Site icon Слушна

Сонечная казачка + аўдыё

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/03/Sonechnaya-kazka.mp3?_=1

 

Аднойчы Сонейка, напрацаваўшыся за доўгі летні дзень да знямогі, сабралося ісці на адпачынак. Зірнула задаволена на абагрэтую зямлю – уся гаспадарка дагледжана. Соладка пацягнулася і рушыла па небасхілу да вялікай гары, што ля возера. Кацілася-кацілася і раптам аж войкнула ад болю.

Што такое? Ды гэта ж зноў праменьчыкі заблыталіся ў галінках дрэў ( дзяўчаткі,  якія маюць доўгія валасы, добра ведаюць, як гэта балюча). Тузанулася Сонейка раз-другі – безвынікова. Счакаўшы хвілінку, клікнула:

— А ну, малеча, хуценька да мяне! – Ды дзе там! Праменьчыкі яшчэ больш развесяліліся – сплялі арэлі з гнуткіх  травінак ды дывай гушкацца, а іншыя ў сонечных зайчыкаў гуляюць, трэція карагодам вакол сунічнай палянкі  пусціліся.

Сонейку спаць ахвота, пазяхае, пацягваецца. Так, здаецца, і заснула б проста на небе. Але ж нельга: у сне сонца становіцца яшчэ больш гарачым – так і спапяліць зямлю нядоўга. Да таго ж сярпок месяца ўжо засвяціўся, яшчэ некалькі хвілінак – і зоркі зазіхацяць.

Сонейка і месяц

Што ж гэта будзе, калі людзі адразу ўсе свяцілы на небе ўбачаць – перапалохаюцца, замітусяцца, будуць зноў канец света прадказваць. Іх гвалт і лямант не дасць ні хвілінкі супакою. Паразважаўшы гэтак, Сонейка зноў памкнулася рушыць далей – і ні з месца!

Ну, тут ужо ніякага цярпення не хапае! Усердзілася Сонейка, схапіла сярпок  месяца, ды – жах  па сваім промням-валасам – і кінула іх у возера, а само хуценька за гару кульнулася і адразу ж заснула.

А возера аж заіскрылася. Забурліла вадзіца, водарасці імгненна ў рост пайшлі, а рыбы такую свістапляску ўсчынілі, што з вады ледзь не пад аблокі падскокваюць. Яно і зразумела – жывую сілу сонечныя  промні маюць.

Мяне завуць Лахнэска (казка)

Назаўтра Сонейка прачнулася рана-рана, а як жа – гэтулькі турбот – і спешна рушыла па нябеснаму шляху над возерам. Летні дзень пачынаецца, тут няма калі марудзіць. Але ўсе ж на адно толькі імгненне кінула вокам на возера, бы ў люстэрка…

…А вой! Ні праменьчыка! Сорам які!

— Я ж лысае!..— Сонца залілося чырванню і – бачком-бачком – схавалася за бліжэйшую хмарку. Але ў хмарак свае справы – гэтая якраз дождж некуды нясе. Нельга іх затрымліваць. Што ж рабіць, як людзям на вочы паказацца?

Промні, канечне ж, часам дакучаюць – ніколі не сабраць іх у пару. Але ж у іх – уся яго краса. Ды і памагатыя добрыя – у кожную шчылінку прасочацца, кожнаму зярнятку пяшчоту сонейка данясуць. А што непаслухмянікі ды гарэзы – дык што ж ты зробіш…

А тут ужо і людзі на зямлі прачнуліся-заварушыліся. Са здзіўленнем у неба паглядаюць. Сонца лысае ды чырвонае – што за прыгода такая? Чаго чакаць ад такога сонца?

Як зайка Шустрык вясну сустракаў? (казка)

Кінуліся будзіць старую бабулю-знахарку – яна зёлкі розныя ведае, можа, і пра сонца што скажа. Пакуль яны да бабулі ў хату, Сонейка хуценька бух у возера. Яно нават не чакала такой удачы – промні шусь на сваё месца! Ведама ж, нябесныя жыхары, пазабаўляліся трошкі ў вадзіцы і досыць. Вынырнула Сонейка, падскочыла, па небе пакацілася. Светлае, прыгожае, промні жменяй рассыпае вакол.

Бабуля-знахарка выйшла з хаты, пастаяла, паглядзела: усё як мае быць. – З чаго сыр-бор учынілі? Ідзіце, людцы, працуйце. Няма з-за чаго турбавацца.

З тых пор гэтая гісторыя час ад часу паўтараецца, бо Сонца ужо многа мільёнаў гадоў сагравае нашу зямлю.

А вада ў тым возеры, куды сонца кідае свае валасы-промні, так і засталася жывой вадой. Можа, хто-небудзь з вас яго і адшукае. Прыгледзьцеся, за якой гарой па-над возерам сонца спаць кладзецца.

Exit mobile version