): «Адлегласць ад Сонца да Месяца 150 мільёнаў кіламетраў». Альбо такое, актуальнае: «Соль і цукар – гэта белая смерць».
Але і соль, і цукар у нашым доме меліся. І гэта быў той час, калі, нягледзячы на ўсе папярэджанні, якраз-такі спажыванне яго не абмяжоўвалі. Прынамсі, у нашай сям’і і ў сем’ях маіх шматлікіх аднагодкаў, аднакласнікаў.
Свае першыя 9 гадоў, як прыгадвала ўжо не раз, я з бацькамі, братам і бабуляй Ксеніяй пражыла ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна. Цукеркі былі тады дзівам дзіўным, халва ў бляшанцы – яшчэ большай рэдкасцю. І мы «даганяліся» чым? Правільна, цукрам! 🙂
Па-першае, так бы мовіць, афіцыйнае частаванне з рук бабулі было (а затым гатавалася самастойна) – батон, змочаны вадой і пасыпаны цукрам. Эх, смаката па тым часе! Ну прызнайцеся, што хтосьці з вас таксама гэта памятае!
Па-другое, маёй пяшчотнай любоўю ва ўзросце 5-6 гадоў (і я добра памятаю сябе такую) была аранжавая цукроўніца-цукарніца, звычайна насыпаная да краёў (чамусьці ў ёй зараз захоўваецца буйная соль, парадокс!). Ну, да таго часу насыпаная, пакуль мне ў рукі не трапляла. І як бы мяне ні ўшчувалі, як бы ні сварыліся і не спрабавалі падлавіць… Ну не хапала мне тады трох лыжачак цукру ў гарбаце! 🙂
Добра памятаецца такі выпадак. У госці прыехаў з Магілёва дзядзька Лёша, мамін брат. Седзячы на печцы, ён чытаў нам з братам кніжку. У пэўны момант я з незалежным выглядам выйшла з дзіцячай спальні ў залу. Ага, для поўнага шчасця мне цукру не хапала. 🙂
І раптам… Голас дзядзькі замаўкае, я чую, як ён з печкі гопае на падлогу… Ну, дзядзька Лёша! Хіба ж падловіш, калі ўсё робіш так павольна?! Да таго часу, як ён зрабіў пару крокаў і апынуўся ў зале, я з тым жа незалежным выглядам нюхала жоўтыя «коцікі», якія стаялі ў вазе на падлозе.
Не ўбачыўшы нічога благога, але разумеючы, што справа ўсё ж нячыстая, для прафілактыкі дзядзька Лёша трасе пальцам перад маім носам і забірае да сябе на печку. Чытанне казкі працягваецца…
Яшчэ на пачатку 2000-х 2-3 лыжачкі цукру ў гарбату, а найчасцей – у каву заставаліся маёй нормай. І колькі ж тых кубачкаў было выпіта-перапіта падчас 13 гадоў працы ў чэрвеньскай рэдакцыі раённай газеты! Гэта ж колькі я цукру з’ела! Бр-р-р-р-р-р…
Калі, у які час, а галоўнае – чаму прыйшло ўсведамленне, што колькасць цукру ўсё ж трэба зніжаць, ужо і не ўзгадаю. Але, здаецца, шмат гадоў гэта ўжо нават не лыжачка на вялікі кубак, а палова лыжачкі. Магу зусім без цукру, але нясмачна. А хтосьці ў нас і ад трох лыжачак да гэтага часу не адмовіўся. 🙂 А я цяпер той напой і пакаштаваць нават не магу.
… Размаўляючы з Кірылам Прашчаевым пра асаблівасці харчавання, згодна ківаю галавой на дастатковае спажыванне кісламалочных прадуктаў, свежай гародніны і садавіны… Так, можна, трэба і варта змяніць свае прывычкі… Але што я чую далей?!
«У нашых хатах не павінна быць дзвюх рэчаў, – кажа мой суразмоўца. – Гэта солі і цукру. У мяне іх і няма».
Ба-бах! Выбух, феерверк! Гэта мая першая рэакцыя. 🙂
– Як – без солі?! А суп??? Ды яго без солі не з’ясі зусім!!!
– Ну і добра, значыць, меней з’ясце… Трэба шукаць штосьці іншае…
– Прыправы?! (гэта ўжо я з надзеяй).
– Можна і прыправы.
Ага, разважаю сама сабе. Прыправы – таксама хітрая рэч. Гэта ж яны павінны быць, вядома, самі без солі, без глутамату натрыю… Плавалі, ведаем! А ты яшчэ знайдзі такія ў нашай цьмутаракані. І нават калі на пакеце будуць усе неабходныя пазнакі… Прабачце, але я – чалавек недаверлівы. А як простаму спажыўцу праверыць, што іх там сапраўды няма?! Бо можна ж змяняць быка на індыка…
Пасля гэтай размовы прайшло ўжо некалькі дзён. І на чым я сябе лаўлю на кухні? Што стараюся ежу… як мага меней саліць падчас прыгатавання. Маўляў, гэта можна з’есці і недасоленым. І гэта таксама… Зрэшты, у мяне ўжо здаўна прывычка не падсаліваць прыгатаваную і пададзеную ежу. Нідзе і ніколі.
І ўсё ж… Усё ж за соль ці не ва ўсе часы людзі былі гатовыя аддаць што заўгодна. У тым ліку і падчас вайны. Мне ў сувязі з гэтым прыгадваецца кніжка Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якая ў дзяцінстве зрабіла на нас з братам незабыўнае ўражанне… Значыць, не маглі без солі людзі зусім.
Зрэшты, працяг тлумачэння, чаму солі і цукру не павінна быць у хаце, ведаеце? Бо яны ў дастатковай колькасці ўтрымліваюцца ў тых прадуктах харчавання, якія мы набываем у крамах. Норма ёсць! Арганізм не церпіць ад недахопу. Атрымліваецца, гэта усё – сапраўды толькі нашыя прывычкі?!
А як вы мяркуеце, шаноўныя сябры? Якія ў вас стасункі з соллю і цукрам? Вы гатовыя паказаць ім на дзверы?! 🙂